Бі Бі Кінгу 86 гадоў. Ніхто дакладна ніколі не памятаў, калі ён нарадзіўся, а шмат хто і ўвогуле быў упэўнены — гадоў дзесяць як блюзмэна няма. А не — адразу, як толькі пра яго існаванне забывалі, ён запісваў што-небудзь такое, што ўсе адразу ўзгадвалі — вось ён, Бі Бі Кінг. Ягоныя паплечнікі збольшага ўжо паўміралі — хто яшчэ ў саракавых, хто цягам апошніх дваццаці гадоў. Пасляваенны электрычны блюз, класікам якога з’яўляецца Райлі Бі Кінг (Бі Бі — мянушка, у якой штук дзесяць расшыфровак), быў не надта папулярным першыя дваццаць гадоў. Бі Бі Кінг быў адным з нешматлікіх прадстаўнікоў жанра, якія дабіліся папулярнасці, што ў выпадку з блюзмэнамі значыць літаральна наступнае: калі ён граў на разагрэве ў англійскіх гуртоў кшталту Cream ці Rolling Stones, удзячныя гледачы нават не зганялі яго са сцэны.

Цяпер жа Бі Бі Кінг сябар усім — пасля 15 000 канцэртаў, якія ён даў за жыццё, можа дазволіць сабе раз на некалькі гадоў паіграць блюз з сябрамі, такімі як Эрык Клэптан, Джулз Холанд, альбо Вэн Морысан. Ён жа лічыцца самым лепшым жывым гітарыстам у свеце (у поўным спісе часопіса Rolling Stone Кінг займае 3 пазіцыю з 100 у спісе «Найлепшых гітарыстаў у гісторыі»).

І блюз Бі Бі Кінга, цяпер, калі палова рок-музыкантаў стаіць у чарзе на выхад на сцэну з маэстра, гучыць гэтаксама, як і тады, калі гітара з жаночым імём Люсіль ледзьве магла пракарміць яго і ягоную сям’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?