Беларуская ваенная пракуратура адмовіла РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) у распачынанні крымінальнай справы па факце заявы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава аб катаваннях, што прымяняліся да яго ў следчым ізалятары КДБ.

Як паведамляў БелаПАН, праваабаронцы прасілі ваенную пракуратуру правесці праверку заявы Саннікава і распачаць крымінальную справу па прыкметах артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і прымяненне насілля асобамі ў афіцыйным статусе; прыцягнуць да адказнасці вінаватых і паведаміць аб выніках праверкі.

Як вынікае з адказу следчага па важнейшых справах следчага аддзела ваеннай пракуратуры Андрэя Халімава, у распачынанні крымінальнай справы адмоўлена з-за адсутнасці складу злачынства, паведамляе БХК.

Што да матэрыялаў праверкі па факце заявы Саннікава, то яны з’яўляюцца сакрэтнымі ў сувязі з наяўнасцю ў іх «звестак, якія складаюць тайну, што ахоўваецца дзейным заканадаўствам «, інфармуе следчы.

Каментуючы сітуацыю, старшыня БХК Алег Гулак заявіў: «Такі адказ нас не можа задаволіць. З яго не бачна, наколькі сур’ёзна ажыццяўлялася праверка, што было ўстаноўлена ў ходзе яе і да якіх высноў прыйшло следства».

Акрамя таго, паводле слоў Гулака, БХК «не задавальняе тое, што, на думку следчага Халімава, матэрыялы праверкі з’яўляюцца сакрэтнымі». «Згодна з беларускім заканадаўствам „не могуць быць абмежаваны доступ да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне інфармацыі: аб правах, свабодах і законных інтарэсах фізічных асоб; аб стане злачыннасці, а таксама аб фактах парушэння законнасці“ (артыкул 16 Закона аб інфармацыі). БХК будзе дабівацца доступу да інфармацыі аб выніках гэтай праверкі», — заявіў кіраўнік праваабарончай арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?