За студзень-ліпень 2011 года замежнагандлёвае сальда застаецца ад’емным у памеры 2,6 млрд даляраў. Аднак гэта наступства правальных першых месяцаў. А вось у ліпені сальда склалася рэкордна плюсавым — аж на 380 млн даляраў.

Варта адзначыць, што гэта было яшчэ пры курсе чорнага рынку 6000–6500. Можна чакаць, што ў жніўні і верасні, калі курс узляцеў да 8000–9000 сальда стане яшчэ больш плюсавым. Гэта азначае, што раўнаважкі курс можа аказацца блізкім да ліпеньскага значэння: 6000.
Цікава, пасля вызвалення курса ў мінскіх абменніках назіраецца дэфіцыт… беларускіх рублёў.
Людзі масава здаюць валюту па рынкавым курсе, а вось купляць па ім — мала хто мае грошы. Цяжка сказаць, ці такая тэндэнцыя захаваецца ў 20-х дня верасня, пасля здачы суб'ектамі гаспадарання падаткаў. У папярэднія месяцы гэты фактар таксама ўплываў на рынак наяўнай валюты.

* * *

Трэці дзень дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы у чарговы раз засведчыў умацаванне рубля. Цяпер курс даляра складае 8480 рублёў. Учора ён быў на ўзроўні 8500 рублёў, а ў першы дзень сесіі — 8600.
Аб’ём таргоў склаў усяго $27 мільёнаў.

Расійскі рубель на дадатковай сесіі — 294 рубля, а еўра — 12140.

Тым часам афіцыйны курс даляра складае ўсяго 5375 рублёў, а еўра — 7414 рублёў.

* * *

Стратэгія, абраная Нацбанкам, дазваляе кантраляваць курс у запланаваных рамках. Дзякуючы ёй, попыт насельніцтва на валюту нельга назваць ажыятажным. Далучаючы прапагандысцкі эфект дзяржаўных СМІ, улады спрабуюць супакоіць напружаную сітуацыю ў краіне.

Аднак нізкія аб'ёмы таргоў прымушаюць задумацца.
Нагадаем, у першы ж дзень попыт на валюту складаў $57 мільёнаў. Дзе цяпер апынуліся гэтыя незадаволеныя заяўкі? Яны мусілі аўтаматычна перайсці на наступныя сесіі, але зараз яны не разглядаюцца.

Спецыялісты ацэньвалі адкладзены попыт на валюту ў $2,5-3 мільярда. Вядома ж,

даволі высокі курс даляра адсеяў частку ахвотных, але за першыя тры дні юрасобы не купілі і $40 мільёнаў.
Што да замежнага гандлю, то статыстыка яго склалася наступная.

У цэлым экспарт за сем месяцаў склаў 24,9 млрд долараў (на 57,4% больш, чым летась), імпарт — 27,6 млрд. даляраў (на 46,6% больш). Пра гэта паведамляе Белстат.

У тым ліку аб’ём знешняга гандлю таварамі за студзень-ліпень 2011 года склаў 48,2 млрд даляраў (экспарт — 21,9 млрд даляраў, імпарт — 26,3 млрд даляраў). Вартасны аб’ём экспарту ў параўнанні са студзенем-ліпенем 2010 г. павялічыўся на 65%, або на 8,6 млрд даляраў, імпарту — на 50,1%, або на 8,8 млрд даляраў.

Павелічэнне вартасных аб’ёмаў экспарту і імпарту тавараў у студзені-ліпені абумоўлена ростам як сярэдніх цэн, так і фізічных аб’ёмаў паставак.

Беларусь стала прадаваць больш седлавых цягачоў (у 3,4 разу больш, у колькасці), грузавых аўтамабіляў (у 1,7 разу), трактараў і нафтапрадуктаў (у 1,6 разу па кожным з тавараў), неапрацаваных лесаматэрыялаў (на 29,2%), мяса і мясных субпрадуктаў (на 25,9%). Аднавіліся пастаўкі на замежны рынак нафты.

Найбольш прыкметнае павышэнне сярэдніх цэн экспарту ў студзені-ліпені бягучага года зафіксавана на азотныя ўгнаенні (у 1,9 разу), шыны (у 1,6 разу), драўнянавалакністыя пліты (на 41,3%), капралактам (на 40,4%) і нафтапрадукты (на 38,7%).

Па імпарце істотна ўзраслі закупкі нафтапрадуктаў (у 3,3 разу — з прычыны таго, што ў пачатку 2010-га з іх пастаўкі прыпыняліся), легкавых аўтамабіляў (у 2,1 разу — аўтабум першай паловы года), рухавікоў унутранага згарання (у 1,7 разу — у сувязі з ростам вытворчасці аўтамабіляў), нафты (на 46,3%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?