У ноч на 12 верасня ў адным з прыватных дамоў Вілейкі 35-гадовая віляйчанка падрапала твар участковаму міліцыянеру, а ў гэты час яе 59-гадовая маці біла вартавога парадку рукамі па галаве.

Здарэнне адбылося апоўначы. 59-гадовая гаспадыня дома пазваніла па тэлефоне 102 і заявіла: «Сужытнік дачкі ўчыніў скандал, таму няхай прыедзе наш участковы міліцыянер і разбярэцца з ім».

Міліцыянера, які абслугоўвае гэты ўчастак, на рабоце не было, таму па адрасе на патрульнай машыне выехаў дзяжурны ўчастковы. П’яную гаспадыню і яе дачку не задаволіў прыезд іншага ўчастковага.

Калі міліцыянер усё ж прапанаваў разабрацца са скандалам, які ўчыніў сужытнік, жанчыны пачалі біць яго рукамі па галаве, а дачка гаспадыні яшчэ і твар участковаму падрапала. Выратавалі свайго калегу ад раз’юшаных жанчын міліцыянеры патрульна-паставой службы, якія прывезлі яго на выклік.

На дэбашырак надзелі кайданкі і завезлі ў дзяжурную часць. Цяпер вырашаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы па артыкуле «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах да работніка міліцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?