19.01.2007 / 21:25

Мэсыдж Хрыстовага вучэньня 60

або Што супольнага паміж Калядамі і Божым Нараджэньнем? Піша Пётра Рудкоўскі.

або Што супольнага паміж Калядамі і Божым Нараджэньнем? Піша Пётра Рудкоўскі.

Неяк у другой палове сьнежня я досыць доўга лазіў па Віцебску, шукаючы якую паштоўку, на якой красаваўся б прыгожы беларускі надпіс «З Калядамі!» Ну і... так і не знайшоў. А выяўляецца, што прыкладна ў той самы час, калі я ўтрапёна шукаў паштоўку «З Калядамі!», хтосьці, рушаны матывам абараняць «чысьціню» хрысьціянскае веры, старанна заклейваў такі ж самы надпіс на сувэнірных пакунках з цукеркамі. «Каляды» паводле іх — подых паганства.

Апісаны Сяргеем Харэўскім (глядзіце «НН» №1’2007) факт заклейваньня надпісу «З Калядамі!» прадстаўнікамі пяцідзясятніцкай Царквы «Благодать Христа» выклікаў гаму эмоцыяў сярод чытачоў «Нашай Нівы» і спарадзіў цалкам натуральнае пытаньне: як быць з такімі фактамі?

Эмоцыі тут цалкам на месцы. Бо ёсьць нямала хрысьціянаў, якія намагаюцца стварыць такую формулу «быцьця сапраўдным хрысьціянінам», якая выключае шэраг пластоў беларускай народнай культуры як «паганскія». З другога боку, ёсьць таксама такія формулы «быцьця сапраўдным беларусам», якія скіраваны на элімінацыю хрысьціянскай рэлігіі зь беларускай культурнай прасторы. Абедзьве формулы, роўна ж як і адпаведныя стратэгіі іх ажыцьцяўленьня, грунтуюцца на нейкіх глыбокіх непаразуменьнях. Пастараюся ўнаявіць гэтыя непаразуменьні.

Так, гэта праўда, што «Каляды», гэтаксама як і «Купальле», «Дзяды», «Сёмуха» і інш. маюць дахрысьціянскае («паганскае») паходжаньне. Перад хрысьціянамі стаіць выбар: альбо радыкальна адмежавацца ад гэтых зьяваў, альбо шукаць спосабаў суіснаваньня. Што рабіць?

Ужо ад зараньня хрысьціянства гэтая праблема была на парадку дня. Хрыстовы апосталы, выконваючы загад Настаўніка: «Ідзіце і навучайце ўсе народы...» павінны былі неўзабаве сутыкнуцца з дылемай такога тыпу: ці абрэзваць паганцаў, ці не абрэзваць? ці павінны паганцы прымаць юдэйскія звычаі, ці не павінны? ці хрысьціянам можна есьці мяса, ахвяраванае паганскім багам, ці нельга?

Гэта толькі пачатак. Як толькі хрысьціянства ўвайшло ў вышэйшыя слаі грэцкага і рымскага насельніцтва, зьявіўся букет новых праблемаў: ці можна хрысьціянам чытаць Плятона, Арыстотэля, Гамэра, Віргілія, Цыцэрона? Як ставіцца да грэцкай культуры, паэзіі, філязофіі? Ці Сакрат і Хрыстос — гэта нешта ўзаемавыключальнае, ці наадварот, паміж імі глыбокая повязь?

Хрысьціянства ў той Хрыстова‑апостальскай вэрсіі ніколі не было фундамэнтальна варожым да прэ‑хрысьціянскіх культурных напластаваньняў.

І гісторыя дыскусіі вакол узаемаадносінаў хрысьціянскай веры і прэхрысьціянскай (або пара‑хрысьціянскай) культуры дасёньня не закончылася і будзе доўжыцца хіба да канца сьвету. Але важна тут засвоіць адну важную рэч: хрысьціянства ў той Хрыстова‑апостальскай вэрсіі ніколі не было фундамэнтальна варожым да прэ‑хрысьціянскіх культурных напластаваньняў. «Ня быць варожым» — гэта, канечне ж, не пазначае бескрытычнай акцэптацыі. Хрысьціянства было крытычным да шэрагу элемэнтаў напатканай культуры, напр., асуджала політэізм і зьвязаны з гэтым культ асобы імпэратара, асуджала распусту, разводы, звычай забіваньня дзяцей‑інвалідаў і многія іншыя рэчы. Але ў канчатковым пляне хрысьціяне ў стасунку да культуры «гэтага сьвету» зыходзілі са словаў Ісуса Хрыста: «Так Бог палюбіў гэты сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага...» Бог любіць гэты сьвет.

Ужо ў ІІ ст. нашае эры зьявілася пляяда вучоных хрысьціянаў (сьвятыя Ірынэй і Юстын, Атэнагор, Мінунцый Фэлікс, Ляктанцый), якія пачалі спалучаць Хрыстова вучэньне з грэцкай філязофіяй. Тое, што мы называем «хрысьціянскім багаслоўем» — гэта ж прадукт таго сынтэзу — Хрыстовага вучэньня і «паганскай» (!) філязофіі. Што праўда, былі таксама адасобленыя галасы, якія абурана ўскліквалі: «Ах, што супольнага паміж Афінамі і Ерусалімам?!», але яны так і засталіся адасобленымі.

І справа тут ня ў здрадзе Хрыстовай навуцы. Мы ня здраджваем Хрысту, працягваючы руку на знак згоды «Атэнам» (прэхрысьціянскай культуры) гэтаксама, як ня здраджваў Хрысту сьвяты Павал, калі заклікаў галятаў не рабіць абразаньня і не прымаць юдэйскіх звычаяў, а заставацца сабой, практыкаваць хрысьціянства ў кантэксьце сваёй культуры і згодна са сваімі звычаямі (гл.: Пасланьне да галятаў). «Да чаго можна параўнаць Валадарства Божае?» — рытарычна ў свой час пытаўся Ісус Хрыстос. І ў адказе на гэтае пытаньне параўнаў Божае Валадарства да фэрмэнту, «дрожджаў», якія ўкладваюцца ў цеста. І гэта сутнасьць хрысьціянства — быць фэрмэнтам у гэтым сьвеце і ў дадзенай культуры.

Паводзіны эвангелікаў з Царквы «Благодать Христа» разыходзяцца з гэтай ідэяй. Яны замест таго, каб пакласьці дрожджы ў цеста, вырашылі аддзяліць адно ад другога і старанна пільнаваць, каб, барані Бог, адно з другім не спаткалася. Рэлігія — асобна, а культура — асобна. Але мэсыдж Хрыстовага вучэньня іншы — рэлігія — гэта фэрмэнт культуры!

Дарагія браты эвангелікі! Дазвольце Хрысту ўвайсьці ў нашу культуру! Не забараняйце Яму быць там, дзе сьвяткуюцца Каляды, Дзяды, Купальле. Навучыце дзяцей цешыцца Калядамі, якія Сын Божы асьвяціў праз сваё нараджэньне і надаў ім глыбейшы сэнс. Бо гэта ж Яго місія — «несьці сьвятло паганцам».

Пётра Рудкоўскі

0
ЮРАСЬ / Адказаць
19.01.2007 / 23:03
Паганства будзе жыць вечна.А што яны заклейваюць слова "Каляды",дык гэта яны заклейваюць сабе вочы.
0
ABC / Адказаць
20.01.2007 / 04:35
@Юрась Вы прамахнуліся з артыкулам
0
Юрась Агрэст з Баранавічаў / Адказаць
20.01.2007 / 14:02
Я ўяўляю сабе, што сваім адказам магу наклікаць гнеў чытачоў, але паспрабую.Не хачу нікога крыўдзіць, ганьбаваць. Таму адразу прашу прабачэньня, спачатку ў паважанага сп. Пётры Рудкоўскага, а потым ува ўсіх чытачоў, калі закрану ў некага нацыянальныя пачуцьці. Я таксама сябра пяцідзесятніцкай царквы з Баранавічаў, і я таксама згодзен з тым, што мае браты і сёстры ў Хрысьце нарабілі нешта, шчыра кажучы, не тое. На мой погляд, значна прасьцей было б набыць іншыя цукеркі. Але... што зроблена, тое зроблена. І, наогул, гэта справа самое царквы і яе кіраўніцтва. І нічога антыбеларускага тут няма. “Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдвае іх.”(Да рымлянаў, 8:33) А вось адказу на пытаньне “Што супольнага паміж Калядамі і Божым Нараджэньнем?” у артыкуле сп. П.Рудкоўскага я ня ўбачыў. Адкажу чаму. Паважаны спадар Пётра, вы намагаецеся зрабіць “мяшанку” з хрысьціянства і паганства. Цягам усяго артыкула. Калі нехта рабіў спробы спалучыць хрысьціянства й нешта іншае(грэцкую філязофію і г.д.), то хрысьціянства ўжо не было тым хрысьціянтсвам, якое прапаведвалі Хрыстос і Апосталы. Бо ўся поўня хрысьціянства заключана ў Новым Запавеце. А калі вы ўважліва прачытаеце яго, і прачытаеце не розумам, а сэрцам, то ўбачыце, што Эвангельлю Ісуса Хрыста не патрэбны нейкія ўдакладненьні “грэцкіх філёзафаў”. Бо Госпад наш пакінуў “...нам усе патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці”(2Пётры, 1:3).Далей у сваім артыкуле вы прыводзіце наўспамін пасланьне ап.Паўлы да галятаў. Шчыра скажу, што як раз пра гэты выпадак расейцы кажуць “слышал звон, да не знает где он”(на жаль, ня ведаю беларускага адпаведніка, калі хто паведаміць – буду ўдзячны). Размова там ідзе пра збавеньне чалавечае душы ад пекла, бо нехта, ужо пасьля Паўлы, вучыў галятаў, што ня будуць збаўлены, калі не прымуць абразаньня!!! “Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.”(Да галятаў, 5:2). Што ж тычыцца асіміляцыяў культураў, то апосталу да гэтага ня было аніякай цікавасьці. Раю ўзяць Эвангельле і вельмі-вельмі ўважліва прачытаць, перадусім з малітваю перад чытаньнем. Напрыканцы вы пішаце: “Дазвольце Хрысту ўвайсьці ў нашу культуру! Не забараняйце Яму быць там, дзе сьвяткуюцца Каляды, Дзяды, Купальле. Навучыце дзяцей цешыцца Каялядамі, якія Сын Божы асьвяціў праз Сваё нараджэньне.....” Вы хаця ўяўляеце сабе што пішаце? Зраблю пераклад:”....не забараняйце Яму быць там, дзе сьвяткуюцца бесы, навучыце дзяцей цешыцца дэманам, якога...” Далей ня буду, бо баюся Бога. Калі ласка, пачакайце мяне абвінавачваць. Патлумачу. Што такое ці хто такі Каляда? Паганскае сьвята, так. Але калі глыбей? Цытую Густынскі летапіс ХII стагодзьдзя(мова адпаведна арыгіналу):”...Шестой – Коляда, которому празднік прескверный был 24 декабря. Сему бесу в память простой народ сходітся в навечеріе Рождества Хрістова, а поют песні некіе, в ніх же еслі о Рождестве Хрістовом напомінают, то Коляду беса велічают”. Густынскі летапіс пералічвае ўсіх багоў славян, “...якія па сутнасьці не багі...”(Да галятаў, 4:8), іхныя функцыі. Вось і атрымоўваецца, што сьвяткаваньне тых самых Калядаў ні што іншае, як сьветкаваньне таму самаму бесу Калядзе. А той самы абрад “калядаваньня”? І дзе там Хрыстос? А Яго там і побач няма! Бо “што супольнага ў сьвятла зь цемраю? Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам?”(Да карынфянаў, 6:14-15). Дык “што супольнага паміж Калядамі і Божым нараджэньнем?” Адказ: анічога, толькі ваш артыкул. Адмаўляючыся сьветкаваць “каляды”, я, як і астатнія вернікі-“эвангелікі”, не станаўлюся меньш беларусам ці хрысьціянінам, а якраз наадварот. Бо мы бачым будучыню нашае роднае краіны менавіта хрысьціянскаю, дзе няма месца рознага кшталту ідалам і паганскім сьвятам. І дзетак нашых вучым менавіта гэдак. Гэта прынцыпова! “Ня любіце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай: бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету гэтага. І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той хто выконвае волю Божую, жыве вечна.”(1 Яна, 2:15-17). Што ж тычыцца “увахода Хрыста ў беларускую культуру”, то Ён увайшоў у яе 1000 гадоў таму, а калі хто гэтага ня ўбачыў – вельмі шкада. І адлюстраваньне гэтага “увахода” яскрава бачылася цягам усяго “Залатога веку Беларусі”. Бо менавіта гэты “уваход” і прыняцьце чыстага Хрыстовага вучэньня без рознага кшталту “удакладненьняў” зрабілі вялікі цуд з нашае краінаю. Мне вельмі шкада, што пакуль амаль што няма беларускамоўных эвангельскіх царквоў, але першаснай нашай справай мы бачым распаўсюд Добрай весткі Ісуса Хрыста. І распаўсюджваем яе на той мове, на якой нас прагнуць слухаць. На жаль, гэта пакуль што з большага расейская мова Зь вялікаю павагаю да ўсіх чытачоў і пажаданьнем Божага дабраславеньня, Юрась з Баранавічаў.
Паказаць усе каментары/ 60 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру