Беларусь падпісала з Кітаем рамкавае пагадненне аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку. Бакі лічаць, што ён не саступіць па размаху Кітайска-сінгапурскаму індустрыяльнаму парку ў горадзе Суджоу.

Як паведамляе БелТА, подпісы пад дакументам паставілі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік і намеснік міністра камерцыі КНР Чжун Шань. У гэты ж дзень падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве па інвестыцыйным праекце Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. З беларускага боку дакумент падпісаў генеральны дырэктар ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрый Прадко, з кітайскага боку — прэзідэнт «Эксімбанка» Кітая Лі Жогу і прэзідэнт Кітайскай карпарацыі інжынірынгу САМС Ло Янь.

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы ў Доме ўрада з кітайскай парламенцкай дэлегацыяй на чале са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга адзначыў: «Мы ўскладаем вялікія надзеі на ствараны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк». Паводле яго словаў, гэта вельмі вялікі інфраструктурны праект — па маштабах вырашаных задач і аб’ёмах інвестыцый такіх аб’ектаў у свеце адзінкі. «Лічым, што з улікам нашай спецыфікі атрымаецца паўтарыць паспяховы вопыт Кітайска-сінгапурскага індустрыяльнага парку ў горадзе Суджоу», — сказаў кіраўнік урада Беларусі.

Як паведаміла АНТ, агульны кошт праекта складае больш за 30 мільярдаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?