У Львове (Украіна) пачало працу грамадскае аб’яднанне «Беларускі цэнтр». Яго ўзначаліў беларускі праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, які пасля масавых арыштаў апазіцыі ў снежні мінулага года вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер жыве ва Украіне.

Сіўчык паведаміў, што новая грамадская арганізацыя будзе «спрыяць аб’яднанню дэмакратычных сіл у барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а таксама наладжванню ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва».

Беларускі цэнтр працуе ў Львове некалькі дзён. Мы перадусім хочам наладзіць супрацоўніцтва з украінскімі палітыкамі, праводзіць культурныя і гістарычныя мерапрыемствы, каб львавяне ведалі праўду пра Беларусь», — сказаў Сіўчык. У прыватнасці, адзначыў ён, грамадская ўстанова мае намер расказваць пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, палітзняволеных, пра пераслед уладамі людзей за іх грамадзянскую пазіцыю.

«Ідэя стварыць Беларускі цэнтр з’явілася яшчэ летась пасля таго, як беларуская апазіцыя сумесна з прадстаўнікамі ўкраінскіх партый правяла дзясяткі розных акцый у падтрымку палітзняволеных», — паведаміў Сіўчык.

Паводле яго слоў, падобныя беларускія цэнтры плануецца стварыць яшчэ ў некалькіх украінскіх гарадах. «Хацелася б, каб тое, чым мы займаемся тут, дапамагала беларусам, тым людзям, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, якія яшчэ выходзяць на акцыі пратэсту. Усе акцыі, якія я тут арганізоўваю, скіраваны на Беларусь», — падкрэсліў Сіўчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?