За парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства гомельскія грамадскія актывісты Дзмітрый Шаўчэнка і Дзмітрый Карашкоў прыгавораны да адміністрацыйнага арышту на 15 і 3 сутак адпаведна. Такое рашэнне прыняў 19 верасня суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Анатоль Сотнікаў.

Шаўчэнку і Карашкова затрымалі 17 верасня за распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў аб запланаванай на 21 верасня акцыі маўклівага пратэсту. Супраць актывістаў на судзе сведчылі супрацоўнікі спецназа Васіль Бондар і Андрэй Купрыяновіч. Яны паказалі, што на рынку «Прудкоўскі» маладыя людзі распаўсюджвалі ўлёткі «з заклікам сабрацца на акцыю ў мэтах абмеркавання дзейнай улады».

Шаўчэнка і Карашкоў не адмаўлялі на судзе факт распаўсюджвання ўлётак, але адзначылі, што не заклікалі збірацца і тым больш абмяркоўваць уладу. Ва ўлётцы гаварылася аб маўклівай прагулцы, што не забаронена заканадаўствам.

Калі ў сведкі абвінавачання Івана Якімава суддзя спытала, што той зразумеў са зместу ўлёткі, якую яму на рынку далі актывісты, сведка адказаў: «Мне гэта неяк па барабану».

Прызнаўшы Шаўчэнку вінаватым, суддзя растлумачыў, што карае яго больш строга, таму што малады чалавек ужо прыцягваўся да адказнасці. У жніўні актывіста міліцыя затрымала на лецішчы, суд пакараў яго арыштам на трое сутак за тое, што, «знаходзячыся па адрасе пражывання, праз правайдара сеткі „УКантакце“ заклікаў грамадзян сабрацца да несанкцыянаванага збору для абмеркавання дзейнага ўрада».

Адразу пасля суда 19 верасня Шаўчэнка заявіў, што аб’яўляе галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?