Дырэктар рыбгаса «Грыцава» 33-гадовы Зміцер Бягун у ноч на суботу, 17 верасня, быў знойдзены мёртвым каля свайго службовага аўтамабіля на беразе вадаёма ў Грыцаве. Цела знайшоў супрацоўнік рыбгаса. Смерць была гвалтоўная.

На целе памерлага былі шматлікія пашкоджанні — пералом асновы чэрапа і абедзьвюх ног. Усе чатыры колы службовай машыны дырэктара рыбгаза былі прабітыя.

Паводле папярэдняй высновы медыцынскай судовай экспертызы, смерць пацярпелага магла наступіць ад вострай страты крыві і траўматычнага шоку, расказаў нашаму выданню медыцынскі судовы эксперт Міхаіл Скабей.

Дырэктар рыбгаса «Грыцава» Зміцер Бягун 22 студзеня 2007 года судом Маладзечанскага раёна быў прыгавораны да чатырох гадоў зняволення за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, злучанае з гвалтам і абразай пацярпелых, крадзеж, пагрозу расправіцца са сведкамі і падбухторванне сведкаў ілгаць на допытах.

Паводле праведзенага расследвання, дырэктар рыбгаса 28 жніўня 2006 года гумовай дубінкай збіў трох рыбакоў, якія прыйшлі парыбачыць на тэрыторыю «Грыцава». Гаспадарку Дзмітры Бягун узначальваў ад 2004 года.

На сёння, 19 верасня, злачынства не раскрытае. Крымінальная справа заведзеная па трэцяй частцы 147 артыкула Крымінальнага кодэкса — «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацярпелага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?