Такое меркаванне ў эфіры тэлепраграмы «Контуры» на АНТ выказаў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, які прадстаўляе бок абвінавачання.

«Пакуль працэс не скончыўся, аб матывах цяжка гаварыць. Але зыходзячы з даных матэрыялаў крымінальнай справы, з характарыстыкі асобы абвінавачаных, з характарыстыкі іх паводзін, а таксама з даных псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, адносна Канавалава я сказаў бы, што гэта чалавек, які не знайшоў свайго месца ў жыцці, з’яўляецца нікчэмнай асобай і вырашыў менавіта так праявіць сябе», — сказаў Аляксей Стук.

На яго думку, такі адзіночны тэрарызм больш небяспечны, чым тэрарызм па ідэйных перакананнях, у які ўцягнуты адпаведныя партыі, палітычныя плыні або групы асоб, паколькі на першапачатковым этапе цяжка ўявіць, хто мог учыніць гэта злачынства. Што датычыцца хуткага раскрыцця тэракта ў мінскай падземцы, то гэта стала магчымым дзякуючы аператыўнасці спецслужбаў. Таксама дапамаглі відэазапісы добрай якасці з камер нагляду, размешчаных у метрапалітэне і ў цэнтры горада.

Адказваючы на пытанне, чаму стала магчымым такое злачынства, намеснік генеральнага пракурора адзначыў, што ў трагедыі вінаваты ўсе. «Мы не ўдзяляем належнай увагі сваёй бяспецы. У гэтым выпадку ўстаноўлена, што асобы, якія сядзяць на лаве падсудных, прайшлі пэўны шлях па сваёй трэніроўцы, па вырабу выбуховых рэчываў, і ніхто не звяртаў на гэту ўвагу і не пажадаў аб гэтым паведаміць у адпаведныя органы. Я лічу, што ўсе людзі павінны быць напагатове. Калі яны пачулі, што хтосьці шукае нейкія выбуховыя рэчывы або цікавіцца нейкімі рэцэптамі выбуховых рэчываў ці выбуховых устройстваў, яны павінны аб гэтым паведаміць. Калі яны ўбачылі падазроны прадмет або падазроныя паводзіны таго ці іншага чалавека — таксама гэта не павінна заставацца незаўважаным», — лічыць ён.

Акрамя таго, трэба больш увагі ўдзяляць інфармацыйнай бяспецы — менавіта праз Інтэрнэт абвінавачаны знаходзіў і інгрэдыенты, і склад, і тэхналогію вырабу выбуховых рэчываў і ўстройстваў. Такая інфармацыя знаходзілася ў яго тэлефоне, ён рабіў запісы ў сшытку (экспертыза пацвердзіла почырк абвінавачанага). Аляксей Стук адзначыў неабходнасць абмежавання доступу да такіх рэсурсаў. «Сапраўды — праблема, як закрыць гэты раздзел у Інтэрнэце. Работа ў гэтым напрамку будзе прадаўжацца», — дадаў ён.

У цэлым Аляксей Стук высока ацаніў арганізацыю судовага працэсу па справе аб тэракце, які здарыўся 11 красавіка ў сталічным метро, аб чым сведчыць яўка ўдзельнікаў, тэхнічнае забеспячэнне. На належным узроўні ажыццяўляецца ахова адносна абвінавачаных, забяспечаны парадак у зале. Абвінавачанне прапанавала традыцыйны парадак даследавання доказаў — пачаць допыты абвінавачаных, затым пацярпелых, сведак, даследуючы пісьмовыя матэрыялы справы. Зачытванне паказанняў абвінавачанага Кавалёва і наступнае даследаванне відэазапісу допыту ў час папярэдняга расследавання звязана з некаторымі супярэчнасцямі ў гэтых паказаннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?