У Беларусі за мінулыя выхадныя і пятніцу, якая ім папярэднічала, загінулі 27 чалавек.

Гэта вельмі вялікая лічба, якой даўно не фіксавалася (звычайна ў выхадныя на дарогах гіне 5–6 чалавек). Асноўнымі прычынамі ДАІ называе перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў манеўрыравання і элементарную няўважлівасць на дарогах.

Як расказала старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык, у выхадныя зарэгістравана некалькі буйных ДТЗ са смяротным вынікам.

У большасці з іх за рулём знаходзіліся маладыя кіроўцы (да 30 гадоў), і да аварыі прывяла іх няўважлівасць на дарозе разам з парушэннем правілаў.
Акрамя таго, аўтамабілі былі цалкам запоўненыя пасажырамі, што таксама не спрыяла ўважлівасці кіроўцаў.

18 верасня ў 4 гадзіны раніцы на першым кіламетры аўтадарогі Драгічын-Асаўцы-Белін адбылася трагедыя, у якой загінула чацвёра маладых людзей. Мінчанін 1980 г.н. кіраваў аўтамабілем «Нісан Прэм’ера». Праехаўшы закругленне дарогі малога радыуса, ён не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у левы па ходу руху кювет, наляцеўшы там на дрэва. Кіроўца, яго жонка 1985 г.н. (абодва мінчане) і жыхар Драгічына 1993 г.н загінулі на месцы. Яшчэ адзін пасажыр, таксама жыхар Драгічына 1992 г.н., памёр па дарозе ў бальніцу.

Сведка здарэння, кіроўца гужавой павозкі расказаў, што аўтамабіль абагнаў яго на вялікай хуткасці, і ён звярнуў увагу на тое, што габарытныя агні неяк раптам зніклі. Пад’ехаўшы да месца здарэння, сведка ўбачыў у кювеце аўтамабіль, які літаральна вісеў на дрэве.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца з жонкай знаходзіліся на дні народзінаў, а пасля вырашылі падвезці дваіх гасцей свята дадому.

Яшчэ адна аварыя з вялікай колькасцю ахвяр адбылася ў пятніцу, 16 верасня.

На 60-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна23-гадовы жахар Ліды на аўтамабілі «Сітраэн Ксанція» падчас абгону выехаў на сустрэчную паласу.
Адбылося лабавое сутыкненне з «Сітраэнам Ксара», якім кіраваў мінчанін 1957 г.н. У выніку ДТЗ пасажыры «Сітраэна Ксанція» 1988 і 1979 г.н., абодва жыхары Асіповічаў, загінулі на месцы. Сястра кіроўцы 1987 г.н., жыхарка Мінска, памерла па дарозе ў бальніцу. Кіроўца і студэнтка-мінчанка 1987 г.н. дастаўлены ў рэанімацыю Валожынскай раённай бальніцы. Туды ж дастаўлены кіроўца «Сітраэн Ксара» і яго пасажырка, мінчанка 1962 г.н.

— Аналізуючы аварыі, якія адбыліся ў апошні час, відавочна, што прычына многіх з іх — элементарная няўважлівасць разам з перавышэннем хуткасці і парушэннем правілаў манеўрыравання і абгону. Таму хочацца звярнуць увагу кіроўцаў на тое, што за рулём трэба пастаянна прагназаваць сітуацыю і захоўваць увагу, — нагадала Ганна Банадык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?