Калі пісаў учора пра "Тутэйшых", залез у свой архіў газэтных выразак, каб удыхнуць глыток паветра 16-гадовай даўніны.

Прэм'ера спэктакля адбылася 17 кастрычніка 1990 году.

Нібыта і ня так ужо даўно. Але падзабытыя рысы таго часу даюць адчуць, што за паўтара дзесяцігодзьдзі мы перажылі нават не адну, а некалькі эпохаў. У тым ліку і жахлівы адкат.

Дык якімі яны былі, восеньскія дні 90-га?

12 кастрычніка газэта "Знамя юности", якую я тады рэдагаваў, паведаміла, што ад гэтага дня выходзіць бязь лёзунгу "Пралетары ўсіх краінаў, яднайцеся!".

Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў вылучаны Марксам ды Энгельсам клясавы слоган быў атрыбутам усіх савецкіх друкаваных мэдыяў. Мы ці ня першыя ў Саюзе рызыкнулі замахнуцца на сьвятое. У высокіх кабінэтах пабурчэлі, але на публічны скандал не адважыліся.

Тымі ж днямі партыйная прэса надрукавала заяву ЦК КПБ да чарговай гадавіны рэвалюцыйнага сьвята — замшэлы тэкст з заклікамі "захоўваць адданасьць ідэалам".

У газэце "Звязда" атрымалася анэкдатычнае суседзтва. Побач з заявай, што мела шапку "Вялікі Кастрычнік — наш лёс", нядоўга думаючы завярсталі нататку "Трусы — 1 штука". У ёй ішла гаворка пра квартальныя нормы продажу бялізны. Старэйшыя памятаюць: тады, на сконе СССР, ўсё гэтае дабро можна было прыдбаць выключна па купонах у вельмі абмежаванай колькасьці.

Гэта была прыніжальная эпоха татальнага цыраваньня шкарпэтак.

І суседства згаданых загалоўкаў на паласе выглядала зьдзеклівым сілягізмам: дзякуй Вялікаму Кастрычніку, што, лічы, распрануў дагала!

На гэтым горка-іранічным прыкладзе я і пабудаваў свой камэнтар у "Знамени юности". Называўся ён "Загрымім пад фанфары?".

Толькі завярсталі — тэлефануе кабета з Галоўліту. Тады гэтая цэнзурная інстанцыя чытала адбіткі палосаў усіх выданьняў да подпісу ў сьвет. Без дазвольнага штампу Галоўліту друкарня ня мела права прадукаваць наклад.

Грозная кабета дала прачуханцу за нападкі на партыю, але здымаць камэнтар усё ж не адважылася.

Час быў трывожны. Сыстэма каляпсавала, і функцыянэры адчувалі: за пэўныя рэчы неўзабаве, мажліва, давядзецца трымаць адказ...

Актыўная ж частка грамадзтва ўваходзіла ў смак сапраўднай палітычнай барацьбы. Шалі вагаліся. Сыстэма, што яшчэ нядаўна здавалася непарушнай, на вачох захісталася. П'яніла пачуцьцё, што сёньня ствараецца гісторыя, і ты можаш зрабіць свой унёсак.

Дзякуючы наўпроставым трансьляцыям з Авальнае залі імгненна станавіліся зоркамі харызматыкі кшталту Зянона Пазьняка. Хаця камуністычная партыя і прапіхнула ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня паслухмяную бальшыню, гэтую няўклюдную масу раз-пораз абгульвала малалікая, але дзёрзкая апазыцыя БНФ. А толькі што паўсталая "Народная газэта" — фармальна парлямэнцкі орган — адразу счапілася з кіраўніцтвам КПБ.

Ды і партыйная "Звязда" на вачох эвалюцыянавала з "органа" ў сапраўды нацыянальнае выданьне. У камэнтары "Загрымім пад фанфары?" камень быў, як вы разумееце, зусім не ў гарод калегаў. Яны ўсё завярсталі сумленна:) Карыкатурна ж выглядалі дагматыкі з ЦК.

А калектыў "Звязды" неўзабаве стане кузьняй кадраў для беларускай службы радыё "Свабода": Аляксандар Лукашук, Валянцін Жданко, Аляксандар Уліцёнак, Алена Ціхановіч...

Савецкая сыстэма была сапраўды татальнай. Таму інтэгравала і мноства таленавітых людзей з крытычным мысьленьнем. І міжволі падрыхтавала сваіх далакопаў.

Згадайма: у апараце ЦК працаваў паэт Сяргей Законьнікаў. Дзяржтэлерадыё ўзначальваў Генадзь Бураўкін. Нарэшце, перабудову, што пахавала Савецкі Саюз, пачаў ня хто-небудзь, а сам генэральны сакратар ЦК КПСС.

Сёньня ж такое ўражаньне, што нашая дзяржаўная сыстэма запраграмаваная на кадравы антыадбор.

І вось зараз, калі Расея ўзяла за гарляк, затое Эўропа гатовая наводзіць масты (сп. ван дэр Ліндэн — дык мо' нават і занадта:), — ці ёсьць у кіроўных вярхох людзі, здольныя перасягнуць праз звыклую мэнтальнасьць?

Нашто клікаць у зямлянкі (то бок зноў цыраваць шкарпэткі ды купляць майткі па купонах?), калі можна заняць — тут клясыка ў самую кропку! — "свой пачэсны пасад між народамі"?

Няўжо так і будуць чапляцца за "беларускую мадэль", гэты рымэйк саўковае сыстэмы, покуль і ён не загрыміць пад фанфары?

Фота з архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?