Выбарчы ўчастак №43 Бранскай выбарчай акругі №40 па выбарах дэпутатаў Гомельскага гарадскога Савету. Хроніка падзеяў альбо фантастычная трагікамедыя.

13 студзеня 2007 году накіроўваюся як даверая асоба кандыдаткі ў дэпутаты Багдановіч М.А. на выбарчы ўчастак №43, які месьціцца ў памяшканьні СШ №66 г. Гомеля ў «Клёнкаўскім мікрараёне». 18‑10 на ўваходзе вахцёр спрабуе спыніць, не прапусьціць мяне ў школу. Тлумачу яму сваю мэту прыходу ‑ наведаць выбарчую камісію. Трапляю на другі паверх...і вось ён кабінет 2‑15. Уваходжу туды...ідылія ‑ шэрговы міліцыянт глядзіць нейкі кінафільм на кампутары. За шафаю знаходзяцца дзьве жанчыны. Пытаюся у іх пра старшыню камісіі. Адна з тых жанчын адгукаецца. Прадстаўляюся, паказваю свае дакументы. Старшыня выбарчай камісіі —Амельчанка Сьвятлана Васільяўна (дэрэктар школы №66) рашуча, па‑гаспадарску забірае і спрапуе пакласьці ў нейкі сшытак маё пасьведчаньне даверанай асобы. Я ёй пярэчу, ветліва прашу вярнуць дакумент, бо ён можа быць толькі ў мяне. Старшыня адразу ж жорстка прамаўляе: «Тады я Вас не рэгіструю і мы з Вамі развітваемся». Я працягваю гутарку...тым часам сябра камісіі тэлефануе ў гарвыканкам і там тлумачаць, што яны былі не правы. Сыходжу, на разьвітаньне выказваю жаданьне папрысутнічаць на апячатаньні скрыняў для галасаваньня. Старшыня камісіі кажа няпэўна, не зразумела ці то а 8 гадзіне, ці то 7‑40?

14 студзеня 2007 году прыходжу на выбарчы ўчастак недзе а 7‑35. Праз 20 хвілінаў двое мужчынаў пачынаюць апячатваць дзьве скрыні для галасаваньня. Яны пасьпяваюць запячатаць першую скрыню ў вадсутнасьць старшыні камісіі, толькі потым зьяўляецца старшыня. Аднак і пасьля гэтага ейная прысутнасьць у згаданай працэдуры носіць цалкам фармальны характар. Яна прысутнічае ў памяшканьні камісіі і занята зусім іншымі справамі. Мужчыны сыходзяць, сябры камісіі займаюць свае мейсцы за сталамі зьлева ад стала назіральнікаў. Скрыня датэрміновага назіраньня і пераносная скрыня знаходзяцца навідавоку, дзьве скрыні для галасаваньня ўвогуле стаяць на адлегласьці

5‑6 метраў насупраць стала назіральнікаў.

8‑01 галасуе першы выбаршчык. Працэс распачаўся. Назіраем пакуль за галасаваньнем удвох з Бабуцкай Валянцінай Кузьмінічнай, якую накіравала апазіцыйная ўладам ПКБ. Актыўнасьці выбаршчыкаў покуль не назіраецца.

8‑20 на выбарчы ўчастак прыбягае студэнтка прадстаўніца праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ. Бачна, што «назіральніца» з БРСМ ня ведае ні сваіх правоў, ні абавязкаў, ні нават дакладнай мэты свайго знаходжаньня на выбарчым участку. Шкада дзяўчыны... Улады на гэтым не спыняюцца на выбарчым участку зьяўляецца бабуля назіральніца ад вэтэранскай арганізацыі. Праз пару хвілінаў высьвятляецца, што яна нават ні туды прыйшла куды трэба. Яе забіраюць з выбарчага ўчастка. Шкада бабулькі...

9‑03 на выбарчым участку зьяўляецца жанчына сярэдняга веку, якая прадстаўляецца назіральніцай ад працоўнага калектыву Адміністрацыі Цэнтральнага раёну г. Гомеля. Першая гадзіна галасаваньня скончылася. Прагаласавала толькі 9 выбаршчыкаў. Пытаюся ў старшыні камісіі Амельчанкі С.В. аб колькасьці выбаршчыкаў на участку, аб колькасьці прагаласаваўшых датэрмінова, аб колькасьці прагаласаваўшых за першую гадзіну. Старшыня камісіі кажа, што прадставіць мне такую інфармацыю крыху пазьней паколькі ў дадзены момант вельмі занятая. Пасьля чаго зьнікае з выбарчага ўчастку.

9‑20 нейкая настаўніца прыходзіць на выбарчы ўчастак і голасна пытаецца Амельчанку. Сябры камісіі ёй адказваюць, што яе няма. Яна просіць перадаць старшыні камісіі, што ёй тэлефануюць з ідэалагічнага аддзелу Цэнтральнага раёну г. Гомеля. Праз 30 хвілінаў старшыня камісіі Амельчанка зьяўляецца на выбарчым участку.

9‑50 я нагадваю ёй пра сваю ранейшую просьбу. Амельчанка катэгарычна адмаўляецца прадставіць мне запатрабаваную інфармацыю аб ходзе галасаваньня. Пытаюся чаму. Адказ — таму што ёй так сказалі... Другая гадзіна галасаваньня істотна карціну яўкі выбаршчыкаў не зьмяніла. Толькі 16 выбаршчыкаў аддалі свае галасы. Тым часам назіральніца ад БРСМ чытае падручнік, рыхтуецца да заняткаў. Назіральніца ПКБ старанна лічыць выбаршчыкаў, якія галасуюць. Пасьпяваю заўважыць як сябры камісіі выдаюць па чатыры бюлетэні тром выбаршчыкам, а павінны па два — адзін па выбарах гарсавету, адзін па выбарах аблсавету. Адзінацатая гадзіна...актыўнасьць выбаршчыкаў узрастае, галасуе 38 выбаршчыкаў. Назіральніца ад Адміністрацыі час ад часу прыходзіць і сыходзіць з выбарчага ўчастку, вядзе ветлівыя размовы, ды раз пораз зазірае ў мой ліст назіраньня. Я не хаваю сваіх запісаў ад яе, няхай глядзіць, у мяне ўсё празрыста і адкрыта, няма што хаваць.

У суседняй выбарчай камісіі №41, якая знаходзіцца ў вадным памяшканьні з нашай выбарчай камісіі і мае толькі ўмоўную мяжу, старшыня камісіі выказвае прэтэнзіі на адрас назіральнікаў знагоды іхняга паралельнага падліку галасоў. Яна кажа, што такія дзеяньні забаронены дзючым заканадаўствам...але працягу гісторыя не мае. Між іншым назіральнікі ад БРСМ зьнікаюць з выбарчага ўчастку недзе ў 10‑30 і больш не зьяўляюцца. Адназіраліся...

З адзінацацці гадзінаў выбухнула актыўнасьць выбаршчыкаў. На пачатку дванацатай гадзіны адбываецца інцындэнт. Нейкі мужчына, які прыйшоў з жонкаю і дачкою прагаласаваць, знаходзіцца на падпітку і абураецца, што замала зроблена для арганізацыі «сьвята» выбараў. Ён прад’яўляе свае прэтэнзіі да сяброў камісіі і двох міліцыянтаў. Ніхто асабліва не рэагуе і сварка сама па сабе заканчваеца. Жонка цягне мужа з выбарчага ўчастку... Колькасьць жадаючых прагаласаваць узрастае.

Паміж 11‑35 ды 12‑15 нават утвараецца чарга да трох кабінаў для галасаваньня. Наступныя тры гадзіны характарызуюцца найбольшай актыўнасьцю выбаршчыкаў — 69, 63 і зноў 69 прагаласаваўшых.

На 14 гадзінаў па маіх падліках і падліках назіральніцы ПКБ прагаласавала 264 выбаршчыкі. Вельмі замала для прызнаньня выбараў адбыўшыміся. Падаецца, што выбаршчыкі галасуюць толькі самі за сябе. Выдачы чатырох бюлетэняў аднаму выбаршчыку ў гэтыя гадзіны не назіраецца. Наадварот камісія пару‑тройку разоў дэманстратыўна адмаўляе выбаршчыкам у магчымасьці прагаласаваць за сваіх родзічаў. Тыя на гэтае голасна абураюцца. Але назіраюцца шматлікія выпадкі, калі ў кабіну для галасаваньня ўваходзіць два выбаршчыка. З 12 да 16 гадзінаў агулам назьбіраўся 31 такі выпадак.

13‑15 выходжу на 10‑12 хвілінаў з выбарчага ўчастку ў буфет. Назіраць застаецца камуністка. Вяртаюся і раблюся сьведкам заканчэньня гутаркі назіральніцы ад Адміністрацыі і камуністкі Валянціны Кузьмінічны, зь якой вынікае, што камуністка адлучыцца да дому недзе а 15 гадзіне каб паабедаць. Яе замяніць і весьці паралельны падлік галасоў бярэцца назіральніца ад Адміністрацыі. І тут я ўзгадваю, што старшыня камісіі казала «недзе пасьля 14 гадзінаў яны арганізуюць галасаваньне выбаршчыкаў па мейсцу жыхарства.» Робіцца зразумелым, што назіральніца ад Адміністрацыі на самой справе не назірае, а дапамагае выбарчай камісіі. Яна спрабуе зьменшыць колькасьць незалежных назіральнікаў да мінімуму на выбарчым участку. Абмярковаем падзеі з камуністкаю, бачу назіральніца ад Адміністрацыі добра папрацавала... Дзякуй за мужнасьць Валянціне Кузьмінічне, нізкі паклон ёй. Яна пагаджаецца патрываць яшчэ столькі сколькі спатрэбіцца і працягнуць назіраньне ды паралельны падлік галасоў.

Каля трох гадзінаў вяртаецца назіральніца ад Адміністрацыі на выбарчы ўчастка каб замяніць камуністку. Тую назіральніцу чакае непрыемная неспадзяванка — Валянціна Кузьмінічна кажа, што да дому покуль не паедзе. Назіральніца ад Адміністрацыі пачынае яе актыўна, заўзята пераконваць, што Валянціне Кузьмінічне няма аб чым непакоіцца. Але цьвёрдасьць камуністкі прымушае яе адступіцца. Праз некаторы час Валянціна Кузьмінічна выходзіць з выбарчага ўчастку адпачыць і паабедаць. Ёй трэба ўжо адпачыць, тым больш, што хутка хатняе галасаваньне і Валянціна Кузьмінічна застанецца адна назіраць па нашай папярэдняй дамоўленасьці.

Па сыходзе камуністкі, назіральніца ад Адміністрацыі бярэцца мяне пераканаць, што выбары адбудуцца (бо на адным участку яны дакладна адбыліся), падказвае мне, што ўсю інфармацыю можна чамусьці даведацца ў ідэлагічным аддзеле Адміністрацыі?! Урэшце рэшт яна перастае гуляць ролю старонняга назіральніка, калі бачыць як адзін дзядуля спрабуе запоўніць бюлетэні непасрэдна на скрыні для галасаваньня. Калі я пачынаю сабе занатоўваць гэтае ў свае запісы, яна кідае свой пагляд на мае радкі... падхопліваецца бяжыць да выбаршчыка і настойліва прапануе яму прагаласаваць у кабінцы. Той не сьпяшаецца, але ўрэшце рэшт йдзе ў кабінку. Відавочнае парушэньне збоку назіральніцы застаецца бяз аніякага рэагаваньня збоку выбарчай камісіі! Больш за тое, хутка зьяўляецца старшыня камісіі ды распаводзіць нам гісторыю аднога парушэньня — «на мінулых выбарах, маўляў, у кабіну для галасаваньня зайшлі неяк маладыя. Назіральнікі АБСЭ зрабілі заўвагу, але маладыя адказалі не могуць жыць адзін без аднога не хвіліны, таму паўсюдна разам». Піарыцца, бачым, усе навучыліся... у тым ліку і ўлада.

3 14 да 16 гадзінаў галасуе яшчэ 105 выбаршчыкаў, але бачна зьмяньшэньне колькасьці прыйшоўшых выбаршчыкаў. Недзе пасьля

15‑00 старшыня камісіі інфармуе зычна сяброў камісіі, што амаль уся водка ў школьным буфеце раскуплена.

16‑00 старшыня камісіі кажа, што неўзабаве пойдзем на галасаваньне па мейсцы жыхарства выбаршчыкаў.

16‑42 выходзім з участку. На выбарчым участку застаецца назіральніца ад ПКБ. Пытаюся пра колькасьць выбаршчыкаў у сьпісе. Мяне здзіўляюць — толькі 5 выбаршчыкаў (на папярэдніх выбарах такія сьпісы былі нашмат большыя). Першая кватэра ‑ хворая бабуля, якой цяжка падняць нават руку...Сябры камісіі арганізоўваюць «спектакль» — з дапамогаю рук родзічаў ледзьве не водзяць рукою бабулі каб тая самастойна паставіла подпіс і кінула бюлетэні ў скрыню. Разьвітваемся з людзьмі, выходзім з кватэры. Я кажу сябрам камісіі: «Навошта гэты спектакль, калі чалавек хворы і яму цяжка запоўніць бюлетэнь і кінуць яго ў скрыню, гэта па ягонай просьбе можа зрабіць іншы выбаршчык». Гэта прапісана ў Выбарчым кодэксе. Сябры камісіі адказваюць, што не жадаюць каб да іх былі нейкія прэтэнзіі. Я ім тлумачу, што якія ў такім выпадку ня можа быць прэтэнзіі?!

Йдзем далей. Другая кватэра. Нам адчыняе дзьверы жанчына сярэдняга ўзросту, бачна што вельмі хворая. Сябры камісіі даюць ёй два бюлетэня. Яна адзін запаўняе, а па другому кажа «я не буду галасаваць ні заводнага з кандыдатаў». Сябра камісіі пачынае яе пераконваць, што трэба за кагосьці прагаласаваць, бо ў адваротным выпадку бюлетэнь будзе лічыцца не сапраўдным. Я пытаюся, а што ў бюлетэні няма графы супраць усіх. Сябры камісіі адказваюць «можа быць»?!

Ідзем далей, дзьве кватэры д. 26 па вуліцы Сьвірыдава жыхары не падцьвярджаюць выкліку камісіі на дом. Больш за тое, выбаршчыкі, якія нібыта выклікалі камісію адсутнічаюць па мейсцу жыхарства ‑ хто ў вёсцы, а хто ў бальніцы. Наведваем трэцьцюю кватэру, дзе галасуе хворая бабуля. Вяртаемся на выбарчы ўчастак

17‑25. Па падліках Валянціны Кузьмінічны за час маёй адсутнасьці прагаласавала 28 выбаршчыкаў на ўчастку. Усё... выбаршчык перастае йсьці на выбарчы ўчастак.

З 18 да 19 гадзінаў ‑ 9, з 19 да 20 гадзінаў ‑ 4. Стомленая Валянціна Кузьмінічна сыходзіць да дому недзе каля 18‑00. Дзякуй ёй за працу. Застаюся адзін.

Праз некаторы час маю самоту парушае назіральніца ад Адміністрацыі. З цікаўнасьцю зазірае ў мае запісы, запытваецца пра мае ўражаньні, пачынае пераконваць «выбары адбыліся, шанцаў на перамогу ў Багдановіч няма, парушэньняў не было і іншае» Кажу ёй адкрытым тэкстам аб сваёй пазыцыі. Я за справядлівасьць і роўнасьць усіх перад Законам. Таму калі выбары будуць празрыстымі я заўжды прызнаю іх адпаведнасьць закону і іхнія вынікі. Далей кажу, калі выкананьне выбарчай камісіі тэхнічнага боку галасаваньня можна прызнаць здавальняючай, то ў прынцыповым моманце толькі нездавальняючай. Няма празрыстасьці і адкрытасьці, і тут прамаўчаць я не магу. Я не бюракрат і разумею, што нейкія дробныя парушэньні заўжды могуць быць і г.д. Пасьля непрацяглай і шчырай размовы назіральніца губляе да мяне ўсялякі інтарэс. Яна разьвітваецца і сыходзіць недзе каля 19‑00, больш на участак яна не зьяўлялася.

19‑40 вырашаю зьвярнуцца да старшыні камісіі з пісьмовай заявай. У гэтай заяве прашу камісію выконваць нормы Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу пры падліку галасоў. Пры гэтым вусна выказваю сваю адзнаку працы выбарчай камісіі кажу пра парушэньні, але зазначаю здавальняючую адзнаку іхняй працы. Старшыня камісіі кажа, што падлік галасоў яны скончаць бліжэй да 23‑00, спачувае мне і маёй настойлівасьці. Потым яна мне раіць пайсьці да дому, а заўтра патэлефанаваць альбо на вахце школы забраць вынікі галасаваньня. Я кажу, што дачакаюся вынікаў тут і яшчэ раз ветліва прашу выканаць усе патрабаваньні Закону пры падліку галасоў, агалошваньні вынікаў выбараў і азнаямленьні мяне зь выніковымі пратаколамі. На тым і разыходзімся.

19‑55 разам з назіральнікамі з выбарчага ўчастка №41 складаем Акт парушэньня выбарчага кодэксу — увесь дзень галасаваньня з 8‑00 да 19‑55 на выбарчым участку адсутнічала скрыня датэрміновага галасаваньня, яе не бачылі назіральнікі, у тым ліку і я, паколькі ўвесь выбарчы ўчастак №41 добра праглядаўся з майго мейсца. Перад заканчэньнем галасаваньня на выбарчы ўчастак №41 завітала давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Савасьцянава, прыгожая маладая жанчына.

Усё галасаваньне скончана ‑ 20‑00. Па маіх падліках на выбарчым участку сёньня прагаласавала ўсяго 456 выбаршчыкаў (‑38, якія галасавалі пад час маёй адсутнасьці).

20‑00 дзьверы выбарчых участкаў №41 і №43 (яны ў нас адные) не зачыняюцца. Людзі, у тым ліку зусім пабочныя працягваюць сноўдаць туды сюды.

У 20‑10 нават заходзіць і сядае па‑гаспадарску побач з міліцыянтамі нейкі «салідны» мужчына сярэдняга веку, кажа што ён давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Савасьцянава. Выбарчая камісія ніяк не рэагуе на гэтае. Сябры камісіі сьцягваюць сталы ў далёкі ад мейсца назіральніка кут памяшканьня. Зноў зьяўляюцца два мужчыны, якія цягнуць да сталоў скрыні галасаваньня, у якіх знаходзяцца сёньняшнія бюлетэні і...высыпаюць бюлетэні зь першага зь іх на сталы??!! А гасіць невыкарыстаныя бюлетэні нятрэба? Верагодна камісія так і думае, бо адкрыцьцё скрыняў галасаваньня працягваецца. Усьлед за першым адкрываюць датэрміновую скрыню, потым другую з сёньняшняга галасаваньня і ўрэшце рэшт пераносную скрыню. Усе бюлетэні скідваюць у вадну вялізную гурбу. Скрыні барыкадаю ў рост чалавека ставяць побач з сталамі, на якія высыпалі бюлетэні. Такім чынам зьмяншаецца мая магчымасьць бачыць што адбываецца на сталах. Чакаю вынікаў, зьвяртаю ўвагу назіральнікаў выбарчага ўчастка №41 на тое, што адбываецца на маім участку.

20‑50 падлік бюлетэняў камісіяй скончаны. Бюлетэні пачынаюць пакаваць, але нідзе ня бачна пратаколу камісіі і ня бачна каб сябры камісіі чынілі свае подпісы пад нейкім дакументам. Я набліжаюся да камісіі, знаходжуся у 5‑6 метрах ад іх. Яны на мяне пазіраюць. Некаторыя зь іх пачынаюць сыходзіць з выбарчага ўчастку і праходзяць паўзь мяне. Чакаю.

Недзе 21‑00 старшыня камісіі паглядае на мяне...потым рэшта сяброў камісіі разам з страшынёй хутка бяруць пакункі і выходзяць амаль подбегам праз іншыя дзьверы з памяшканьня выбарчага ўчастка. Можна нават сказаць, што яны ўцякаюць, паколькі не рызыкнулі выйсьці праз афіцыйны ўваход у памяшканьне камісіі і прайсьці пры гэтым паўзь мяне. Першая думка — бегчы сьледам, напісаць Акт, запатрабаваць пратакол...але супакоіўся. Ёсьць Закон і яго павінны ўсе выконваць. Гэтае беззаконьне бачылі назіральнікі выбарчага ўчастку №41, сябры адпаведнай камісіі, міліцыянты. Вырашаю застацца і пачакаць. Праз некаторы час участковая выбарчая камісія №41 заканчвае падлік галасоў і знаёміць назіральнікаў з вынікамі. Пачынаюць разыходзіцца. Я застаюся чакаць.

22‑00 старшыня выбарчай камісіі №41 вяртаецца. У суседнім памяшканьні зачыняюцца сябры камісіі №41 «каб папіць гарбаты і ячшэ чаго‑небудзь па гарачэй». Але я ім замінаю «адпачыць». Выходзіць да мяне старшыня камісіі «чакаць нечага, камісія верагодна зьехала». Я кажу: «Я ня бачыў каб камісія склала пратакол і чаму яна сыйшла праз «чорны ход»? Кажу, што ўвогуле мне не зразумела адсутнасьць камісіі. Таму буду чакаць.» Старшыня зачыняецца зноў у кабінеце. Праз некалькі хвілінаў ізноў выходзіць і кажа: «Я патэлефанавала старшыні камісіі №43. Яна ў гарадской камісіі і сюды ня вернецца.» Я адказваю: «Нічога, пачакаю.» Але пасьля тэлефанаваньня кандыдаткі ў дэпутаты Багдановіч вырашаю сысьці з выбарчага ўчастка.

22‑18 шоў скончана... Выбары адбыліся...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?