У Мінску ўпершыню пройдуць Міжнародная выстава мастацкіх галаграм «Галаграфія-2011» і Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па галаграфіі «Галаэкспа-2011. Галаграфія. Навука і практыка».
Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта мерапрыемстваў, старшыня савета дырэктараў ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі Леанід Танін 21 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, з 1 кастрычніка па 1 снежня ў будынку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) адбудзецца міжнародная выстава мастацкіх галаграм, на якой будуць прадстаўлены больш як 150 работ з 20 краін. Як падкрэсліў Танін, выстава па колькасці і разнастайнасці галаграм з’яўляецца ўнікальнай падзеяй не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Беларусь на ёй будзе прадстаўлена галаграмамі, створанымі ў ТАА «Магія святла». На выставе ў ліку іншых будуць дэманстравацца каляровыя галаграмы, стварэнне якіх тэхнічна стала магчымым толькі некалькі гадоў таму.

Напярэдадні выставы, з 29 верасня па 1 кастрычніка, у будынку НАНБ пройдзе міжнародная канферэнцыя па галаграфіі, падчас якой будзе прадстаўлена больш як 140 дакладаў з 10 краін. Канферэнцыя праводзіцца восьмы раз. Раней яна арганізоўвалася ў Маскве, Кіеве і Санкт-Пецярбургу.

Як паведаміў першы намеснік старшыні прэзідыума НАНБ Пётр Віцязь, галаграфія з’яўляецца адным з перспектыўных кірункаў сучаснай навукі. З дапамогай дасягненняў лазернай фізікі і оптыкі галаграфія прадугледжвае ўзнаўленне аб’ёмных выяў. Такія выявы выкарыстоўваюцца ў выяўленчым мастацтве, дызайне інтэр’еру, рэкламе, кінематографе, відовішчных паказах. Апрача таго, галаграмы выкарыстоўваюцца для абароны той ці іншай інфармацыі, каштоўных папер, дакументаў, тавараў і г.д.

Дырэктар дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў Сяргей Кіслухін паведаміў, што ў Беларусі паспяхова развіваецца кірунак галаграфічных сродкаў абароны прадукцыі і дакументаў. Акцызныя маркі ўласнай вытворчасці ў краіне ўкаранёныя ў 2003 годзе. Выкарыстоўваюцца таксама кантрольныя знакі, якімі на сёння маркіруецца 21 група тавараў. Штогод на прадпрыемствах Дзяржзнака выпускаюць каля 2 млрд. акцызных марак, 1,6 млрд. кантрольных знакаў. Выкарыстанне галаграфічных сродкаў абароны дазваляе скараціць ценявы абарот тавараў, павялічыць паступленні ў бюджэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?