Сябра моладзі БНФ Андрусь Ігнатовіч атрымаў адказ на зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта РБ. Зварот быў адасланы каля двух месяцаў таму й утрымліваў просьбу перагледзець заканадаўства, паводле якога выкладаньне гісторыі й геаграфіі Беларусі ў школах будзе адбывацца на расейскай мове, а таксама прапанову стварыць у Беларусі ўнівэрсытэт імя Якуба Коласа з беларускай мовай выкладаньня ўсіх дысцыплінаў. Да звароту былі далучаныя каля 2000 подпісаў грамадзянаў Беларусі.

Больш за два месяцы спатрэбілася чыноўнікам Міністэрства адукацыі, куды быў накіраваны зварот, для разгляду прапановаў. У адказе гаворыцца, што «магчымасць выкладання гісторыі Беларусі й геаграфіі Беларусі на рускай мове прадугледжваецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Цікава, што ў гэтых законах гаворыцца пра раўнапрае беларускай і расейскай моваў, паводле ж новага заканадаўства другая становіцца больш прыярытэтнай.

Наконт стварэньня новай ВНУ чыноўнікі адказалі наступнае: «На сённяшні дзень у рэспубліцы функцыянуюць 53 вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў амаль па 300 спецыяльнасцях і забяспечваюць усе галіны народнай гаспадаркі спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй. Лічым немэтазгодным і несвоечасовым рэалізацыю ідэі стварэння яшчэ адной вышэйшай навучальнай ўстановы».

Адказ падпісаў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?