Лукашэнка згодны стварыць саюзную дзяржаву, калі атрымае пасаду прэм'ера Расеі. Так сьвярджае са спасылкай на "вартыя даверу крыніцы" думец Кур'яновіч.

Увогуле з вуснаў маскоўскіх дзеячаў мы наслухаліся розных дзівосаў на інтэграцыйную тэму. Але мо' няма дыму без агню? Ці не нагадвае гэта зандаж глебы адным з бакоў?

Менскі аналітык Андрэй Фёдараў лічыць, што ад плянаў інкарпарацыі Масква не адмовілася. Ён зважае на актыўнасьць цэлага шэрагу прыкормленых Крамлём палітолягаў, што працягваюць прадукаваць ідэі рэанімацыі саюзнага праекту. "Ёсьць падставы меркаваць, што адпаведная "дзяржзамова" застаецца ў сіле", — мяркуе Фёдараў.

Зь ягоных слоў, і саступкі з боку Расеі ў нафтагазавых пытаньнях — не ад шырыні душы. За імі разьлік. Не зусім задушыць, але трошкі прыдушыць. Каб павольнае паміраньне беларускага цуду дало час асэнсаваць, што статус губэрні — не такі ўжо і кепскі.

Зь іншага боку, згадваецца нядаўняе выказваньне Лукашэнкі, зьвернутае да Крамля на тле незалежніцкай рыторыкі: "Вы хочаце мець адну дзяржаву, адну сыстэму кіраваньня і ўлады, эканоміку, як у адной дзяржаве? Калі ласка, калі вы гатовыя да гэтага, давайце зробім літаральна сёлета. У Расеі якраз да часу: там будзе выбірацца парлямэнт і прэзыдэнт. Давайце будзем абіраць адкрыта, сумленна ды паводле зразумелых прынцыпаў і прэзыдэнта, і парлямэнт. Вы да гэтага гатовыя? Вы да гэтага не гатовыя!".

Вось і думец Кур'яновіч цьвердзіць: Крэмль проста баіцца пускаць Лукашэнку на сваё палітычнае поле!

Дзівосны ўнісон!

Між тым эканаміст Яраслаў Раманчук падлічыў, колькі Масква гатовая адваліць за інкарпарацыю.

Раманчук падкрэсьлівае: безумоўна, гандаль сувэрэнітэтам амаральны сам па сабе. Але калі ўсё ж прыкінуць "кошт здачы", дык атрымліваецца, ведаеце, зусім нягуста. Унутрырасейскія цэны на энэрганосьбіты далі б сёлета выйгрыш паўтысячы даляраў на аднаго беларуса. А да 2010 году куш скараціўся б да $150, бо сусьветныя цэны нафты, імаверна, ўпадуць удвая (што аўтаматычна зьніжае і кошт блакітнага паліва).

Лічбы ня здольныя ўразіць нават адпетага цыніка. Наладзіўшы стасункі з Эўропай, можна атрымаць інвэстыцыі куды большыя.

Ды і ўвогуле беларуская кіроўная эліта, трэба думаць, не такая ўжо і бедная. Ва ўсякім разе, і ёй, згадзецеся, ёсьць што бараніць ад расейскай экспансіі.

Іншая рэч, што пра пэўныя аргумэнты Масквы ў закулісным торгу з тутэйшым начальствам шырокая публіка можа толькі здагадвацца :(

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?