Вельмі розныя пастаноўкі, якія аб’ядноўвае адно: усе яны — гэта тое, што зараз адбываецца ў тэатральнай культуры Польшчы. Самае надзённае, самае цікавае, самае смачнае. Спектаклі, якія пабывалі ў многіх краінах свету, на гэты раз завіталі ў Мінск: з 7 па 29 кастрычніка іх можна будзе пабачыць у межах Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «Тэарт». Удзел польскіх тэатраў у форуме — частка міжнароднай культурнай праграмы польскага старшынства ў Еўрасаюзе ў 2011 годзе (I,Culture).

Выберыце адзін, які прыйдзецца найбольш даспадобы, ці паглядзіце ўсе спектаклі, каб даведацца, адчуць, здзівіцца, параўнаць і атрымаць асалоду.

Монаспектакль для дарослых «Я», тэатр Wiczy

Пра што:

Гэта гісторыя пра тое, як артыст стаў дыктатарам і як дыктатар стаў артыстам. Пра нацысцкую Германiю перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Пра Чарлі Чапліна, які рыхтуецца да апошняй сцэны з фiльма «Вялікі дыктатар». І пра тое, як прыняць рашэнне, якое можа стаць вызначальным у кар’еры.

Чаму варта паглядзець:

Таму, што гэта цяжка назваць звычайнам словам «спектакль»: у пастаноўцы перамешаны хэпінінг, імправізацыя, арт-перфоманс і вадэвіль. А яшчэ таму, што цікава паглядзець на працу тэатра, за стварэнне якога яго дырэктар Рамуальд Віча-Пакойскі атрымаў медаль «За заслугі перад польскай культурай».

Дзе і калі:

8 кастрычніка, субота, 20.00
Дом Масквы, вул, Камуністычная, 86

Спектакль «Фэйс-кантроль», «Тэатр восьмага дня»

Пра што:

Пра польскі клаббінг і пра фэйс-кантроль, які выходзіць за сцены клубаў і становіцца правілам жыцця: «Нам патрэбны пазітыўныя і здаровыя маладыя людзі, яны павінны быць прыемнымі, а крытэрыі адбору тых, хто зможа патрапіць у клуб, вызначае сек’юрыці — «нямодным уваход забаронены».

Чаму варта паглядзець:

Каб натхніцца. Бо натхненне заразлівае, а гэты спектакль — натхненне ў чыстым выглядзе: тэатр імправізуе, ствараючы свой уласны, такі не падобны да іншых, метад працы. Менавіта таму ён лічыцца адным з найбольш цікавых эксперыментальных тэатраў Еўропы.

Дзе і калі:

10 кастрычніка, панядзелак, 19.00.
Новы драматычны тэатр, вул. Л. Чайкінай, 16

Пластычны спектакль «Сляпыя», тэатр «КТО»

Пра што:

Пры невысветленых абставінах людзі пачынаюць губляць зрок. Хвароба распаўсюджваецца, улады ізалююць першую групу хворых, і яны пачынаюць жыць па сваіх законах ды кіравацца вызваленымі ад межаў соцыуму звярынымі інстынктамі. Спектакль пастаўлены па матывах твора Ж. Сарамага «Горад сляпых».

Чаму варта паглядзець:

Каб адпачыць ад слоў, бо апавядаць (і вельмі эмацыйна апавядаць) гісторыю вам будуць, пераважна, моваю цела, рухаў, музыкі. Але гэта не будзе замінаць паразуменню: наадварот, тэатр руйнуе ўсе магчымыя бар’еры паміж акцёрамі і гледачамі.

Дзе і калі:

23 кастрычніка, нядзеля, 19.00
Палац спорту, пр-т Пераможцаў, 4

«У нас усё добра», тэатр «ТР Варшава»

Пра што:

Пра шматпавярховы варшаўскі дом і шматпавярховае жыццё. І пра адсутнасць чалавека, які б падпадаў пад вызначэнне «статыстычнага», адсутнасць агульнай аб’ядноўваючай платформы, якую можна вызначыць словам «мы».

Чаму варта паглядзець:

Каб пабываць у Польшчы, калі вы там яшчэ не былі: у п’есе выдатна паказаны зрэз усяго польскага грамадства, перададзеная мова розных пакаленняў і сацыяльных груп.

Каб на ўласныя вочы пабачыць працу сусветна вядомага рэжысёра (Гжэгаж Яжына ставіў спектаклі ў Авіньёне, Эдынбургу, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ерусаліме, Берліне, Мюнхене, Вене, Стакгольме, Лондане, Дубліне, Таронта, Лос-Анджэлесе, Нью-Йорку) і акцёрскага складу, які лічыцца адным з самых лепшых у Еўропе.

Дзе і калі:

25 кастрычніка, аўторак, 19.00
26 кастрычніка, серада, 19.00
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44.

«Браты Карамазавы», тэатр Provisorium

Пра што:

Інтэрпрэтацыя асноўных тэм Фёдара Дастаеўскага: разважанні пра тое, як разумеў Расію сам пісьменнік. Аўтары спектакля заяўляюць пра сваё жаданне абудзіць сучасных Братоў Карамазавых, юродзівых, святых, вар’ятаў, святых ідыётаў, каб яны дапамаглі адкрыць нам уласную духоўнасць.

Чаму варта паглядзець:

Вы будзеце аднымі з першых у свеце (а тэатр, безумоўна, будзе гастраляваць з гэтай пастаноўкай), хто пабачыць спектакль: яго прэм’ера адбылася зусім нядаўна — у чэрвені 2011 года. Да таго ж, зорны склад: да ўдзелу ў праекце запрошаны вядомыя акцёры, у тым ліку зорка польскага сучаснага тэатра і кіно Адам Варановіч, а таксама знакаміты сцэнограф Ежы Рудзкі.

Дзе і калі:

27 кастрычніка, чацвер, 19.00
Палац культуры прафсаюзаў, пр-т. Незалежнасці, 25.

«Голад кнута Гамсуна», тэатр InVitro

Пра што:

Пра тое, як вядомы нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Кнут Гамсуна знаходзіўся ў псіхіятрычнай клініцы. Такім чынам Гамсун справабаў абараніць сябе ад абвінавачванняў у дзяржаўнай здрадзе і супрацоўніцтве з фашыстамі. Мэта знаходжання — пацвярдзіць псіхічную хваробу, каб захаваць Гамсуну жыццё.

За аснову спектакля ўзятыя фрагменты з апошняга рамана пісьменніка «Па зарослых сцяжынках».

Чаму варта паглядзець:

Бо гэта гісторыя заснавана на рэальных фактах: у 1934 годзе Кнут Гамсун сапраўды адкрыта заяўвіў, што падтрымлівае нацыстаў. Таксама яму належаць некалькі прафашысцкіх артыкулаў.

Напрыканцы вайны Гамсун і яго жонка былі арыштаваныя. Восенню 1945 года пісьменнік быў змешчаны ў псіхіятрычную клініку ў Осла, дзе правёў чатыры месяцы, а пасля яго перавялі ў дом для састарэлых у Ландвіку. У 1947 годзе суд прызнаў Гамсуна вінаватым у дапамозе ворагу. Аповед пра гэты судовы працэс «Па зарослых сцяжынках» з’явіўся ў 1949 годзе, калі Гамсуну было 90 гадоў.

Дзе і калі:

28 кастрычніка, пятніца, 19.00
Палац культуры прафсаюзаў, пр-т. Незалежнасці, 25

Пластычны спектакль «48/4», Люблінскі тэатр танца

Пра што:

Пра свет, падзелены на жаночую і мужчынскую паловы. Чатыры чалавекі заблакаваныя ў пакоі, у цэнтры якога стаіць канапа. На ёй — две жанчыны і двое мужчын. Дзве пары? Пакуль гэта незразумела. Дзеянне гэтага псіхалагічнага спектакля развіваецца вельмі дынамічна.

Чаму варта паглядзець:

Тэатр існуе ўжо 10 год і за гэты час выпрацаваў свой унікальны танцавальны стыль, які неаднаразова дэманстраваў на сцэнах ЗША, Швейцарыі, Францыі, Венгрыі, Фінляндыі, Іспаніі, Расіі, Туніса і інш. І наўрад ці хутка завітае ў Беларусь яшчэ раз.

Дзе і калі:

29 кастрычніка, субота, 19.00
Палац культуры прафсаюзаў, пр-т Незалежнасці, 25

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?