Дзмітрый Мядзведзь, фота Сяргея Гудзіліна.

Дзмітрый Мядзведзь, фота Сяргея Гудзіліна.

«НН»: Дзмітрый, чым займаліся ўвесь час пасля вынясення прысуду?

ДМ: Працаваў, хаця, з аднаго боку, і не хацелася, каб не плаціць падаткі. А з другога боку — не даюць. З офіса, які здымаў на заводзе, папрасіў з’ехаць яго дырэктар. Пакуль суд, пакуль пераехаў, а там абрабавалі… Суды так надакучылі, што інструмент не хацелася браць у рукі. Ды і ніякай працы няма для будоўлі — усё зачынена. Збіраўся малочныя прадукты вясной вазіць у Расію, а тут негалосны загад выйшаў, каб толькі дзяржпрадпрыемствы гэтым займаліся. Безумоўна, шукаем, што можна рабіць.

«НН»: Якім бізнэсам займаліся?

ДМ: Будоўляй, рамонтам. Свая фірма. Раней вялікая была. Цяпер маленькая. Добры калектыў сабраўся. Будавалі горку ў «Альпійскім снезе» на Курасоўшчыне — гарналыжным цэнтры.

Але ўсё крахам пайшло.

«НН»: Пасля суда?

ДМ: Так. Усё спынілася. Пакуль мяне не было, дык добра, што хоць падаткі ў студзені-лютым заплацілі. Калі выйшаў у сакавіку — разабраўся з пазыкамі на заводзе па арэндзе. Па нулях выйшлі — і з канцамі. І больш ніякай працы.

«НН»: Але ж у Вас сям’я, дзеці…

ДМ: Меншаму сыну паўтара года. І старэйшыя сын з дачкой.

«НН»: І кожнаму трэба дапамагчы?

ДМ: Старэйшыя — дарослыя людзі. Але хаця б крыху і трэба памагаць. Сын вось да мая чакаў-чакаў, што нешта наладзіцца (таксама ў мяне працаваў) і знайшоў новае месца. Нічога, выжывем. Добра, што маці дапамагае.

«НН»: Вам вынеслі такое пакаранне, як «хатняя хімія». У чым Вас абмежавалі?

ДМ: Без дазволу выехаць за горад я ўвогуле не магу. Раз на месяц адпускаюць. І тое, раз адпусцяць, другі — не. Выхадныя я павінен дома праводзіць. Нават на лесвічную пляцоўку не магу выйсці, як у міліцыі сказалі. Да суседзяў — тым больш. Ні наведаць масавыя мерапрыемствы… Адзінае, што карыстацца інтэрнэтам не забаранілі. У буднія дні з 21.00 да 7.00 я павінен быць дома.

«НН»: І правяраюць?

ДМ:

Пастаянна. Прыходзяць і ў гадзіну начы. І няважна, што дома дзіцёнак маленькі спіць. Бываюць у 22.00, 23.00 гадзіны заходзяць.

«НН»: Як Ваша жонка паставілася да такога рэжыму?

ДМ: Хто можа прывыкнуць да такой сітуацыі?! Трывае, падтрымлівае. Дзякаваць Богу, у нас з жонкай добрыя стасункі. Яна малайчына. І так столькі змагла вынесці.

«НН»: Сочыце за падзеямі вакол справы па 19 снежні?

ДМ: Так, ведаю, што пачалі выпускаць людзей з турмы…

«НН»: Некаторыя з вызваленых падпісвалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Вам не прапаноўвалі падпісаць?

ДМ: Не, і наўрад ці прапануюць. А калі і прапануюць, я не збіраюся падпісваць. У чым я быў вінаваты? І што яны даказалі на судзе?

«НН»: На судзе Вы сваёй віны не прызналі і сказалі, што на Плошчы апынуліся выпадкова. Як гэта адбылося?

ДМ: Я за сынам прыехаў. І нас разам адтуль забралі. Пасля дзесяці сутак арышту мяне адвезлі на Акрэсціна і сказалі, у чым абвінавачваюць. 30 снежня мяне ў Генпракуратуру прывезлі, дзе, як я смяюся, «тройка» НКУС вырашала ўсе пытанні. «Калі ты за Саннікава галасаваў — сядзі далей тады». І 31 снежня мяне ўжо прывезлі ў ізалятар на Валадарскага. У камеру я зайшоў, а 22¬й гадзіне. Мужыкі жартавалі, маўляў, Дзед Мароз прыйшоў.

«НН»: Як адносіліся сукамернікі да Вас, як да палітычнага?

ДМ: Парознаму. Галоўны там роў як бялуга: «Каб мне на год скінулі тэрмін, я б вас усіх там парубаў».

«НН»: Як паставіліся Вашы сваякі і сябры да таго, што Вас асудзілі?

ДМ: Неяк адносіны сталі яшчэ больш цёплымі. Некаторыя, праўда, папрасілі радзей тэлефанаваць. Але такіх адзінкі. А ў асноўным усе падтрымалі. Нават тыя, каго не лічыў блізкімі сябрамі, сталі адносіцца да мяне яшчэ лепш.

***

Дзмітрый Мядзведзь асуджаны на тры гады абмежавання волі без накіравання ў спецустановы. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 КК) і супраціве міліцыі. Прысуд вынесены 10 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?