Тыя, хто спецыяльна сачыў за глядацкім галасаваннем, заўважылі, што сёлета абранне дэлегата на дзіцячае «Еўрабачанне» выклікала пэўныя жарсці. І імя пераможцы да апошняга прадказаць было няпроста.

У выніку перамагла Лідзія Заблоцкая з Магліёва, што выканала песню «Анёлы дабра». Прыгожы, павольны патэнцыйны хіт, створаны па тых крытэрах, якія ў нас асабліва любяць — няспешныя мажорныя пераходы з вакальнымі пад’ёмамі.

Што тычыцца самога фіналу, незразумела адно — навошта падчас трансляцыі стваралася такая нервовая абстаноўка: вядоўцы крычаць, яўна запісаны фонам «крык залы» не спыняецца ўвогуле (людзі так фізічна не ўмеюць), а святочная атмасфера, якая мусіць быць вось на такім дзіцячым музычным свяце, нівелюецца агульнай нервознасцю.

З мінусаў музычнага плану — ніводная з песень не мела ні грама беларускасці, хаця ў мінулыя гады беларускамоўныя выканаўцы трапляліся. У астатнім музычны прадукт застаўся якасным, аднак сенсацый кшталту несмяротнага (для карыстальнікаў інтэрнэту) «Чароўнага трусіка» таксама не было.

Увогуле, ацэньваць дзіцячае «Еўрабачанне» — складаней, чым звычайнае: у дзяцей гонка хітоў выглядае куды шчырэй, чым калі тым самым на поўным сур’ёзе займаюцца дарослыя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?