Расійскі цэнтр навукі і культуры (РЦНК) у Мінску будзе бясплатна вучыць беларускіх школьнікаў рускай мове. Цэнтр функцыянуе пры беларускім прадстаўніцтве Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва).
Як сказала начальнік аддзела гуманітарных праграм прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Святлана Кавалёва, РЦНК сёлета пачынае праграму бясплатных адукацыйных курсаў па рускай мове. Пераважна курсы арыентаваныя на школьнікаў 9–11 класаў, якім хутка трэба будзе прайсці выпускныя і ўступныя іспыты. Курсавая праграма пачынаецца з кастрычніка, заняткі будуць прахозіць двойчы на тыдзень у пазашкольны час.
«Практычна закончыўся першы набор на нашы курсы па рускай мове, — сказала Кавалёва. — Нягледзячы на тое, што праграма бясплатная, мы настройваем дзяцей, што гэта будзе сістэмная і цяжкая праца. Будуць выкарыстоўвацца нашы кнігі, электронныя выданні, таксама ў нас ёсць выкладчык — кандыдат філалагічных навук з вельмі вялікім вопытам падрыхтоўкі выпускнікоў да здачы АДЭ і выкладання ў маскоўскіх ВНУ. Вопыт гэтых курсаў абавязкова дапаможа дзецям і пры паступленні ў беларускія ВНУ, а таксама ў далейшым жыцці».
Праграма, паводле слоў начальніка аддзела, існуе ў двух варыянтах — руская мова базавага і паглыбленага ўзроўню вывучэння. Які канкрэтна варыянт выбраць, вызначаецца па выніках гутаркі, уступных іспытаў у выглядзе дыктоўкі, а таксама рэкамендацыі выкладчыка РЦНК.
Паводле слоў Кавалёвай, апрача пастаянных курсаў рускай мовы слухачам будуць прапанаваныя тэматычныя курсы па культуры маўлення, літаратуры. Супрацоўнікі цэнтра плануюць арганізаваць кінаклуб, а таксама ініцыяваць стварэнне электроннай газеты, працаваць над якой трэба будзе дзецям, што займаюцца ў цэнтры.