Гэты дакумент супольна падрыхтавалі эксперты Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі і арганізацыі Freedom House. Даклад змяшчае рэкамендацыі як заходнім палітыкам, так і беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасці, што рабіць і як рабіць дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Аўтары дакладу зыходзяць з таго, што

пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на сённяшні дзень найслабейшыя і найбольш уразлівыя, чым калі раней.
Аналітыкі і экспэрты падкрэсліваюць важнасць скаардынаваных дзеянняў Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Звязу для рыхтавання беларускай будучыні без Лукашэнкі.

Даклад «Дэмакратычныя змены ў Беларусі» адыходзіць ад многіх ранейшых праграм, якія разглядалі палітыку Захаду ў адносінах да Беларусі ў прывязцы да расійскага фактару.

«Завершаныя няўдачаю захады Еўразвязу напярэдадні мінулых выбараў у Беларусі даводзяць, што Лукашэнка не здатны весці сваю краіну ў Еўропу, — заявіў віцэ-прэзідэнт Атлантычнай рады Дэйман Уілсан. — Ён не будзе тым лідэрам, з якім Злучаныя Штаты і Еўропа могуць працаваць для рэалізацыі рэформаў у Беларусі. Гэта безнадзейна. І, па-другое, даклад умацоўвае ў перакананні, што нам сапраўды

патрэбна палітыка ў адносінах да Беларусі, не такая палітыка, якая з’яўляецца адно нечым залежным ад нашай палітыкі ў адносінах з Расіяй.
Я спадзяюся, што Вашынгтон і Брусэль не трапяць у пастку — не вырашаць не чыніць ціску на Мінск, баючыся, што такі ціск будзе выштурхоўваць Беларусь у маскоўскія рукі».

Рэгіянальны погляд на беларускую сітуацыю падаў у часе пятнічнай прэзентацыі дакладу намеснік міністра замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі. Паводле яго словаў, у выпадку Беларусі як дыктатуры, што мяжуе з НАТО і краінамі Еўразвязу, еўрапейская заангажаванасць матывуецца каштоўнасьцямі і аспэктам агульнай бясьпекі:

«Першая прычына — каштоўнасці. Каштоўнасці, якія мы адстойваем, каштоўнасці, якія так важныя для ЗША і для Еўропы, і асабліва для такіх краінаў, як Польшча. Яшчэ адна прычына, — на працягу дзесяцігоддзяў мы лічылі, што нашая бяспека звязаная з танкамі, з салдатамі ў амуніцыі, з ракетамі. Пазней мы пачалі разумець, што бяспека звязаная таксама з эканомікаю, асабліва летась мы пачалі лепш разумець, што нашая бяспека наўпрост звязаная з тым, як кіруюцца краіны, з магчымасцю людзей вырашаць свой лёс».

Паводле Станоўскага, Польшча як краіна, што старшынюе цяпер у Еўразвязе, чакае ад Беларусі «вызвалення і рэабілітацыі ўсіх апазыцыйнікаў, пачатку перамоваў паміж афіцыйнымі асобамі і лідэрамі апазіцыі, а затым правядзення выбараў»: «І толькі пасля сумленных выбараў можа быць выпісванне чэкаў, ніякіх чэкаў да выбараў. Ніякіх перамоваў — да амністыі і рэабілітацыі. Гэта павінны быць асноўныя правілы».

Заклік ніякім спосабам не падтрымліваць Лукашэнкавага рэжыму фінансава знайшоў падтрымку ўва ўсіх выступоўцаў у часе прэзентацыі дакладу.
Аўтары дакумента лічаць, што ні пры якіх абставінах МВФ не павінен даваць беларускім уладам новых крэдытаў. Прамоўцы ў Вашынгтоне таксама гаварылі пра неабходнасць перашкодзіць Лукашэнку ў продажы актываў буйных беларускіх прадпрыемстваў для здабыцця грошай на падтрыманне жыццядзейнасці рэжыму.

«Для нас сёння важна ўпэўніцца, што Лукашэнка не мае магчымасці дарэшты разрабаваць сваю краіну і завесці ў даўгавую яму, — адзначыў супрацоўнік Інстытуту Петэрсана, эксперт у пытаннях посткамуністычных краінаў з пераходнай эканомікаю Андэрс Аслунд. — Што для гэтага мы можам зрабіць? Увесці санкцыі ў дачыненні да гэтых прадпрыемстваў. Калі будуць уведзеныя санкцыі, цана прадпрыемстваў знізіцца і Лукашэнка не будзе зацікаўлены ў іх продажы».

Падчас прэзентацыі гучалі пытанні аб тым, як прымусіць «апошняга дыктатара Еўропы» пакінуць сваю пасаду. Аўтарамі стратэгіі сыходу Лукашэнкі маюць быць самі беларусы, адзначыў у сваім выступе прэзідэнт няўрадавай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр: «Канчатковая роля тут належыць народу Беларусі, але ёсць і тая роля, якую мае адыграць Захад, і цяпер, я думаю, ёсць унікальная магчымасць. Я маю на ўвазе, што Беларусь ніколі дасюль не сутыкалася з такім эканамічным крызісам, а гэта значыць, што Лукашэнка больш уразлівы сёння, чым калі раней. Я думаю, гэта відаць з яго дзеянняў і паводзінаў. Думаю, надышоў час працягваць чыніць ціск,

не змякчаць пазіцыі, бо пры далейшым ціску людзі ўнутры рэжыму могуць вырашыць: „Даволі, нельга далей ісці гэтай дарогаю“.
І я думаю, найбольш праўдападобны сцэнар, калі людзі ўнутры рэжыму скажуць, што такі шлях непрымальны, што ён не можа доўжыцца, што нам патрэбныя перамены. Няпростым, але відавочным рашэннем, каб паслабіць ціск, будзе для Лукашэнкі сыход. Куды ён сыдзе? Гэта яго праблема».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?