25.09.2011 / 23:25

Уладзімір Някляеў. Мацуйся, дружа мой Алесь... 4

25 верасня – дзень народзінаў Алеся Бяляцкага.

Сорак дзевяць гадоў. Паўвекавы, юбілейны год ён сустракае ў вязніцы.

За што?...
За тое, кажа Лукашэнка, што не сплаціў падаткі. Ну, няхай... Толькі ў такім разе пытанне: за што Бяляцкага затрымлівалі, арыштоўвалі, прыцягвалі да судовай адказнасці яшчэ 20 разоў?...

Пра гэта Лукашэнка не кажа.

Дык я скажу. За тое самае, за што Бяляцкі ў турме й цяпер.

За любоў да Беларусі. Чыстую. Самаадданую.
Тую, якая вывела людзей на Плошчу.
Такую, якая й не снілася тым, хто сёння разам з нячыстай сілай правіць баль на нашай зямлі. Хто абабраў Айчыну, давёў яе да жабрацтва, хто махлюе, крадзе – і насамрэч не плаціць падаткі. Хто жыве ў палацы ў Драздах – і тыкае пальцам на хату Бяляцкага ў Ракаве.

У чалавека ў паўвека не можа быць сваёй хаты? Тады што ў яго можа быць?... Толькі тое, што ў карыта кінуць?...

Я ведаю Алеся Бяляцкага яшчэ з часоў ягонага студэнцтва. З часоў маладзёвага аб'яднання "Талака" і літаратурнага таварыства "Тутэйшыя". Не было ў яго ні грошай, ні кута, дзе жыць, але ўсё адно былі праблемы з уладай, якая сабакам з ланцуга кідалася на ўсё сапраўды беларускае. Улада тая (у тыя часы савецкая) у Беларусі закансервавалася – і ў савецкасці сваёй (як і ў сваёй сабачнасці) не змянілася й сёння.

Што ж: перажыўшы лета гарачае, перажывём і...

Усё перажывём!

І выйдуць з вязніцаў і Бяляцкі, і Саннікаў, і Статкевіч, і ўсе, хто кінуты за краты за сапраўдную любоў да сапраўднай Беларусі.

Мацуйся, дружа мой Алесь!
Шлях не дарэшты пройдзены...
Цябе сягоння свет увесь
Віншуе з днём народзінаў!

0
valkyrija / Адказаць
26.09.2011 / 00:53
Позна Алесь Бяляцкі пасяліўся ў Ракаве. Раней там хапала кантрабандыстаў. Трэба і нам пераймаць іх навыкі, калі жывем у такім гета. Жадаю яму хутчэй перайсці лукамяжу і апынуцца ў свабоднай Беларусі (як і нам усім) З НАРОДЗІНАМІ !
0
не расстанусь с комсомолом / Адказаць
26.09.2011 / 03:48
надта ж многа хвалебных эмоцыяў... Натуральна, як для тыповага касамольскага вершаскладальніка \"по случаю даты\", але ... для тых , хто памятае савецкія тэхналогіі банкетнага апяваньня і партыйнага пане-гірызму такая нязьменная патасная некляеўшчына выглядае дужа непераканальнай, а нават агіднай... О, няшчасная беларусь, хто толькі па табе не топчацца... Ды й прагнасьць да ўлады зашмальцаваны хадакоў ад квазіапазыцыі не мае анічога агульнага з любоўю да свабоды а значыць, і да нацыі... Дарэчы, вядома што калісьці немаёмныя вяскоўцы і местачкоўцы цяпер паказалі сябе як найлепшыя тыраны. Ці мала вам маючых месца каларытных прыкладаў ? Хочацца паўтарыць іхны шлях уласнай пэрсонай? Стаць на іхнае месца. Таксама мяркую, што негатывізм, накіраваны выключна на адрас апанэнтаў заўжды камуфлюе лукавую інтрыгу. Палітычная псіхалогія тут разабралася. Вось чаму "хадакі" не маюць даверу ў большасьці разумных грамадзянаў.
0
Юрась Мішуцянін / Адказаць
26.09.2011 / 16:14
За кратамі сэрца б'ецца так сама! Прымусам - думак не спыніць! І богам ня стане ,мясцовы усама- Калі як Алесь зможам мужна пражыць! Са Сьвятам,пан Алесь! Мужнасьці!
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру