Сталічныя чаргавікі, гатовыя будаваць жыллё ў горадзе-спадарожніку, ужо цяпер могуць звяртацца ў раённыя адміністрацыі па месцы пастаноўкі на ўлік з заявамі на ўступленне ў жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў (ЖБСК).

— Чым даўжэй грамадзянін стаіць у чарзе на жыллё, тым больш у яго шанцаў стаць чальцом гэтага кааператыва. Час пастаноўкі на ўлік, мабыць, будзе асноўным крытэрам адбору, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Шэршань. — У шматпавярховым доме для сталічных чаргавікоў плануецца пабудаваць 3 чатырохпакаёвыя, 68 трохпакаёвых, 65 двухпакаёвых і 6 аднапакаёвых кватэр. Работы павінныя пачацца ўжо ў чацвёртым квартале гэтага года. Неўзабаве вызначымся і з коштам. Пакуль адзін квадратны метр жылля ў Смалявічах ацэньваецца ў 4–4,5 мільёна рублёў.

Забудова мінчанамі гэтага горада-спадарожніка будзе праходзіць у два этапы. Да 2015 года тут з’явяцца два раёны жылой забудовы — шматкватэрнай і індывідуальнай. На плошчы 600 гектараў, адведзенай пад катэджы, зможа пасяліцца да трох тысяч мінчан, у раёне шматпавярховай забудовы — каля 10 тысяч.

— Вядома, для навасёлаў створым усю неабходную інфраструктуру: дзіцячыя садкі, школы, аб’екты бытавога абслугоўвання і гандлю, — адзначыў Аляксандр Шэршань. — Для некаторых мінскіх чаргавікоў жыллё ў горадзе-спадарожніку, мабыць, адзіны шанец абзавесціся ўласнымі сценамі, бо тэрыторыя сталіцы не бясконцая, а жыллё патрэбнае кожнаму. Прыём і разгляд заяваў на прыём у першы ЖБВК толькі пачалося, але, паводле папярэдніх ацэнак, ужо цяпер 803 сям’і гатовыя будаваць кватэры ў гарадах-спадарожніках Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?