Канфлікт па нафтагазавых пытаннях, які абвастрыўся паміж Беларуссю і Расіяй напрыканцы 2006 – у пачатку 2007 гадоў, у чарговы раз выявіў сапраўдную сутнасць міфа аб будаўніцтве так званай беларуска‑расійскай саюзнай дзяржавы.

Маючы свае геапалітычныя інтарэсы на заходніх рубяжах, Расійская Федэрацыя працяглы час падтрымлівала эканамічна і палітычна, у тым ліку на міжнароднай арэне, беларускі аўтарытарны рэжым. Пры гэтым фармальна інтэграцыйныя ініцыятывы заўсёды зыходзілі з боку беларускага Прэзідэнта: «Я в Россию на коленях поползу», «Белорусы будут умирать за Россию».

Аднак платай за прызнанне вынікаў сфальсіфікаваных выбараў, а таксама за танныя энерганосьбіты, сумнеўныя мытныя аперацыі і бязмытны расійскі рынак была не толькі квяцістая рыторыка пра саюзнае будаўніцтва, славянскае братэрства і вайсковую дружбу. Спадзеючыся выйсці на расійскую палітычную прастору, беларускі кіраўнік разам са сваёй наменклатурай дэманстратыўна і цынічна вынішчаў беларускую мову, школьніцтва, культуру, літаратуру, фальсіфікаваў гісторыю, пераўзыходзячы ў гэтым нават сваіх савецкіх папярэднікаў.

Усё гэта падмацоўвалася папулісцкай прапагандай пра інтарэсы працоўных, беларускую мадэль рынкавага сацыялізму і праваслаўнае лідэрства. Пры адсутнасці парламенцкага кантролю і незалежных СМІ, беларускае грамадства зараз не мае дакладных звестак пра знешні гандаль краіны, вайсковае супрацоўніцтва, стан банкаўскай справы, бюджэт, прэзідэнцкі фонд і іншыя агульнанацыянальныя праблемы. Дзякуючы расійскім палітыка‑эканамічным прэферэнцыям у Беларусі будуецца мадэль паліцэйскага сацыялізма сталінскага кшалту з захаваннем прамысловых гігантаў і эканамічна неабгрунтаваных заробкаў. Не створана умоваў для фармавання сярэдняга класу. Не адбылося глыбокіх рынкавых рэформ. Абмежаваны прыток замежных інвестыцыяў, бо рамачныя рынкавыя ўмовы ў Беларусі ‑‑ адны з найгоршых у свеце. У выніку ў заняпад прыйшлі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці і іншых галін нацыянальнай гаспадаркі. Беларусь пачынае адставаць ад сваіх суседзяў ‑‑ Польшчы і краінаў Прыбалтыкі, якія даўно набываюць энэрганосьбіты па сусветных коштах і паспяхова развіваюць сваю эканоміку і вытворчасць.

Цяпер, калі высветлілася, што «беларуская мадэль‑цуд» узору канца 2006 году несумяшчальная з расійскай рынкавай сістэмай разлікаў, беларускае кіраўніцтва ў чарговы раз «забыла» пра інтэграцыю і зноў пачала спекуляваць на незалежніцкай рыторыцы: «Пойдзем у акопы, але не здадзімся. Мы – народ горды».

Між тым тэма выроўнівання сусветных цэнаў на энерганосьбіты ва ўмовах глабалізацыі вывучаецца сёння нават у сярэдняй школе. Прынцыпы WTO ўсё шырэй распаўсюджваюцца на краіны Сярэдняй і Усходняй Еўропы. Расія таксама ў хуткім часе збіраецца ўступіць у гэтую міжнародную гандлёвую арганізацыю. А гэта азначае, што вельмі хутка нафту і газ будзе магчыма набываць толькі па сусветных коштах.

Таму беларускай грамадскасці не варта захапляцца сёняшнімі псеўдапатрыятычнымі філіпікамі прадстаўнікоў улады і афіцыйных СМІ на адрас расійскіх алігархаў. Гэта якраз той патрыятызм, які вядомы талстоўскі герой назваў «последним прибежищем негодяев». Наш патрыятызм – не ў кансервацыі «Лініі Сталіна», а ва ўсталяванні палітычнай і эканамічнай дэмакратыі, у здабыванні сапраўднага нацыянальнага суверэнітэту ‑‑ такога, які ўжо маюць усе нашы суседзі.

На вялікі жаль, як вынікае з апошніх выказванняў расійскага кіраўніцтва, у Крамлі дагэтуль не жадаюць разумець, што далейшая падтрымка сумнеўнага «беларускага цуда» не мае ніякіх перспектыў і ніякай карысці ні для беларускага, ні для расійскага народаў.

Спыненне паставак нафты ў Еўропу яшчэ раз паказала і ўзровень небяспекі, якую тоіць авантурная і непрадказальная палітыка беларускага рэжыму не толькі для Беларусі і Расіі, але і для краін Еўрапейскага Звязу.

Але адзіным шляхам да энэргетычнай бяспекі Еўропы і сапраўднай праявай добрасуседскіх адносін можа быць аказанне эканамічнай падтрымкі толькі разам з прынцыповымі і безкампраміснымі ўмовамі дэмакратызацыі беларускага грамадства і паслядоўных рынкавых рэформ.

Толькі пры выкананні гэтых умоў Беларусь здолее плаціць сусветныя цэны за энерганосьбіты, пазбегнуўшы катастрафічнага абвалу ўзроўня жыцця яе грамадзян. Толькі тады яна верне сабе павагу і аўтарытэт на міжнароднай арэне. Толькі тады мы будзем мець рэальны суверэнітет і празрыстыя, узаемавыгадныя адносіны з Расіяй ды іншымі краінамі.

20 студзеня 2007г.

Уладзімір Колас, Радзім Гарэцкі, Леанід Злотнікаў, Уладзімір Халіп, Аляксей Марачкін, Зінаіда Бандарэнка, Зміцер Сідаровіч, Уладзімір Содаль, Сяргей Панізнік, Георгій Лепін, Іван Нікітчанка, Зміцер Міхнюк, Анатоль Вярцінскі, Алена Анісім

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0