Алік, Грыша і Косця (імёны змененыя) любілі грошы, але ў асноўным без узаемнасці. Алік прайшоў некалькі разоў спецыфічныя «ўніверсітэты», але шанаваць Крымінальны кодэкс так і не прызвычаіўся. Неяк, будучы на вольным хлебе, даведаўся ён, што ёсць у Брэсце чалавек з грашыма і каштоўнасцямі. Як дасведчаны спецыяліст, правёў рэкагнасцыроўку на месцы, затым знайшоў выканаўцаў — Грышу і Косцю. Распавёў ім, дзе жыве будучы пацярпелы, як размешчаны пакоі ў яго кватэры, і ўдакладніў, якой павінна быць здабыча: 30 000 даляраў і куча золата.

Памятаеце, як у «Аперацыі «Ы» ішлі на справу Бывалы, Балбес і Баязлівец? Джыгнулі толькі па шклянцы кефіру. У нашым рэальным выпадку Алік на справу не пайшоў, а прадстаўленыя самі сабе Грыша і Косця выпілі для куражу белага, але не кефіру, начапілі на галовы парыкі, якія адшукалі ў склепе на вуліцы Багданчука. Косця ўзброіўся пнеўматычным пісталетам, зараджаным металічнымі шарыкамі, Грыша, хоць Дастаеўскага не чытаў, узяў сякеру.

Усё, здавалася, будзе проста. Патэлефанавалі ў дзверы кватэры. Гаспадар бесклапотна адчыніў і ўбачыў прыстаўлены да галавы пісталет. Падпарадкоўваючыся загаду, адышоў у глыб пярэдняга пакою. Тут жа побач з Косцем намаляваўся Грыша. Косця загадаў гаспадару легчы на падлогу, а той замест гэтага адвёў пісталет ад свайго твару. Грыша раззлаваўся і хацеў ударыць яго сякерай у галаву, але гаспадар прыкрыўся рукой і стаў адступаць. Косця паспрабаваў стрэліць, але ў газавым балоне пісталета не хапіла ціску і стрэл не атрымаўся.

Грыша ж, падобна Чінгачгуку, шпурнуў у відавочна «няправільнага» пацярпелага сякеру. Інструмент стукнуўся аб торс гаспадара і ўпаў на падлогу. Гаспадар і падняў яго, прычым відавочна не збіраўся аддаваць Грышы. Налётчык зразумеў гэта і пусціўся наўцёкі. За ім падаўся і Косця, адстрэльваючыся на хаду. Аднак ні адзін паражальны элемент-шарык так і не пакінуў канала ствала.

Гаспадар кватэры, які адбіўся ад нападу, атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў, ранкі і павярхоўнай сечанай раны перадплечча. Узятыя па гарачых слядах Грыша і Косця паведамілі, што яны толькі выканаўцы, а «мозг» аперацыі — Алік. Супрацоўнікі следчага аддзела Маскоўскага РАУС правялі неабходныя следчыя дзеянні і аддалі справу пракурору для перадачы ў суд. Нядаўна суд Маскоўскага раёна справа разгледзеў. Косця асуджаны да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі, Грыша — да 9 гадоў пазбаўлення волі. Алік — да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі. Усе трое будуць утрымлівацца ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, ва ўсіх канфіскавана маёмасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?