У судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся новы разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні кіраўніка ТДА «Перспектива-Инвест Строй» Сяргея Дземчука.

Слуханні, што распачаліся ў сакавіку пад старшынствам суддзі Таццяны Масальскай, скончыліся пшыкам — давёўшы справу да стадыі спрэчак, суддзя сышла ў дэкрэтны адпачынак. Па законе пачынаць цяпер трэба было з самага пачатку.

Нагадаем, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) КДК выставіў Дземчуку абвінавачанне па арт. 216 КК — «Учыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, у буйным памеры». Вядомы ў мінулым будаўнік шматузроўневых паркінгаў сталіцы, Дзямчук вырашыў заняцца жыллём. У 2005 годзе з’явілася аб’ява аб прыцягненні дольшчыкаў комплексу «Група жылых дамоў, якія не адносяцца да жылых дамоў павышанай камфортнасці, у квартале вул. Філімонава — Парніковая — Макаёнка — пр. Незалежнасці ў г. Мінску», пачаўся збор грашовых сродкаў. Але праект прагарэў. Грошы, сабраныя на спецрахунак ТДА «Перспектива-Инвест Строй» — усяго больш за 11,3 млрд рублёў — выдаткаваныя не па прызначэнні, 128 грамадзян, якія засталіся без кватэр, прызнаныя пацярпелымі.

У абвінавачанні Дзямчук названы заснавальнікам, фактычным уласнікам і кіраўніком ТДА «Перспектива-Инвест РИД» (дырэктар — родны брат абвінавачанага), ТАА «Паркинг-Инвест Строй», ТДА «Вытворча-інвестыцыйная група», СТАА «Сталічны цэнтр», ТДА «Перспектива-Инвест Строй», ТДА «Армеец» (генпадрадчык на будаўніцтве аб’ектаў). Нібыта, выкарыстоўваючы правы ўласніка, Дзямчук распараджаўся сродкамі дольшчыкаў як хацеў.

Замест таго каб накіроўваць гэтыя грошы на будаўніцтва, падначаленыя яму дырэктары названых кампаній заключалі дамовы па пастаўках будматэрыялаў для жылых комплексаў, якія насамрэч не закупляліся.

У абвінавачанні, да прыкладу, сказана, што «Перспектива-Инвест РИД» атрымала агулам больш за 6,3 млрд беларускіх рублёў, але пастаўкі будматэрыялаў не ажыццёўленыя да гэтага часу, дамовы не выкананыя.

Паводле версіі следства, грошы дольшчыкаў выкарыстаныя іншымі структурамі Дземчука — для аплаты працэнтаў па крэдытнай дамове, праектна-вышукальных работ і інш. Значныя сродкі пералічаныя на рахунак «Армейца» — кампаніі, у дачыненні да якой цяпер ініцыяваная працэдура банкруцтва.

Пасля абвяшчэння абвінавачання 21 верасня суд дапытаў Дземчука, які зноў заявіў пра невінаватасць і перыпетыі заканадаўства, якія заміналі пабудаваць жылы комплекс.

Як паведаміў Дзямчук, пасля пачатку ў 2005 годзе збору сродкаў дольшчыкаў прэзідэнт Беларусі нечакана зацвердзіў новы генплан Мінска, што абавязала забудоўшчыка падаць шэраг дакументаў. А калі паперы былі гатовыя, былі прынятыя законы аб зямлі і ахове прыроды, якія ўскладнілі будаўніцтва. Выявілася, што аб’ект Дземчука ўвайшоў у 500-метровую ахоўную зону вадаёма, што выключала вядзенне будаўнічых прац. Калі ж дазвол на будаўніцтва ўсё ж быў атрыманы, выявілася, што праектавальнікі памыліліся з аналізам грунту месца забудовы — палі, якія пачалі забіваць, не трымаліся. І яшчэ адна бяда — забіванне паляў перашкодзіла працы высокадакладнага абсталявання Белгідраметцэнтра, які знаходзіўся побач з кварталам забудовы. Калі ж нарэшце і гэта перашкода была пераадоленая, скончыўся дазвол на будаўніцтва.

Такія ў агульных рысах прычыны, якія, паводле словаў Дземчука, не дазволілі выканаць абавязанні перад дольшчыкамі. Але бізнэсовец збіраецца садзейнічаць узвядзенню для іх жылля, ды яшчэ без індэксацыі цэн, пра што заявіў падчас допыту. Калі ж хто-небудзь хоча вяртання грошай — трэба набрацца цярпення. Дзямчук збіраецца раздаваць пазыкі толькі пасля пачатку будаўнічых работ. Калі яны пачнуцца, невядома.

P. S. Першае судовае следства неаднаразова зацягвалася. Стаміўшыся чакаць прысуду, на новы суд пацярпелыя не прыйшлі. Калі новы старшыня пагодзіцца абвясціць паказанні, дадзеныя імі раней, справа можа хутчэй дайсці да прысуду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?