Заходжу ў госці — экс-старшыня Вярхоўнага Савета стаіць за плітой. Нешта варыць сабе на абед. Што зробіш, давядзецца яго адцягнуць. А калі пачынаем размову пад дыктафон, высвятляецца: з датай нараджэння Мечыслава Грыба я памыліўся двойчы.

Па-першае, падвяла Вікіпедыя — дадала генералу два лішнія гады. Па-другое, выявілася, што ўсе афіцыйныя біяграфіі дадаюць экс-старшыні Вярхоўнага Савета яшчэ лішніх чатыры дні.

— Увогуле ў мяне дзень нараджэння не 29, а 25 верасня, — пачаў размову з указання памылкі Мечыслаў Грыб. — Як казала мама, запісалі мяне ў ЗАГСе праз некалькі дзён пасля з'яўлення на свет. У нас, у людзей з Заходняй Беларусі, амаль ва ўсіх на 2—3 дні ёсць збоі. Так што ў мяне дзве даты нараджэння.

— Мечыслаў Іванавіч, у вас 73-ці год на носе. Чым цяпер займаецеся?

— Нічым сур'ёзным. Я не працую, таму што працаваць мне не даюць. Ды і ўзрост не той. Пасля сыходу з пасады кіраўніка Вярхоўнага Савета пайшоў у Мінскую калегію адвакатаў. Адпрацаваў толькі 6 месяцаў — пазбавілі ліцэнзіі за тое, што ўдзельнічаў у шэсці, прысвечаным трэцяй гадавіне прыняцця Канстытуцыі.

Уладкаваўся выкладчыкам у Інстытут правазнаўства, але і там чытаў лекцыі нядоўга. Улады папярэдзілі кіраўніцтва інстытута, што калі мяне не звольняць, ВНУ закрыюць. Пасля гэтага зразумеў, што

нідзе ўладкавацца не змагу, нават на месца простага выкладчыка.

Але на хлеб мне хапае — патрэбы ў мяне сціплыя. Лецішча ёсць у Ждановічах, там часта бываю.

— Якая ў вас пенсія?

З 1996 года пасля рэферэндуму (а я б сказаў, канстытуцыйнага перавароту) атрымліваў пенсію як старшыня Вярхоўнага Савета. Але яна не індэксаваліся і ўрэшце ператварылася ў нішто — складае сёння каля 3 тысяч рублёў.

На гэтай пенсіі акрамя нас з Шушкевічам былі і Кебіч, і Сакалоў, і Аксёнаў, і яшчэ некалькі вядомых кіраўнікоў — усяго чалавек восем. У 1997—м, калі перад Лукашэнкам паставілі пытанне аб iндэксацыi пенсіі, ён зрабіў жэст у сваім разуменні: выдаў указ аб выплаце персанальных пенсій за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Дземянцея і Кебіча туды ўключыў, а на мяне, Шушкевіча, Шарэцкага і Таразевіча забыўся.

Мы засталіся на неіндэксавальнай пенсіі, і я вырашыў выбраць пенсію па лініі МУС. Яна сёння значна меншая, чым пенсія міністра ці нават дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

— І колькі атрымлівае генерал—лейтэнант міліцыі ў адстаўцы?

— На сёння 2,5 мільёна рублёў [па стане на жнівень].

— Няшмат.

— А пенсія ў дэпутата, які чатыры гады праседзеў у палаце прадстаўнікоў, — больш за 3 мільёна.

— Адзін жывяце?

— Так. Жонка памерла 1 красавіка 2006 года. Сын і дачка жывуць асобна. Сын доктарам працуе, дачка — юрыстам.

— Не сумна аднаму?

— Вядома, сумна. Але неяк абвыкаеш, зміраешся з гэтым. А што зробіш?

— Для свайго ўзросту вы ў добрай фізічнай форме. Робіце зарадку, нейкія практыкаванні?

— Кожны дзень я выходжу на вуліцу ў 6.30. Іду ад свайго дома на вуліцы Пуліхава па набярэжнай да Опернага тэатра, там ёсць спартыўная пляцоўка. Раблю там цэлую серыю спартыўных практыкаванняў.

— Вас там гадзін у сёмай раніцы можна сустрэць?

— Так.

У нас там ужо ўтварылася кампанія аматараў ранішняй зарадкі. Моладзі няма — яна не любіць рана ўставаць. Без фізічных практыкаванняў я сябе не ўяўляю.

— Колькі разоў можаце падцягнуцца?

Я падцягваюся штодня, але без напругі — па 6 разоў. Калі трэба, магу і 10. Плюс, напэўна, тысяч 10 крокаў у дзень.

— Якія якасці дапамагалі вам рабіць кар'еру ў міліцыі?

— Як казалі раней, я не быў «інвалідам». Пад гэтым мелі на ўвазе тых, у каго былі вялікія сувязі, такіх людзей трэба было падтрымліваць, цягнуць кудысьці. А я быў з сялянскай сям'і, бацька загінуў на фронце, у сям'і чацвёра дзяцей — не было каму дапамагаць маёй кар'еры. Усяго дамагаўся працавітасцю. 36 каляндарных гадоў прапрацаваў у органах унутраных справаў, і магу вам сказаць: я не ведаў, што такое 8-гадзінны працоўны дзень, не ведаў, што такое пяцідзённы працоўны тыдзень. Працаваў і па 6, і па 7 дзён у тыдзень.

— Былі выпадкі, калі рызыкавалі жыццём?

— У 1973-м мяне прызначылі начальнікам Кастрычніцкага РАУС Віцебска. Новы год мы з жонкай і сябрамі пайшлі сустракаць на цэнтральную плошчу да елкі. Я быў у грамадзянскай форме. Калі вярталіся назад, убачылі масавую бойку на вуліцы Леніна — біліся «раён на раён». Я дастаў свісток, свіснуў... У той час супрацоўнікам міліцыі зброю ў прынцыпе насіць не дазвалялі — яна ляжала ў сейфе.

Тое, што ёсць цяпер, — пісталеты, гумовыя дручкі, кайданкі — нічога такога раней не было!..
Пасвістаў, а потым кінуўся ў гэтую масу. На мяне накінуліся дзве групы, пачалі лупіць нагамі. Жонка закрычала: б'яце начальніка міліцыі! Толькі дзякуючы сябру выбраўся адтуль.

— Як вы ацэньваеце стаўленне людзей да міліцыі сёння?

— Хто чаго заслугоўвае, тое і атрымлівае.

Калі без нумарных знакаў на машынах і ў цывільнай вопратцы хапаюць людзей, не прадстаўляючыся... Вы мне прабачце, гэта нонсэнс. Што заслугоўваюць, тое і атрымліваюць.

— У 1994-м вы настойвалі на тым, што прэзідэнта трэба абіраць усенародна.

— На гэтым варыянце стаялі ўсе, у тым ліку апазіцыя і Пазняк... Вядома, дурное. Вядома, не прадумана. Вядома, не бачылі перспектываў. Цяпер я разумею, што

на той час мы яшчэ не саспелі для ўсенароднага абрання кіраўніка дзяржавы. Трэба было, як у іншых дзяржавах, даць права Вярхоўнаму Савету абіраць прэзідэнта — хоць бы першыя тэрміны. Тады было б усё нармальна.
Але мы хітрыя заднім розумам.

— Беларусы былі не гатовыя да адказнага выбару?

— Я лічу, так. Людзі былі гатовыя пайсці за тым, хто больш абяцаў і хто больш лаяў тагачасную ўладу.

— Але калі вас пасля адстаўкі Шушкевіча абралі старшынёй Вярхоўнага Савета, вы фармальна займалі найвышэйшую пасаду ў краіне. Можа, варта было ўмацоўваць сваю ўладу?

— Так, я гэта ўсё разумею сёння. І тады разумеў. Сітуацыя склалася так, што я ў сваім жыцці не планаваў быць старшынёй Вярхоўнага Савета. За месяц да свайго абрання я нават

адмовіўся быць міністрам унутраных спрачаў або старшынёй КДБ — Кебіч асабіста прапаноўваў мне заняць пасаду на выбар.

Я не хацеў і не планаваў рабіцца старшынёй парламента! Таму ў мяне не было каманды. Я пачаў яе збіраць, але тут сталі прымаць Канстытуцыю, потым стартавалі выбары прэзідэнта, і я сваю каманду стварыць не паспеў.

— Якія ў вас былі адносіны з Лукашэнкам?

— Калі яго абралі прэзідэнтам, даверу з яго боку я не адчуў. А я да яго не прасіўся.

— Ён што, нават не спрабаваў перацягнуць вас на свой бок?

— Не спрабаваў. Хоць, напэўна, ён спрабаваў гэта рабіць, але не такім шляхам, як гэта робіцца ў нармальным цывілізаваным грамадстве: размовамі, перакананнем, а сваімі метадамі — запалохаць, зламаць, падпарадкаваць.

Як толькі ён стаў прэзідэнтам, то выдаў першы ўказ аб арганізацыі працы кіраўніка справамі прэзідэнта. У сакратарыята Вярхоўнага Савета, якому належала ўласнасць парламента, забраў будынак, транспарт (83 аўтамашыны), гараж. Заробак наш бухгалтар павінен быў атрымліваць ва ўпраўленні справамі прэзідэнта, што супярэчыла Канстытуцыі.

Увогуле, Лукашэнка адразу пачаў ламаць нас праз калена. А я ж законнік. Звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд (КС), але там паўгода гуму цягнулі.

Я Ціхіню (старшыні Канстытуцыйнага суда — Р.Г.) кажу: ё..., ты разгледзіш гэтую справу ці не, якога хера ты задам круціш? Як я яго прыціснуў, то ён пачаў выстаўляць патрабаванні таму боку, а потым тэлефануе мне: Лукашэнка адклікаў свой указ. Я кажу: і што?! Маёмасць жа Вярхоўнаму Савету не вярнулі.

Як у ваду глядзеў: сёння адмянілі ўказ прэзідэнта і суд, а назаўтра выйшла распараджэнне Лукашэнкі, якое паўтарыла тыя ж палажэнні, але які мы па працэдуры ўжо не маглі абскардзіць у КС.

— Калі вы адчулі, усвядомілі, што знаходзіцеся ў апазіцыі?

— Я стаў у апазіцыю да Лукашэнкі, калі той пачаў парушаць Канстытуцыю і закон. Накіраваў, па-мойму, 16 хадайніцтваў у КС аб парушэннях закона з яго боку.

Яшчэ за некалькі месяцаў да заканчэння работы Вярхоўнага Савета XII склікання Лукашэнка забараніў выдаваць зарплату дэпутатам, якія працавалі на пастаяннай аснове, — а гэта 80 чалавек з 340. Мне плаціць, а ім не. Я пайшоў да Чыгіра (прэм'ер-міністра — Р.Г.), мы з ім гарбаты папілі (у яго ў шафе бітон мёду стаяў), пагаварылі, усё вырашылі. Не паспеў я дайсці да кабінета, як Лукашэнку ўсё ўжо даклалі (кабінет праслухоўваўся), і Чыгір нічога зрабіць не можа.

Тады я сказаў сакратарыяту: раз вы не плаціце заробак дэпутатам, то і я атрымліваць яго не буду. Заробку мы не атрымлівалі месяцаў шэсць. Спагналі яго толькі пасля абрання новага Вярхоўнага Савета.

— Даўно вы бачыліся з Казуліным? Што з ім цяпер? Інтэрв'ю пра сябе ён не дае.

— Даўно. Ён жа пакрыўдзіўся на нас, на мяне ў тым ліку: мы не пераабралі яго старшынёй партыі [БСДП (Грамада)], калі ён знаходзіўся ў турме. Але ў прынцыпе мы з ім не сварыліся, камунікуем, вітаемся.

— Як наогул перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2006 паўстаў варыянт з прыходам Аляксандра Казуліна на крэсла старшыні партыі?

— Ён выйшаў на нас. Нябожчык цяпер прафесар Леанід Лойка, сябра нашай партыі, выкладаў ва ўніверсітэце, быў з ім знаёмы. Было заяўлена, што Казулін сур'ёзна падрыхтаваны да прэзідэнцкіх выбараў, мае матэрыяльныя рэсурсы, і трэба яму дапамагчы чалавечымі.

Казулін малакіраваны, вельмі аўтарытарны чалавек. Напрыклад, я быў начальнікам ягонага выбарчага штаба, а насамрэч агітацыю і прапаганду праводзіў іншы штаб.
Сітуацыя была складаная, мы з ім спрачаліся, я хацеў сысці, але вырашыў публічна гэтага не рабіць.

— Такое ўражанне, што пасля выхаду з турмы Казулін знаходзіцца ў прастрацыі.

— Яго цяжка асуджаць. Там цяжка не зламацца. Потым ён выйшаў — а нічога няма. Ніхто нічога не дае. Працы няма, а жыць за нешта трэба.

— Дык што, на выбарах ён не зарабіў?

— Тое, што ён траціў на выбары... Я не ведаю, дзе ён браў, колькі і хто яму даваў, што ў яго засталося. Але я разумею, што ён мог застацца наогул на бабАх. Усё выдаткаваць, а тут вярнуўся — ні храна няма. Ва ўсякім разе, я цяпер не бачу па ім, што ён багаты.

— Гэта значыць, яго з грашыма маглі і «кінуць»?

— Вядома, без праблем. Ой, там такія справы...

— Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010-га вы думалі пра ўдзел у іх у якасці кандыдата.

— У мяне была такая сітуацыя. Па даручэнні партыі я ўваходзіў у палітраду Аб'яднаных дэмакратычных сіл і прапаноўваў вылучыць ад АДС кандыдата. Раз сказаў, два, але ўбачыў, што мае словы не знаходзяць разумення. Зразумеў, што там ёсць іншыя планы.

Калі б ад АДС вылучалі кандыдата, я б сваю кандыдатуру не здымаў. А

калі я паглядзеў, колькі жадаючых ісці ў прэзідэнты — вылучацца перахацелася. Было б проста сорамна ва ўсім гэтым боўтацца. Як казала мая мама, палезлі і жук і жаба. Усе лічаць, што могуць кіраваць дзяржавай.

Партыя гвалтоўна вылучыць мяне не магла. Мне ўжо разоў 20 прапаноўвалі ўзначаліць «Грамаду», але я не бачу ў гэтым неабходнасці.

— Вы пражылі вялікае жыццё. Яшчэ чагосьці баіцеся?

— Ужо нічога.

Усе прыгнятальныя дзеянні, якія ўлады маглі да мяне ўжыць, яны ўжылі. Яны любяць паздзекавацца, напаскудзіць, паказаць, што ты ніхто.

У 1995-м толькі адбыўся рэферэндум, абралі Вярхоўны Савет новага склікання, назаўтра (я жыў у Драздах) у 8 раніцы няма шафёра. Такога не было ніколі! Ён тэлефануе: машыну не выпусцілі з гаража.

За месяц да заканчэння працы Лукашэнка адабраў у мяне машыну, адабраў ахову, адабраў усё. І я на працу ў Вярхоўны Савет павінен быў з Драздоў дабірацца пешшу. А скардзіцца, ісці ў суд — скажуць: во расплакаўся, машыну адабралі. Я плюнуў на ўсё гэта.

У 1997 годзе мяне выключылі з лечкамісіі, дзе я быў і як дэпутат і як заслужаны юрыст. Праз два гады выключылі ўжо зусім хворую жонку. Я напісаў Абельскай ліст — яна адказала, што зрабіць нічога не можа, усё залежыць ад кіраўніка справамі прэзідэнта.

Вось такі здзек, вось такое паскудства рабілі. Пайшлі вы нахер. Напісаў Жураўковай — яна адказу нават не дала.

Дык чаго мне сёння баяцца? Ды пайшлі яны ўсе...

— Што вы маглі зрабіць у сваім жыцці, але не зрабілі?

— Я мог пастарацца не дапусціць усяго гэтага бязладдзя. Трэба было дамагчыся, каб першы прэзідэнт абіраўся Вярхоўным Саветам. Лукашэнка ніколі не быў бы парламентам абраны прэзідэнтам. Ніколі. У яго ніякага аўтарытэту не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?