svaboda.org

svaboda.org

«З Дзмітрыем Іванавічам Усам я разам знаходзіўся ў карантыне выпраўленчай калоніі № 19, — кажа Ілля Васілевіч. — Стаўленне да яго з боку адміністрацыі было больш строгае, чым да астатніх зняволеных. Дзмітрый Іванавіч не падпісаў паперы „аб правапаслухмяных паводзінах“, але разам з іншымі асуджанымі прыцягваўся да прыбірання памяшканняў карантыну. Мне падаецца, нават часцей за іншых.

Потым яго этапавалі ў Мінск для ўстанаўлення групы інваліднасці, але групу не далі, ён зноў вярнуўся ў ВК-19.

Але не трэба было быць лекарам, каб зразумець, наколькі яму цяжка даецца выкананая ім праца.

Камісія, якая прызначыла Дзмітрыю Усу інваліднасць трэцяй ступені, была скліканая, наколькі я памятаю, толькі на пачатку верасня ўжо ў зоне. І калі да рашэння камісіі аб групе інваліднасці Дзмітрый Іванавіч працаваў да абеду, то зараз яго сталі ганяць на вытворчую зону з раніцы да вечара, як і мяне, і Федаркевіча (у справе у якога, дарэчы, адзначана, што ён інвалід другой групы) . Нас прымушалі працаваць, хоць мы не „дэкрэтчыкі“ і не „пазоўнікі“ (няма эканамічных пазоваў, няма матэрыяльных прэтэнзій), у той час як „пазоўнікаў“ — няма.

Некалькі разоў мы з Дзмітрыем Іванавічам перасякаліся ў сталовай прамзоны. Ён звычайна прасіў чалавека, які накладае ежу, наліваць яму толькі паўталеркі супу.

Справа ў тым, што ў яго дрэнна працуе адна рука і ён не можа данесці талерку да падноса, каб не разліць суп.
Калі ў мяне атрымлівалася быць побач, я дапамагаў яму, але гэта здаралася нячаста — мы са Дзмітрыем Іванавічам былі ў розных атрадах.

Ён казаў мне, што лісты яму ідуць вельмі доўга, і сумняваўся, ці даходзяць да адрасатаў лісты, якія адпраўляе ён. Лісты з квітанцыямі аб падпісцы на газеты прыносілі яму толькі тады, калі месяц ужо сканчаўся. Вядома, адміністрацыя рабіла гэта спецыяльна, у разліку здзейсніць псіхалагічны ціск на кандыдата ў прэзідэнты.

Асабліва мне запомнілася, як аднойчы ён сумна сказаў мне: „Напэўна, я не дажыву…“

Але нягледзячы на ​​ўсе нягоды і цяжкасці ён не падпісвае прашэнне аб памілаванні. Ён вельмі мужны і стойкі чалавек».

***

26 верасня сваякам экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года Дзмітрыя Уса стала вядома, што ён пераведзены з магілёўскай калоніі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь на вул. Валадарскага ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?