У Беларусі пачаў дзейнічаць закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму». Як новы заканадаўчы акт можа адбіцца на паводзінах беларускіх палітыкаў за мяжой?

Акрамя новага закону ўлады ўнесьлі зьмены і дадаткі ў некаторыя іншыя заканадаўчыя акты, якія тычацца «ўзмацненьня адказнасьці за дзеяньні супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі». Цяпер яны непасрэдна закранаюць і паводзіны беларускіх грамадзянаў за мяжой. Пра гэта заяўляе старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка:

Сухарэнка: «Лідэры апазыцыйных палітызаваных арганізацыяў Беларусі неаднаразова дэкляравалі свае паўнамоцтвы ад імя беларускага народу з трыбунаў міжнародных форумаў (АБСЭ, Рады Эўропы), незаконна прысвойваючы сабе паўнамоцтвы афіцыйных прадстаўнікоў. Яны сьвядома даводзяць да міжнароднай супольнасьці наўмысна хлусьлівую інфармацыю аб палітычных працэсах у Беларусі. Галоўная мэта такіх заяў – схіленьне палітычных колаў заходніх дзяржаваў да жорсткіх захадаў супраць кіраўніцтва нашай краіны, увядзеньня эканамічных ды палітычных санкцыяў, а таксама стварэньня перадумоваў да ўмяшаньня ва ўнутраныя справы рэспублікі».

Апазыцыйны лідэр Аляксандр Мілінкевіч гаворыць, што новыя законы ня зьменяць яго паводзіны за мяжой, і карэктаваць свае выступы ён не зьбіраецца:

Мілінкевіч: «Я абсалютна нічога ня буду зьмяняць. Бо калі нешта зьмяняць, дык трэба альбо класьціся на печ, альбо рыбу вудзіць у возеры. Я заўсёды выказваюся ад свайго імя. Ніхто ня можа забараніць чалавеку мець тую ці іншую думку. Як заўжды, я буду абсалютна шчырым, паколькі лічу, што гэта ідзе толькі на карысьць Беларусі. Асабліва ў кантактах у замежжы, паколькі людзі там маюць надзвычай мала інфармацыі аб Беларусі. А пра тое, што беларускія ўлады прыдумляюць новы закон скажу: гэта – ад страху, усё ж яны баяцца».

Праваабаронца, юрыст Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ўжо летась дзейнічала палажэньне аб так званай «дыскрэдытацыі краіны» ў Крымінальным кодэксе. Менавіта з гэтай нагоды пракуратура вынесла папярэджаньні Аляксандру Мілінкевічу і Ірыне Халіп. Цяпер сытуацыя, на ягоную думку, яшчэ пагоршыцца.

Стэфановіч: «Натуральна, яны ж адсочваюць усю гэтую інфармацыю праз амбасады, міністэрства замежных спраў. Я асабіста неаднаразова з гэтым сутыкаўся, калі выступаў на штогадовых канфэрэнцыях АБСЭ па чалавечаму вымярэньню, якія праходзяць у Варшаве. Там жа прысутнічае і афіцыйная дэлегацыя Беларусі. Натуральна, уся гэтая інфармацыя адкрытая. Але што значыць, калі Сухарэнка кажа: «Выступаюць ад імя беларускага народу?» Гэта што? Яны выходзяць за трыбуну і кажуць: «Я – прадстаўнік беларускага народу?». Кожны ж выступае ад свайго імя, прадстаўляе сябе і выказвае свой пункт гледжаньня на сытуацыю, якая ёсьць у Беларусі».

У Крымінальны кодэкс уведзеныя адпаведныя дадаткі. За так званую наўмысна хлусьлівую інфармацыю і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца пакараньне – да шасьці месяцаў арышту альбо да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода, Менск

Фота KSD

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0