Прадстаўнікі Еўрапейскай Камісіі правялі раптоўныя праверкі ў некалькіх кампаніях газавай галіны па падазрэнні ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства Еўрасаюза, паведамляе РІА «Навіны», спасылаючыся на прэс-рэліз Еўракамісіі.

«Еўракамісія правяла рэйдавыя праверкі ў памяшканнях кампаній, якія займаюцца пастаўкамі, перадачай і захоўваннем прыроднага газу», — паведамляе Еўракамісія.

У прыватнасці, ператрусы прайшлі ў берлінскім прадстаўніцтве Gazprom Germania — даччынай кампаніі расейскага «Газпрама» і ў офісе даччынай кампаніі Vemex ў Чэхіі.

Сама Еўракамісія не называе кампаніі, у офісах якіх былі праведзены ператрусы. Аднак да цяперашняга часу інфармацыю аб ператрусах пацвердзілі ў чэшскім падраздзяленні нямецкага энергаканцэрна RWE, у нямецкай E.On Ruhrgas і ў польскай газавай манаполіі PGNiG, перадае Reuters.

«Сёння раніцай да нас у будынак з ордэрам на ператрус прыйшлі некалькі супрацоўнікаў Еўракамісіі, яны правяраюць дзейнасць нашага прадпрыемства», — сказаў прэс-сакратар кампаніі Gazprom Germania Бургхард Велькі.

Усяго ператрусы прайшлі ў дзесяці дзяржавах.

«Камісія асцерагаецца, што зацікаўленыя кампаніі могуць займацца антыканкурэнтнымі практыкамі ў парушэнне антыманапольнага заканадаўства ЕС або што яны валодаюць інфармацыяй, якая адносіцца да такой практыкі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўракамісіі.

«Камісія расследуе магчымыя антыканкурэнтныя практыкі ў галіне паставак прыроднага газу ў дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы…
Камісія падазрае абмежавальныя паводзіны, такія як сегментацыя рынку, перашкоды для доступу да газаразмеркавальных сетак, перашкоды для дыверсіфікацыі паставак, а таксама магчымыя эксплуататарскія паводзіны, напрыклад, завышэнне цэн», — паведамляе Еўракамісія.

У той жа час камісія таксама вывучае падазрэнні антыканкурэнтных паводзін у шкоду самім пастаўшчыкам, таксама адзначаецца ў паведамленні.

«Факт, што камісія правяла падобныя праверкі, не азначае вінаватасці кампаній», — гаворыцца ў паведамленні.

Зараз камісія праверыць атрыманыя звесткі і прыме рашэнне. У выпадку ўстанаўлення віны кампаніям пагражае штраф, памер якога вызначыць Еўракамісія.

Беларусь і Украіна таксама не раз вінавацілі «Газпрам» у адвольным утварэнні цэнаў і выкарыстанні газавага крана для дасягнення эканамічных і палітычных мэтаў, аднак гэтыя краіны пакуль не здолелі выпрацаваць скаардынаваную палітыку ў адносінах з «Газпрамам».

У Беларусі «Газпрам» дабіваецца поўнага кантролю над газаразмеркавальнымі сеткамі «Белтрансгаза», манапаліста ў газавай сферы.

Ператрусы ў Еўропе адбыліся неўзабаве пасля таго, як стала вядома, што ўлада ў Расіі зноў афіцыйна пяройдзе да Уладзіміра Пуціна — ідэолага пабудовы новых газаправодаў «Паўночны паток» і «Паўднёвы паток», якія, паводле задумы, павялічаць долю расійскага газу ў еўрапейскім паліўным балансе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?