Міністр фінансаў Германіі Вольфганг Шойбле папрасіў амерыканскае кіраўніцтва не ўмешвацца ў эканамічную палітыку Еўрасаюза, а замест гэтага засяродзіцца на вырашэнні ўласных эканамічных праблем.
Як перадае Agence France-Presse, такую заяву нямецкі палітык зрабіў у аўторак, 27 верасня, выступаючы ў Еўрапейскай школе менеджменту і тэхналогій у Берліне.

Шойбле заявіў, што даваць парады іншым значна лягчэй, чым прымаць уласныя рашэнні, і што асабіста ён з лёгкасцю мог бы пракансультаваць амерыканскі ўрад. «Нават калі Абама лічыць інакш, я не думаю, што праблемы Еўропы сталі прычынай праблем ЗША», — падкрэсліў міністр.

AFP адзначае, што такім чынам Шойбле, відавочна, адрэагаваў на словы Барака Абамы, які раней заявіў, што няздольнасць ЕС даць рады праблеме замежнага доўгу Грэцыі «палохае свет».

Да ўрадаў еўрапейскіх краін таксама звярнулася дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, якая заклікала правесці рэформы для выхаду з пазыковага крызісу.

Грэцыя з 2009 года знаходзіцца на мяжы дэфолту праз свой велізарны замежны доўг. ЕС і МВФ далі на выратаванне грэцкай эканомікі крэдыт у 110 мільярдаў еўра, а ўрад Грэцыі робіць розныя захады для скарачэння дзяржаўных выдаткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?