Праваахоўнымі органамі Мінска распачатая крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара буйной кампаніі, якая займаецца лізінгам на тэрыторыі Беларусі.

Дырэктар кампаніі падазраецца ў махлярстве, якое ён ажыццявіў нібыта з выкарыстаннем лізінгавых схемаў і ААТ «Белаграпрамбанк», які ў справе выступае ў якасці пацярпелага боку.

Паводле дадзеных праваахоўных органаў, з ліпеня 2009 года па жнівень 2010-га дырэктар ад імя сваёй кампаніі заключыў шэраг лізінгавых дамоваў з беларускімі прадпрыемствамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пры гэтым у рэквізітах разліковага рахунку для залічэння лізінгавых плацяжоў былі наўмысна пазначаныя няправільныя дадзеныя.

У выніку гэтай простай і геніяльнай аперацыі падазраваны атрымліваў на свой рахунак плацяжы, якімі беларускія суб’екты мусілі пагашаць раней атрыманыя лізінгадаўцам крэдыты ў ААТ «Белаграпрамбанк».
Агулам, паводле дадзеных праваахоўных органаў, міма беларускага банка прайшло больш за 917 млн рублёў, што па курсе 2010 года складае амаль 300 тысяч даляраў.

Па дадзеным факце ў дачыненні да дырэктара лізінгавай кампаніі распачатая крымінальная справа па прыкметах здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Беларусі (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры).

У гэтай справе ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Справа ў тым, што кампанія, дырэктар якой трапіў у поле зроку праваахоўных органаў, была зарэгістраваная толькі ў студзені 2008 года. Між тым ужо ў 2009 годзе кампанія здолела дамовіцца з ААТ «Белаграпрамбанк» аб фінансаванні лізінгавых кантрактаў і пачаць працаваць на лізінгавым полі краіны, не маючы ні адпаведнай рэпутацыі, ні ўласнага буйнога капіталу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?