Каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыю Бандарэнку, які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, 28 верасня спаўняецца 48 гадоў.

Дзмітрый Бандарэнка, асуджаны за падзеі 19 снежня на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, зараз адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва.

Нагадаем, пасля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, і 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

20 жніўня закончыўся трэць тэрміну зняволення Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму было адмоўлена, як мяркуюць сваякі і паплечнікі Дзмітрыя, па надуманых прычынах.

Напачатку верасня стала вядома, што Дзмітрый Бандарэнка намінаваны на прэмію Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» па ініцыятыве польскага парламентарыя Марэка Мігальскага.

Гэта прэстыжная прэмія заснавана Еўрапарламентам у 1988 годзе. Яна прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія прысвячаюць сваё жыццё і дзейнасць абароне правоў чалавека і яго свабод, перш за ўсё свабодзе слова. Намінантаў на прэмію «За свабоду думкі» вылучаюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента або групы дэпутатаў, якія павінны сабраць у падтрымку свайго кандыдата не менш як 40 подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?