29 верасня ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў (Гомель) адкрыецца выстава «Галерэя герояў», прысвечаная 200-годдзю падпісання Акту аб незалежнасці Венесуэлы.

Выстава пройдзе ў рамках адкрыцця Дзён культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. У Гомелі пройдуць Дні Венесуэлы.

У экспазіцыі прадстаўленыя партрэты герояў, удзельнікаў бітваў пятнаццацігадовай вайны (1810–1825), сярод якіх партрэты генералаў Балівара, Рыбаса, Паэс, Урбанехі. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль ужо некалькі гадоў плённа супрацоўнічае з пасольствам Венесуэлы ў Беларусі. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стала акцыя, падчас якой пасольствам у дар музею быў перададзены бюст нацыянальнага героя Венесуэлы Франсіска дэ Міранды, у свой час блізка знаёмага з уладальнікамі гомельскага палаца Румянцавых.

У пачатку XIX стагоддзя ў Паўднёвай Амерыцы пачаліся падзеі, якія паўплывалі на ход гісторыі ўсяго свету — барацьба калоній за незалежнасць ад Іспаніі. Гэтай барацьбой кіраваў Франсіска дэ Міранда, які абвясціў ў 1811 годзе незалежнасць Венесуэлы. Калі ён трапіў у іспанскі палон у 1812 годзе, барацьбу ўзначаліў Сымон Балівар. Кровапралітная вайна за незалежнасць доўжылася дзесяць гадоў і завяршылася ў 1821 годзе. Балівар стаў прэзідэнтам Вялікай Калумбіі, у склад якой уваходзілі Венесуэла, а таксама цяперашнія Калумбія, Панама і Эквадор. Пасля яго смерці ў 1830 году Вялікая Калумбія распалася, Венесуэла стала самастойнай рэспублікай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?