У трэцім квартале 2007 году радыёстанцыя «Беларусь» плянуе пачаць вяшчаньне ў FM‑дыяпазоне. Пра гэта БЕЛТА паведаміў намесьнік міністра інфармацыі Беларусі.

Радыёстанцыя ахопіць памежныя раёны — Гомель, Горадню, Берасьце, а таксама прылеглыя раёны Польшчы. Паводле інфармацыі галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчаньня Беларускага радыё Навума Гальпяровіча, мяркуецца, што сярод першых у этэр выйдзе праграма «Начная гадзіна з радыёстанцыяй «Беларусь»» адзін з новых праектаў вяшчальнага сэзону. «Начная гадзіна» складаецца з інфармацыйна‑пазнавальных рубрык: камэрнатоў спэцыялістаў па актуальных пытаньнях, навінаў, сустрэчы з госьцем у студыі, падзеяў культурнага жыцьця, конкурсаў.

Радыёстанцыя «Беларусь» ёсьць структурным падразьдзяленьнем Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Яе пазыўныя на кароткіх хвалях гучаць у міжнародным этэры ад 11 траўня 1962 году. Першапачаткова перадачы былі толькі на беларускай мове. З 1985 году пачалося вяшчаньне на нямецкай мове, а ў 1998 годзе радыёстанцыю пачулі на расейскай і ангельскай мовах.

Летась радыёстанцыя «Беларусь» пачала вяшчаньне на польскай мове. Сёлета яе сярэднесутачны аб’ём вяшчаньня складае 19 гадзінаў: дзевяць гадзін па‑беларуску, расейску, ангельску і нямецку і яшчэ дзесяць гадзін па-ангельску ў інтэрнэце.

Паводле інфармацыі БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0