28.09.2011 / 14:01

Запалоханыя: ці можна на іх хоць трохі спадзявацца? 23

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Я спяшаўся і таму ішоў, не гледзячы па баках і, бадай, нікога не заўважаючы. І раптам пачуў: «Здароў, Анатоль Сідарэвіч!» Спыніўся, павярнуў голаў на голас. Чалавек працягвае руку — і я працягваю. Рукаемся. Завязваецца размова. А мой мозг тым часам напружана працуе:

хто гэты мажны і маладзейшы за мяне мужык?
Нарэшце ўспамінаю і пры зручным выпадку называю ягонае імя. Мужчына, які здагадваўся, што я яго не памятаю, цяпер задаволены.

Мы не бачыліся, бадай, сорак гадоў. Ён тутэйшы, зямляк. Мы былі добра знаёмыя. Падчас нашае апошняе сустрэчы ён быў студэнтам. Мілавідны, стройны, вясёлы, гаваркі…

Гаваркі ён і зараз. Кіраўнік прадпрыемства мясцовага маштабу. Колькі год таму назад я пісаў, што тое прадпрыемства стаіць, што вокны зараслі павуцінай. Пытаюся: дык яно працуе? Мой суразмоўца задаволена кажа: рэанімавалі. Я не пытаюся, колькі ж грошыкаў спатрэбілася дзеля рэанімацыі і дзе тыя грошы ўзялі. Пытаюся:

як працуецца цяпер, калі эканоміку трасе? І мой суразмоўца ніякавее, губляе ўпэўненасць. Яму не хочацца размаўляць на гэтую тэму. Я адчуваю, што ён баіцца гэтае тэмы, бо давядзецца казаць праўду і крытыкаваць палітыку таго, хто самы галоўны, а крытыкаваць ён баіцца яшчэ больш.
Наша размова скамечваецца. Ён паціскае мне руку і крочыць далей

І тут жа згадваю іншую размову — з адміністратарам мясцовага значэння. Размаўлялі пра базавую школу, фельчарска-акушэрскі пункт (ці хутка іх зачыняць), пра іншыя мясцовыя праблемы. Неўпрыкмет размова перайшла на сталічныя справы, і нейк прагучалі імёны Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі… Я кажу пра іх як пра нябожчыкаў. Адміністратар з кволай надзеяй пытаецца:

— Вы думаеце, што іх…?

Ён не асмельваецца прамовіць апошняе слова.

— Я ўпэўнены, — адказваю яму і бачу, як хваля жаху прабягае па твары гэтага ўжо немаладога чалавека, які, аднак, навучыўся валодаць сваімі эмоцыямі.

…Іх варта было б пашкадаваць — майго даўняга знаёмца гаспадарніка, і адміністратара, і тысячы да іх падобных. Яны запалоханыя. Але

я трохі ведаю псіхалогію запалоханых: не ўсе, але многія з іх шчыра ненавідзяць тых, хто не баіцца, хто смее нешта казаць і нешта рабіць насуперак таму, каго яны баяцца.
Таму іх трэба і шкадаваць, і асцерагацца. Гэта, здаецца, зразумела, але мне не дае спакою пытанне:
ці можна на іх хоць трохі спадзявацца?
0
Сашка-полешук / Адказаць
28.09.2011 / 14:10
Как Европа надеялась на диалог с Лукашенко. Так и на них можно. Очень наивно.
0
Danik / Адказаць
28.09.2011 / 14:15
Ёсьць запалоханыя і ёсьць асьцярожныя.
0
НАЦДЭМ / Адказаць
28.09.2011 / 14:16
ці можна на іх хоць трохі спадзявацца == Можна, калі яны ўбачаць альтэрнатыву страху!
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру