Андрэя Саннікава, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, этапуюць у папраўчую калонію № 2 Бабруйска з-за публікацый яго жонкі, журналісткі Ірыны Халіп.
Аб гэтым Халіп заявілі ў дэпартаменце выканання пакаранняў (ДВП) МУС, паведаміла журналістка 27 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У ДВП, паводле слоў Халіп, заявілі, што, пераводзячы Саннікава ў іншую калонію, ёй «пайшлі насустрач», бо яна ў сваіх артыкулах пісала, што «ў наваполацкай калоніі дрэнная экалогія».

«Мы яго перавядзём на поўдзень, у Бабруйск, там так выдатна — выспяваюць абрыкосы. Вы самі падумайце: Бабруйск, Бердычаў… Хіба яўрэі селяцца там, дзе дрэнна?»
 — працытавала Халіп словы аднаго з супрацоўнікаў ДВП.

Паводле слоў жонкі палітыка, ёй «проста нахабна хлусілі ў вочы». «Спачатку мне на блакітным воку расказвалі, што Саннікаў ужо пад’язджае да Бабруйска, потым казалі, што невядома, калі ён туды прыбудзе, што ён сядзіць у Магілёве. Пра Віцебск мне наогул нічога не казалі», — растлумачыла журналістка.

Пры гэтым Халіп падкрэсліла: «У крымінальна-выканаўчым кодэксе нічога не напісана аб тым, што публікацыі ў прэсе з’яўляюцца падставай для пераводу ў іншую калонію».

* * *

Як паведамлялася раней, 21 верасня жонка Саннікава Ірына Халіп атрымала тэлеграму ад начальніка наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне яе муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска.

23 верасня Халіп наведала дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС, дзе ёй паведамілі: Саннікаў «знаходзіцца ў дарозе» і павінен быць дастаўлены ў бабруйскую калонію 24 верасня. Этап з Наваполацка ў калонію № 2 Бабруйска сапраўды прыбыў у суботу, аднак Саннікава сярод зняволеных не было. Высветлілася, што ўвесь гэты час ён знаходзіўся ў віцебскім перасыльным пункце.

Цяпер вядома, што Саннікаў знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Магілёве. Колькі ён там будзе, невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?