28.09.2011 / 22:05

«Барса» дала майстар-клас: 0:5 +відэа галоў 67

Ганчарэнка: раней «Барселона» часам давала супернікам пагуляць у футбол, арганізаваць контратакі, цяпер гэта робіцца ўсё цяжэй.

«Нам яшчэ давядзецца аналізаваць тое, што адбылося, але гэта ўрок, — сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. — Але нам не хапае матчаў такога ўзроўню».

«Каб у нас было некалькі такіх матчаў узроўню «Барселоны», ці хаця б на ўзровень ніжэй, то нам бы ўдалося супрацьстаяць «Барселоне», а так каманда ўключыла фантастычную хуткасць, і мы з ёй не справіліся», — сказаў галоўны трэнер беларускага клуба.

«Вынік непрыемны, але я не магу пусціць крытычныя стрэлы ў адрас каманды. Мы гулялі з «Барселонай», — падкрэсліў Ганчарэнка.

Ён зазначыў, што каманда дапусціла шмат памылак, і супраць каталонскага клуба не спрацаваў «план Б», пра які ён казаў на перадматчавай прэс-канферэнцыі [мелася на ўвазе, што ў выпадку прапушчанага мяча БАТЭ памяняе стыль гульні — НН].

Сп. Ганчарэнка зазначыў, што калі раней «Барселона» часам давала супернікам пагуляць у футбол, арганізаваць контратакі, цяпер гэта робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Сёння БАТЭ паспрабавала гуляць на контратаках, але з гэтага нічога не атрымалася.

Галаўкам БАТЭ адмовіўся каментаваць гульню маладых гульцоў, што выйшлі на замену — Кірыла Алексіяна і Вадзіма Курловіча (Алексіян вельмі ажывіў атаку беларускага клуба і некалькі разоў пагражаў чужым варотам), зазначыўшы, «што маладыя атрымалі порцыю практыкі».

Трэнер «Барселоны» Хасэп Гвардыёла першым прыйшоў на прэс-канферэнцыю, але зрабіў гэта з сур’ёзным спазненнем: праз паўгадзіны пасля заканчэння гульні. Палова яго прэс-канферэнцыі зноў прайшла на каталанскай мове, што ўрэшце вывела з сябе беларускага журналіста «Асашыэйтэд Прэс», які двойчы апеляваў да Гвардыёлы і прэс-сакратара гасцей.

Урэшце прэс-сакратар «Барсы» «зрабіў ласку», і «спецыяльна» для беларускага карэспандэнта АП пераклаў Гвардыёлу з каталанскай на англійскую.

Гвардыёла зазначыў,

што няглядзечы на лік 5:0, гэта быў не зусім просты матч, што першыя хвіліны каманды змагаліся, але пасля 0:2 «БАТЭ пайшоў уразнос»
. У сваёй прамове на каталанскай ён чамусьці згадаў прозвішча Мілеўскага.

Чаму, гэта так і засталося загадкай.

Затым адзначыў у беларускай камандзе Кежмана і Брэсана.

Задалі журналісты і пытанне: «Чаму ў Барселоне не прыжыўся Аляксандр Глеб?».
Гвардыёла адказаў, што Глеб не часта выходзіў на поле, яго перабыванне на другіх ролях і не найлепшыя кандыцыі прывялі да таго, што беларус мусіў пакінуць «сіне-гранатавых».
Каталанскі патрыятызм досыць арганічна глядзеўся на матчы.
Сцягі Каталоніі, суддзя-інфарматар, які аб'явіў склад «Барсы» на каталанскай. На гэтым фоне дастаткова дзіўна было чуць гімн БАТЭ па-расійску і ўсе песні пра каманду.

Цікава, Гвардыёла, Месі, Хаві і кампанія адчулі, што яны прыяжджалі ў Беларусь, ці гэта для іх была ўскраіна Расіі?

* * *

Што наконт апладысментаў падчас матчу?

Заўзятары калі і апладзіравалі, то спачатку БАТЭ, затым у другой палове гульні Кірылу Алексіяну, які вельмі добра ўпісаўся ў гульню, а затым «Барселоне» і персанальна Ліянелю Месі.

Разыходзіліся заўзятары злыя і мокрыя ад дажджу, які пачаўся ў першай палове гульні і да перапынку ператварыў газон у поле для воднага пола. Праўда, аказалася, што і ў водным пола «Барселона» узяла верх.

Зазначым, што ў сераду БАТЭ атрымала самую буйную паразу ў Лізе чэмпіёнаў, прычым на сваім полі. Было 1:7 ад «Лакаматыва» ў Барысаве ў 1999 г., але гэта быў Кубак УЕФА. Таксама было 0:4 ад «Мілана» ў 2000 г., але гэта таксама было ў Кубку УЕФА.

* * *

БАТЭ – Барселона – 0:5 (0:3, 0:2).

Галы: 0:1 – Валадзько (19, аўтагол), 0:2 – Педра Радрыгес (22), 0:3 – Месі (38), 0:4 – Месі (56), 0:5 – Вілья (90).

БАТЭ: Гутар, Бардачоў, Філіпенка, Сіміч, Бага, А.Валадзько, Аляхновіч, Канцавы, Брэсан (Курловіч, 82), Рудзік (Алексіян, 60), Кежман (Скавыш, 56).

БАРСЕЛОНА: Вальдэс, Даніэл Алвес, Пуёль, Абідаль (Адрыану, 61), Хаві (Фабрэгас, 60), Алькантара, Маскерана, Кейта, Вілья, Месі, Педра Радрыгес (Максвел, 69).

Папярэджанні: Даніэл Алвес (77), Сіміч (81).

***

У сераду ў нашай групе «Мілан» перамог «Вікторыю» з лікам 2:0.

Пасля 2-х тураў: Барселона — 4 (розніца мячоў 7–2), Мілан — 4 (4–2), Вікторыя — 1 (1–3), БАТЭ — 1 (1–6).

Наступныя дзве гульні БАТЭ правядзе з «Міланам»: 19 кастрычніка ў Італіі, 1 лістапада — у Мінску.

1

Госці на 1-й хвіліне гульні зарабілі штрафны.

2

На 2-й хвіліне Канцавы, пасля вуглавога, біў па варотах «Барсы» галавой, але мяч пайшоў вышэй брамы.

8

«Барса» адказала двума вуглавымі на 5-й і 8-й хвіліне.

12

На 12-й хвіліне Мэсі небяспечна біў з штрафнога. Мяч прайшоў за метр ад штангі БАТЭ.

19

Месі ў барацьбе з Валадзько замкнуў прастрэл. Спачатку мяч запісалі як аўтагол Аляксандра Валадзько, пасля запісалі на рахунак Мэсі, а пасля гэтае шчасце ўсё ж вярнулі Валадзьку. 0:1 на карысць «Барселоны».

22

На 22-й хвіліне Педра Радрыгес забівае другі гол. 0:2.

25

Ад самага пачатку матча на полі абсалютна дамінуе «Барсэлона». Гуляюць нібы па нотах. Пасуюць дакладна. Нашы прыціснуліся да ўласных варот.

30

Першая сапраўдная атака нашай каманды адбылася на 31-й хвіліне матча. Валадзько рваўся да варот Вальдэса і нават меў шанец выйсці адзін на адзін.

33

«Проста ўсё ўдаецца ў «Барселоны» — усклікае каментатар Уладзімір Навіцкі. Ён каментуе матч па-расейску, хоць мог бы і па-беларуску.

38

Ліянэль Мэсі забівае трэці гол: лёгка, нібы на трэніроўцы — 0:3 на карысць «Барсы».

Пачаўся другі тайм. Ідзе праліўны дождж.

Горача ля варотаў БАТЭ, якія ўзялі ў аблогу каталонцы.

48

Мэсі зноў біў па варотах, але не пацэліў.

54

БАТЭ трохі распружылася, хлопцы пачалі гуляць смялей. Іх актыўна падтрымліваюць балельшчыкі.

56

Дакладным ударам у верхні кут варотаў Мэсі робіць лік 0:4.

57

Бліскучая перадача на Абідаля — але Гутар ратуе БАТЭ ад новага гола.

60

У БАТЭ Рудзіка замяніў Кірыл Алексіян, у «Барселоне» — Хаві замяніў Фабрэгас.

63

Скавыш з перадачы Алексіяна ледзь не размачыў лік. Але не дацягнуўся.

66

На поле выбег фанат. Двое ахоўнікаў спрабуюць яго загнаць на трыбуны.

78

Альвес б’е рукой — і зарабляе жоўтую картку.

Б’е Брэсан, але мяч ідзе вышэй за вароты.

89

І, пад завесу, Вілья, карыстаючыся памылкай абаронца БАТЭ, закатвае пяты мяч. Лік — 0:5.

Гучыць фінальны свісток. Гульцы мяняюцца майкамі. «Каму дасталася майка Мэсі? Гэта, бадай, адзінае, што можа нас яшчэ сёння хваляваць», — кажа Уладзімір Навіцкі.

«Мне не хацелася б кідаць зараз нейкія крытычныя стрэлы на адрас БАТЭ, — сказаў трэнер Віктар Ганчарэнка ў кароткім пасляматчавым каментары. — Мы гулялі з найлепшай камандай свету.
У яе можна павучыцца, як валодаць мячом».

Паводле ацэнак каментатараў, на стадыёне «Дынама» сабралася каля 33 тысячы заўзятараў.

* * *

Стартавыя склады:

БАТЭ — Аляксандр Гутар, Арцём Канцавы, Аляксандр Валадзько, Рэнан Брэсан, Максім Бардачоў, Ягор Філіпенка (капітан), Марка Сіміч, Эдгар Аляхновіч, Дзмітрый Бага, Філіп Рудзік, Мацея Кежман. У запасе: Павел Часноўскі, Дзмітрый Ліхтаровіч, Міхаіл Гардзяйчук, Арцём Радзькоў, Максім Скавыш, Кірыл Алексіян, Вадзім Курловіч.

«Барселона» — Віктар Вальдэс, Даніэль Альвес, Карлес Пужоль (капітан), Хаві Эрнандэс, Давід Вілья, Ліянэль Мэсі, Цьягі Алькантара, Хаўер Маскерана, Сэйду Кейта, Пэдра Радрыгес, Эрык Абідаль. У запасе: Хасэ Пінта, Жэрар Піке, Сеск Фабрэгас, Серхіа Бускетс, Максвел, Адрыяна, Андрэя Фонтас.

У другім матчы групы Н італьянскі «Мілан» прымае чэшскую «Вікторыю». У першым туры БАТЭ згуляў на выездзе ўнічыю з «Вікторыяй (1:1), а „Барселона“ разышлася дома мірам з» Міланам «(2:2), піша БелаПАН.

Тым часам на «Дынама» — беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Перад пачаткам стадыён быў ачэплены міліцыяй, супрацоўнікі якой стаялі праз кожныя 20 метраў. На ўваходзе фанаты праходзілі больш пільны дагляд, чым на апошніх міжнародных матчах у Мінску.

За гадзіну да пачатку матча каля стадыёна сабралася вялікая колькасць заўзятараў. Шмат людзей пытаюцца «лішні» білет. Некаторыя трымалі таблічкі з надпісам «Куплю білет», паведаміў «Інтэрфакс».

Алег Гардзіенка; СМ

0
Lika / Адказаць
28.09.2011 / 22:12
Зараз сэрцы і думкі беларусаў разам хіба гэта не цуд?..
0
дионис / Адказаць
28.09.2011 / 22:25
...наши амбиции канечно дай баже каждому но нада знать свое место...
0
Вышнік / Адказаць
28.09.2011 / 22:32
Ліка, ты пра што? Палавіна беларусаў за гішпанцаў, мо й большая. Няма тут нацыі ўжо даўна.
Паказаць усе каментары/ 67 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру