Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу кастрычніка ўстараніць усе недахопы і парушэнні ў рабоце па рэалізацыі ў Мінску інвестыцыйных праектаў. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў 29 верасня на нарадзе па гэтаму пытанню, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

«Прама скажу, тэмп і якасць рэалізацыі большасці найбольш значных інвестпраектаў мяне не задавольваюць. Увод у эксплуатацыю ў намечаныя тэрміны шэрагу аб’ектаў пад пагрозай зрыву», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Тая бюракратыя, якую вы развялі ў гарвыканкаме, — мяне проста насцярожвае гэта работа. Мне даводзіцца скаргі выслухоўваць ад інвестараў, што тое не зрабілі своечасова, гэта гарвыканкам не вырашыў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Здзеклівае стаўленне да людзей»! — канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папракнуў таксама інвестараў, якія, паводле яго слоў, патрабуюць дадатковых ільгот, скарачаюць капіталаўкладанні, а ў выніку зацягваюць тэрміны будаўніцтва. «Нягледзячы на тое, што замежным забудоўшчыкам прадастаўлены пляцоўкі ў найбольш прэстыжных раёнах горада і шэраг істотных прэферэнцый, некаторыя з гэтых замежных інвестараў не спяшаюцца выконваць узятыя на сябе абавязацельствы», — адзначыў Прэзідэнт.

«Але добрыя і нашы гарадскія ўлады, і іншыя органы і структуры. Бюракратызм, асабліва ў гарвыканкаме, пышна цвіце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Іншаземцы прывезлі грошы, будуюць, а яны іх па паўгода трымаюць у прыёмнай. Абяцаюць — не робяць. Гэта што, вы такім чынам намякаеце і выкручваеце людзям рукі, каб яны вам хабар далі?» — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да сталічнага кіраўніцтва.

«Масква дае 40 працэнтаў расійскага бюджэту, мільярды долараў — вось што такое сталіца для краіны. А ў нас узгадненні, пераўзгадненні, дазволы нейкія і здзекі», — папракнуў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт сказаў, што ў яго было жаданне «вечарам гарвыканкам на ключ закрыць, а раніцай усіх адправіць на вуліцу і набіраць новы склад гарвыканкама». «Мы ўважліва паглядзелі на ўсіх паверхах вашай работы — бюракратызм страшэнны, з людзьмі размаўляць не ўмееце, да здзекаў даходзіць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалая Ладуцькі, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу разабрацца з усімі недахопамі ў рабоце выканкама. «Разбярыцеся са сваімі памочнікамі, намеснікамі. Што гэта за наплявацельскія адносіны да людзей?! З экрана вы гаворыце адно, а вашы намеснікі, начальнікі, чыноўнікі, якія там працуюць, а іх не адна сотня, робяць усё наадварот! Я на гэта глядзець спакойна не магу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Не дай бог, вы мне не дадзіце тлумачэнні па гэтых праектах і будзеце расказваць, што вы не вінаватыя, і, не дай бог, у далейшым я яшчэ пачую хоць адну скаргу — крыўдуйце самі на сябе. Там будзе новы старшыня гарвыканкама», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, і міністр унутраных спраў, адказныя за горад, а таксама ўрад на ўсё «закрылі вочы». «Назначаючы новага старшыню выканкама і накіроўваючы туды кіраўніка Адміністрацыі і міністра ўнутраных спраў як людзей Прэзідэнта, якія павінны былі бачыць, што адбываецца, я спадзяваўся, што атрымаю канкрэтную аддачу ад гэтага. Але ўсё наадварот», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Валакіта, зацягванне часу. Цяпер жа трэба інвестара, вобразна кажучы, абдымаць, цалаваць, вадзіць за руку па Мінску, каб ён працаваў. Ён жа валюту сюды вязе!» — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, інвестары праяўляюць вялікую цікавасць не толькі да краіны, але, перш за ўсё, да Мінска. «Дык давайце прыцягнем гэтых людзей, няхай яны ўкладваюць сродкі ў краіну», — рэзюмаваў ён.

Як далажыў Мікалай Ладуцька, цяпер у Мінску рэалізуюцца 268 інвестыцыйных праектаў. Іх геаграфія налічвае больш за 20 краін. Найбольшыя аб’ёмы фінансавых сродкаў плануецца інвесціраваць па праектах партнёраў з Ірана, Кіпра, Расіі, Кітая, Аўстрыі. Сярод інвестараў таксама прадстаўлены кампаніі з такіх краін, як ЗША, Чэхія, Літва, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Люксембург, Украіна, Славакія, Польшча, Турцыя, Азербайджан, Катар і іншыя. З 268 аб’ектаў сёння ў практычнай рабоце знаходзіцца 261 праект.

У структуры рэалізуемых інвестыцыйных праектаў найбольшая доля належыць жылым дамам і комплексам. Далей ідуць аб’екты гандлю, шматфункцыянальныя комплексы, офісныя будынкі, гасцінічныя комплексы, вытворчыя і сацыяльна-культурныя аб’екты. «Мы канстатуем, што, на жаль, у Мінску недастаткова рэалізуецца вытворчых і спартыўных аб’ектаў», — адзначыў мэр Мінска.

Ён прывёў прыклады рэалізуемых цяпер інвестпраектаў. Так, на праспекце Пераможцаў вядзецца знос інтэрната БДУ. Падпісаны інвестыцыйны дагавор па будаўніцтву на гэтым месцы сучаснага гандлёвага цэнтра і гасцінічнага комплексу. У будаўніцтва гэтага комплексу плануецца інвесціраваць больш як $150 млн.

У рамках даручэнняў, дадзеных на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, створаны рэспубліканскі штаб па рэалізацыі праекта «Мінск-Сіці».

Як далажыў Мікалай Ладуцька, да чэмпіянату свету па хакею з шайбай 2014 года ў Мінску будуць уведзены ў строй новыя гасцініцы. Заключана 33 дагаворы на будаўніцтва такіх аб’ектаў. «Тут ёсць пытанні, але нават калі мы атрымаем 14 новых гасцініц, мы будзем мець дастатковую колькасць месц для таго, каб прыняць гасцей чэмпіянату», — канстатаваў ён.

Яшчэ адным значным па аб’ёмах прыцягнення сродкаў з’яўляецца праект «Маяк Мінска» па забудове тэрыторыі, прылеглай да будынка Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер ідзе рэалізацыя першага этапу будаўніцтва. «Першыя два жылыя дамы будуць уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе, яшчэ два — у снежні», — паведаміў мэр.

«У нас ёсць выдаткі ў рабоце, у тым ліку бюракратычнага характару, — прызнаў Мікалай Ладуцька. — Мы з імі змагаемся, выбудоўваем сістэму. Інвестары для нас сёння вельмі важныя. Нават у гэтым годзе $400 млн. — гэта прамыя грошы. Таму мы разуеем, што для нас сёння работа з такімі грашыма прынцыпова важная».

Аднак Аляксандр Лукашэнка ўказаў Мікалаю Ладуцьку на канкрэтныя факты бюракратызму ў рабоце з інвестарамі. Так, замест аператыўнага вырашэння пытанняў пры рабоце па праекту «Маяк Мінска» перапіска з інвестарам дасягнула небывалага аб’ёму. «500 пісем напісалі на тры дамы!» — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, мэр Мінска лічыць, што існуючыя працэдуры цалкам правільныя: «Ва ўсіх развітых краінах момант ад падачы заяўкі да пачатку рэалізацыі інвестыцыйнага праекта часам складае больш, чым сам перыяд будаўніцтва. Таму што юрыдычныя нюансы, эканамічныя падыходы, выбудоўванне фінансавых патокаў патрабуюць сур’ёзнага часу».

«Ну дык вы збярыцеся, і адзін раз прыміце рашэнне. А не ў дзесяць ступеней гэта рабіць. Прыміце рашэнне, і звярніцеся да Прэзідэнта, калі трэба. А так вы будзеце сядзець і чакаць: адзін другому напісаў, другі трэцяму, трэці яшчэ дзесяці. Потым толькі вы разам зберацеся. Навошта? Каб прыняць элементарнае рашэнне…», — парыраваў Прэзідэнт.

Мікалай Ладуцька прапанаваў па буйных праектах абавязаць інвестараў залічваць на банкаўскі рахунак 15 працэнтаў заяўленага кошту, як гарантыю рэалізацыі праекта. «Ды, калі ласка, дзейнічайце», — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы.

Мэр Мінска таксама далажыў, што ў рабоце па заключэнню інвестдагавораў укаранёны прынцып «аднаго акна». Для таго каб пазбегнуць бюракратызму, прынята рашэнне аб увядзенні дадатковых супрацоўнікаў, якія будуць абслугоўваць усе бягучыя пытанні інвестараў.

«Вам трэба цяпер ордэн даваць за тое, што вы расказалі», — з іроніяй заўважыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Мікалая Ладуцькі.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады як на пралікі ў рабоце сталічных улад з інвестарамі, так і на тое, што некаторыя інвестары не ў поўнай меры выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы.

«Шэраг інвестараў зацікаўлены ў хуткім прыбытку ад першачарговага будаўніцтва жылля, у тым ліку панэльнага тыпу. Такія інвестары, як правіла, першапачаткова ажыццяўляюць толькі будаўніцтва жылля, не займаючыся сістэмна ўсім праектам. Яскравы прыклад — дзелавы цэнтр «Мінск-Сіці», — адзначыў старшыня КДК.

Таксама нямала праблем з рэалізацыяй праекта па будаўніцтву шматфункцыянальнага комплексу «Маяк Мінска». «Непрынцыповая і непаслядоўная пазіцыя камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву Мінгарвыканкама прывяла да істотнага адступлення ад архітэктурнай канцэпцыі, якая перамагла ў 2008 годзе на міжнародным конкурсе і адобрана кіраўніком дзяржавы», — канстатаваў Аляксандр Якабсон.

Паводле яго слоў, канцэпцыя ўяўляла сабой тры горадабудаўнічыя прамяні: аб’екты гандлю, адміністрацыйна-дзелавыя будынкі, жылыя дамы і аб’екты культурна-забаўляльнага прызначэння. «Аднак на сёння адна з лепшых пляцовак сталіцы пагражае ператварыцца ў чарговы жылы мікрараён, паколькі жылыя дамы запланавана будаваць ужо на ўсіх трох прамянях. Праз тры гады з пачатку рэалізацыі праекта тут вядзецца будаўніцтва толькі некалькіх жылых дамоў з раней запланаванага вялікага масіву аб’ектаў дзелавога, гандлёвага, забаўляльнага і грамадскага характару», — падкрэсліў старшыня КДК.

Акрамя таго, заказчык, не маючы вопыту праектавання такіх аб’ектаў, і не знайшоўшы згоды з гарадскімі ўладамі, распрацоўваў праект забудовы ўласнымі сіламі без прыцягнення сталічных праектных арганізацый. На гэта было патрачана шмат часу, і ўзнікла маса няўзгодненасцей. «Мінгарвыканкам і заказчык пастаянна высвятляюць адносіны па будаўніцтву інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры», — адзначыў Аляксандр Якабсон.

Акрамя таго, кіраўнік КДК канстатаваў, што ў палажэннях інвестдагавора па рэалізацыі гэтага праекта месцамі ўтрымліваецца «поўная бязглуздзіца». Так, указам кіраўніка дзяржавы Мінгарвыканкаму было даручана прадугледзець у інвестдагаворы адказнасць заказчыка за невыкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў, аж да канфіскацыі зямельных участкаў за парушэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў без кампенсацыі панесеных затрат. «Аднак згодна з падпісаным дагаворам за парушэнне нарматыўных тэрмінаў зямля можа быць адабрана толькі пасля 1 студзеня 2020 года, у той час як тэрмін рэалізацыі гэтага праекта заканчваецца ў 2017 годзе», — прывёў прыклад Аляксандр Якабсон.

Акрамя таго, ён паведаміў, што ўмовы многіх інвестыцыйных дагавораў утрымліваюць фармальную адказнасць інвестараў, у той час як дзяржава пры парушэнні сваіх абавязацельстваў па асобных дагаворах павінна, напрыклад, выплачваць кампенсацыю да $10 тыс. за дзень.

Аляксандр Якабсон адзначыў, што праблемы ёсць і з рэалізацыяй іншых інвестпраектаў у сталіцы. «Асобныя інвестары скардзіліся на бюракратызм і валакіту камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву. І, відаць, што гэта праўда», — заўважыў кіраўнік КДК.

«Па дагавору ў вас павінна быць прычына скасавання дагавора, калі не выконваюцца вызначаныя тэрміны. Як аказваецца, у вас і дагаворы заключаны незразумела як, ні з сяго ні з таго. Аказваецца, у Мінгарвыканкаме людзі недасведчаныя, або спецыяльна гэта зрабілі, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да мэра Мінска. — Вы здыміце свае пытанні, дайце чалавеку магчымасць будаваць. І калі ён не будуе, спусціце ўжо тады з яго шкуру. А вы 500 пісем напісалі. Гэта ўжо з гэтай паперы можна было пабудаваць „Маяк Мінска“. Навошта іх пісаць? Вы едзьце туды, або ўпаўнаважце намесніка або яшчэ каго-небудзь, хто прымаў бы на месцы рашэнні».

Як адзначыў Аляксандр Якабсон, у дакументах, што прымаюцца па інвестпраектах, прапісаны шэраг ільгот, у тым ліку вызваленне ад выплаты падатку на зямлю і інш. Усе гэтыя палажэнні ўступаюць у сілу з моманту апублікавання ўказа. У сувязі з гэтым старшыня КДК прапанаваў заканадаўча прадугледжваць уступленне ў сілу льгот з моманту падпісання інвестыцыйнага дагавора. «Тады не будзе гэтых праблем з боку інвестараў па зацягванню працэсу падпісання інвестдагавораў і выцягванню ўсё большых прэферэнцый», — лічыць ён.

«Трэба з 1 студзеня 2012 года спыніць усякія льготы. Трэба плаціць — плаціце. Не плаціце — адыходзьце. Прыйдуць сур’ёзныя людзі, у якіх ёсць грошы, і яны заплацяць гэтыя капейкі. Трэба паправіць — давайце паправім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Аляксандр Якабсон прапанаваў, каб па шэрагу, у тым ліку важных праектаў, рашэнні прымаліся на ўзроўні гарадскіх улад, а не праз указы Прэзідэнта. Такая практыка ўжо даўно склалася ў іншых рэгіёнах. «Ёсць гарвыканкам, гэта яго паўнамоцтвы. Тут (у Мінску) як ні праект, дык абавязкова праз указ Прэзідэнта», — заўважыў старшыня КДК.

«Ён (старшыня Мінгарвыканкама) спарадзіў гэту практыку, а цяпер інвестары для таго, каб падстрахавацца ад бюракратызму яго і неразварушлівасці, разважаюць: вось, указ будзе, тады ўсё пойдзе!», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Я ўжо колькі разоў гаварыў: не насі да мяне гэтыя дакументы, прымай рашэнне. Па тых пытаннях, якія трэба адрэгуляваць, яны агульныя для ўсёй краіны, давайце прымем адзін указ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў цэлым заканадаўчая база для эфектыўнай работы з інвестарамі ў рэспубліцы ўжо створана.

З дакладам на нарадзе таксама выступіў начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Валерый Вакульчык. Паводле яго слоў, прычына зацягвання тэрмінаў здачы аб’ектаў часам тоіцца не ў інвестары, а ў арганізацыі работы падраздзяленняў Мінгарвыканкама, суб’ектывізме асобных службовых асоб. Так, інвестары або іх прадстаўнікі рэгулярна сутыкаліся з фактамі непаважлівага стаўлення, а ў некаторых выпадках і хамства, у тым ліку з боку галоўнага архітэктара Мінска Віктара Нікіціна.

Валерый Вакульчык прапанаваў прадугледзець адказнасць службовых асоб за несвоечасовасць прыняцця рашэнняў па супрацоўніцтву з інвестарамі.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Аператыўна-аналітычны цэнтр у выключных выпадках умешваецца ў сітуацыю: «Гэта не яго справа будаваць, бетон мяшаць, шчэбень вазіць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І калі я яму даручыў, значыць, там ёсць пытанне».

Звяртаючыся да Мікалая Ладуцькі, Прэзідэнт сказаў: «Гэта апошняя заўвага, якую я раблю ў сувязі з гэтым пытаннем. Навядзіце жалезны парадак!»

У канцы нарады Аляксандр Лукашэнка даў шэраг канкрэтных даручэнняў. «Што датычыцца ўсяго будаўнічага комплексу, пракантралюйце, Уладзімір Уладзіміравіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей), усе павінны быць „выразаны“, пачынаючы ад Нікіціна і заканчваючы сакратарамі. І барані бог, вы мне не даложыце праз тыдзень аб прыняцці гэтых мер. Вінаваты Радаман (намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман), — значыць, і з ім разбірайцеся», — даручыў Прэзідэнт.

«Усё павінна быць прыведзена ў адпаведнасць. Туды павінны прыйсці сумленныя і прыстойныя людзі. Няпраўда, што там мала грошай і нельга іх зарабіць. Няхай скароцяць напалавіну бюракратычны апарат, а сэканомленую зарплату падзеляць на тых, хто там застаўся. Яны будуць атрымліваць добрую зарплату і вырашаць хутчэй і аператыўней пытанні», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Якабсону Прэзідэнт даручыў дэталёва разабрацца з цаной праектавання аб’ектаў: «Трэба ўсіх прымусіць працаваць па еўрапейскіх стандартах, хоць там розніца з нашымі ўмовамі вялікая, там зарплаты шалёныя. А ў нас у 2 разы даражэй атрымліваецца. Умяшайцеся і імем рэвалюцыі навядзіце парадак і мне далажыце».

На асаблівым кантролі кіраўнік дзяржавы даручыў трымаць будаўніцтва бюджэтных аб’ектаў: «Разбярыцеся, чаму пратэрмінаваны тэрміны. А не дай бог, бацька сыну прадае матэрыялы, а той на вытворчасць іх перапрадае — неадкладна наручнікі і ў турму».

«На беларускую прадукцыю не павінна быць ніякіх пасрэднікаў. Праверыць і вывернуць ўсё навыварат», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Кастрычнік месяц — я вам даю час для таго, каб вы навялі ідэальны парадак. Па кадрах разбіраецца Уладзімір Макей. Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін займаецца сваімі пытаннямі, звязанымі з будаўніцтвам у тым ліку, а Аляксандр Якабсон — пытаннямі пасрэдніцтва і бюджэтных аб’ектаў. Думаю, што гэта апошняя наша размова ў гэтым плане. І яна павінна стаць навукай для ўсіх у краіне. У адваротным выпадку — літасці не чакайце», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?