Дажынкі-2011 адкрываюцца сёння ў Маладзечне. У Рэдакцыю «НН» трапіў каштарыс свята: 708 мільярдаў рублёў.

Няпэўны курс даляра не дазваляе пералічыць бюджэт свята ў валюту, таму, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, будзем падаваць лічбы менавіта ў рублях. Да гонару арганізатараў адзначым, што каля паловы сродкаў было асвоена яшчэ да дэвальвацыі. У папярэднія гады фінансаванне расцягвалася да апошніх дзён.

Такім чынам, на што пойдуць больш за 700 мільярдаў? Самай дарагой цацкай «горада сонца», як часам называюць Маладзечна, стане спартыўна-забаўляльны комплекс. Згодна з зацверджанай праграмай, яго фінансаванне пацягнула на 145 мільярдаў рублёў.

Пятая частка ўсіх грошай — на Лядовы палац

Гэта адна пятая частка ад усіх выдзеленых сродкаў. Паводле апісання БелТА, гэта будзе «сучасны шматфункцыянальны комплекс, дзе можна будзе праводзіць не толькі спартовыя спаборніцтвы, але і масавыя мерапрыемствы, канцэрты. У склад комплексу ўвойдуць трэнажорныя, спартовыя залы, медыка¬аднаўленчы цэнтр, а таксама плавальны басейн з элементамі аквапарку». Калі казаць спрошчана — Лядовы палац на 2800 месцаў як сімвал «Дажынак». Падобныя збудаванні ўжо з’яўляліся ў такіх хакейных гарадах, як Пружаны, Ліда і Кобрын.

Другі шык — штучнае возера ў цэнтральным парку Перамогі. «Рэканструкцыя парку культуры і адпачынку» каштавала амаль 27 мільярдаў рублёў. Тут зрабілі водныя перакаты, пабудавалі фантаны і альтанкі, а таксама заклалі Востраў закаханых.

Будаўніцтва амфітэатра каштуе танней — усяго 21 мільярд рублёў. Ён ужо паспеў запрацаваць. У канцы жніўня ў ім тры дні праводзіўся Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

На рамонт збудаванняў сацыяльнай сферы — школ, паліклінік, цэнтраў занятасці — выдзелена 65 мільярдаў рублёў. Гандлёвыя аб’екты і аб’екты грамадскага харчавання ацэненыя ў 7 мільярдаў.

Нарэшце, капрамонт 98 жылых дамоў у самім Маладзечне каштаваў бюджэту амаль 32 мільярдырублёў, рамонт і афарбоўка яшчэ столькі ж — 7 мільярдаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?