З самага ранку аўторка апэратыўныя групы КДБ затрымлівалі дэмакратычных актывістаў па ўсёй краіне. Чынілі ператрусы ў хатах і офісах, канфіскоўвалі кампутары і дакумэнты. У выніку чатыры чалавекі апынуліся ў «амэрыканцы»: прэс-сакратар КДБ абвесьціў аб арышце чатырох чалавек — Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі й Цімоха Дранчука. У аўторак яны падазраваліся ва ўчыненьні злачынства — паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт.367, ч.1 Крымінальнага кодэксу). Ужо ў сераду артыкул перакваліфікавалі: дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт.193, ч.2). Да пятніцы іх пратрымаюць у ізалятары, а потым будуць абвінавачваць або выпускаць.
Супрацоўнікі абласных упраўленьняў КДБ правялі ператрусы ў кватэрах актывістаў незарэгістраванай ініцыятывы «Партнэрства» ў Магілёве, Быхаве, Полацку, Наваполацку, Віцебску, Гомелі, Берасьці. Але санкцыю на ператрусы давала Пракуратура Менску на грунце распачатай ёю справы.
Ц.Дранчука ўзялі каля «Акадэмкнігі». Ягоную машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, тут жа да яго падышлі каля 10 апэратыўнікаў КДБ. Разам паехалі дахаты. Адчыніла жонка. Яна чакае дзіця й знаходзіцца на апошнім месяцы цяжарнасьці. Камуфляж і маскі на тварах дзецюкоў яе, вядома, напалохалі. Тры гадзіны чынілі ператрус. У выніку сканфіскавалі два кампутары (адзін — хатні, другі — ноўтбук), дакумэнты, нататнікі, значкі, некалькі брашураў. Агулам — 65 пунктаў. Мабільны тэлефон яе мужа некалькі гадзінаў адказваў доўгімі гудкамі, а потым яго, відаць, проста нехта выключыў. Дадамо, што зранку на машыне Дранчук ехаў набываць жонцы кветкі, каб павіншаваць яе з днём народзінаў. Не пасьпеў.
У гэты ж час рабілі ператрус і ў хаце Міколы Астрэйкі. Тая самая гісторыя. Да дробязяў. Таксама ўзброеная група ў масках. Таксама канфіскацыя кампутараў, нататнікаў і дакумэнтаў.
Зранку прыйшлі й да Аляксандра Шалайкі. Якраз у гэты час да яго на вуліцу Леніна завітаў экс-дэпутат Уладзімер Навасяд. І ўсе пяць гадзінаў, падчас якіх праводзілі ператрус у аднапакаёвай кватэры, Навасяд быў вымушаны правесьці «ў гасьцях». Пасьля гэтага Шалайку таксама затрымалі й заключылі пад варту.
Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін параўнаў затрыманьні і ператрусы на кватэрах дэмакратычных актывістаў з аналягічнымі дзеяньнямі ўладаў Польшчы ў 1981 г., а сытуацыю ў краіне — з часамі «Салідарнасьці».
Факт адначасовых ператрусаў і арыштаў па ўсёй краіне наводзіць на думку, што КДБ і Пракуратура будуць спрабаваць даказаць наяўнасьць нейкай «апазыцыйнай сеткі».
Першае, што напрошваецца з улікам заняткаў Астрэйкі й Браніцкай — спэцслужбы спрабуюць сарваць незалежнае назіраньне за выбарамі, якое на гэты раз — ва ўмовах, калі ў камісіі не ўключылі нікога з вылучэнцаў апазыцыі, а назіральнікам ад зачыненых грамадзкіх арганізацыяў немагчыма трапіць на ўчасткі, ужо ня кажучы пра візуальны кантроль за падлікам галасоў, — магло адбывацца толькі ў форме апытаньняў на выхадзе з участкаў для галасаваньня. У такім разе ведамства Сухарэнкі, значыць, лічыла арыштаваных асобаў найбольш небясьпечнымі ў гэтым сэнсе.
❏
Цімох Дранчук
Яму 24 гады. Паходзіць зь Менску. Жанаты, жонка чакае дзіця. Скончыў Беларускі ліцэй, вышэйшай адукацыі ня мае. Высокі, бялявы, ён быў адным з самых заўваж-ных актывістаў незарэгістраваных «Маладога фронту», пасьля — «Зубра», апошнія два гады — руху Андрэя Клімава. Сябар АГП.
❏
Аляксандар Шалайка
Яму 29 гадоў. Скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ, браў удзел у Задзіночаньні беларускіх студэнтаў. Мае жонку і сына Цімоха, якому 11 месяцаў.
❏
Эніра Браніцкая
Ёй 24 гады. Паходзіць зь Менскай вобласьці. Вучылася разам з Астрэйкам.
❏
Мікола Астрэйка
Яму 26 гадоў. Паходзіць зь Менскай вобласьці. Жанаты, пабраўся шлюбам з жонкай Палінай тыдзень таму — 17 лютага.
Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, а перад тым — Беларускі ліцэй. Юрыст-палітоляг. Астрэйка працаваў у ліквідаваным уладамі праваабарончым цэнтры «Вясна», быў сябрам АГП, адкуль яго выключылі ў 2003 годзе. Летась адседзеў 15 сутак за спробу правесьці ўстаноўчы сход «Партнэрства».