Падчас міжнароднага мастацкага кірмашу «Арт-Масква», які праходзіў у ЦДХ з 21 па 25 верасня, быў прададзены партрэт прэм’ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна «Putin Couture» працы амерыканскага мастака Дэвіда Датуны. Як паведамляе «Інтэрфакс», карціна пайшла з малатка за 200 тысяч еўра.

Партрэт прывезла на кірмаш украінская галерэя Mironova Gallery, якая прасоўвае творчасць мастака, што спецыялізуецца на партрэтах знакамітасцяў, у Еўропе. Карціна Датуны цікавая перш за ўсё тым, што ўяўляе сабой калаж, зроблены з маленькіх фотарэпрадукцыяў «Джаконды» Леанарда да Вінчы. Датуна працаваў у суаўтарстве з амерыканскім мастаком кітайскага паходжання Алексам Гуфенг Чаа.

Галерэя прадавала карціну за 100 тысяч еўра, аднак з прычыны падвышанага попыту было вырашана правесці закрыты аўкцыён. Як адзначае агенцтва, найбольшую суму прапанаваў вядомы расійскі бізнэсовец, аднак імя яго не паведамляецца.

Арт-калекцыянер Таццяна Міронава прызналася, што не чакала такога ажыятажу з нагоды працы Датуны. Цікавасць з боку пакупнікоў яна патлумачыла тым, што 24 верасня стала вядома, што Уладзімір Пуцін будзе балатавацца ў прэзідэнты.

Дэвід Датуна нарадзіўся ў Тбілісі, але з 1999 года жыве ў ЗША. Мастак працуе ў напрамку неа-поп-арт, некаторыя яго карціны выстаўленыя ў Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва.

Сёлета ўдзельнікі «Арт-Масквы» прадалі твораў мастацтва на 4,6 млн даляраў. Упершыню вялікую частку прыбытку атрымалі замежныя галерэі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?