Па‑беларуску гэтай восеньню пабачыла сьвет кніга браціслаўскага Інстытуту грамадзкіх пытаньняў «Славацкая надзея: досьвед дэмакратычных трансфармацый». Рэдактарамі беларускай вэрсіі кнігі сталі філёзафы Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка і Юрась Барысевіч.

Некаторыя дасьледнікі нацыяналізму лічаць, што найбольшыя праблемы з нацыянальнай ідэнтычнасьцю пры канцы ХХ стагодзьдзя мелі тры эўрапейскія народы: беларусы, украінцы й славакі. На сёньня нацыянальнае пытаньне яшчэ застаецца актуальным толькі для дзьвюх постсавецкіх дзяржаваў, а вось для Славаччыны яно засталося ўжо ў мінулым.

Чэхі і славакі на працягу многіх стагодзьдзяў жылі ў адной імпэрыі Габсбургаў, але разам з тым існавалі ў розных сусьветах. Чэхі знаходзіліся ў аўстрыйскай частцы дзяржавы, а славакі — у вугорскай. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі славакі, як і беларусы, заставаліся вясковай нацыяй, на славацкіх землях, як і на беларускіх, адсутнічала навучаньне на роднай мове. На момант распаду Аўстра‑Вугорскай імпэрыі Славаччына практычна ня мела сваіх палітычных, культурных, грамадзкіх элітаў. Будаўніцтва дзяржавы пачалося амаль з нуля. Пра гэта ў кнізе піша гісторык і палітоляг Мілан Земка.

Незалежнасьць Славаччыны была абвешчаная нават пазьней за беларускую, толькі 1 студзеня 1993 году. За дзесяцігодзьдзе краіна змагла пераадолець няпросты і неадназначны шлях ад постсацыялістычнай эканамічнай разрухі і палітычнай нестабільнасьці да паўнавартаснага сяброўства ў Эўразьвязе і NATO.

У сярэдзіне 90‑х гадоў у Славаччыне, як і ў Беларусі, да ўлады прыйшоў кіраўнік з аўтарытарнымі замашкамі — папуліст Уладзімер Мэчыяр. Але ў адрозьненьне ад Беларусі Славаччына дала рады такому выкліку лёсу і захавала дэмакратычны характар кіраваньня.

Славацкія дэмакратычныя пераўтварэньні не праходзілі лёгка і незаўважна для насельніцтва. На розных выбарах палітыкі‑папулісты заўжды набіралі і набіраюць значны адсотак.

Сёньня Славаччына ня мае патрэбы змагацца за дэмакратычныя каштоўнасьці, яна сама можа стаць эталёнам для некаторых краінаў, што імкнуцца да дэмакратыі, у тым ліку для Беларусі. Менавіта з такой мэтай і быў зроблены пераклад гэтай кнігі.

Ва ўводзінах да кніжкі старшыня браціслаўскага Таварыства сяброў Беларусі Павал Дэмэш піша: «Гаворка тут не пра гістарычныя рэмінісцэнцыі, тактыку дзеяньня або гвалтоўнае накідваньне грамадзка‑палітычных ці жыцьцёвых узораў. Дзьве невялікія эўрапейскія краіны, зь якіх адной ужо ўдалося знайсьці шлях у эўрапейскую сям’ю дэмакратычных нацый, імкнуцца, у межах наяўных магчымасьцяў, бліжэй пазнаёміцца і весьці партнэрскі дыялёг».

Аўтарамі «Славацкай надзеі» зьяўляюцца вядомыя ў краіне палітолягі, журналісты, пісьменьнікі, гісторыкі, эканамісты, сацыёлягі. Яны на высокім эўрапейскім інтэлектуальным узроўні аналізуюць, якім чынам Славаччына змагла за адносна кароткі тэрмін прайсьці шлях да дэмакратыі.

Кніга мае пяць разьдзелаў: чыньнік гісторыі і славацкая незалежнасьць, барацьба за ўсталяваньне дэмакратычнай палітычнай сыстэмы, фармаваньне замежнай палітыкі і яе абрысы, эканамічныя пераўтварэньні, разьвітаньне зь мінулым і новыя рэаліі.

Для Беларусі сёньня найбольш цікавым падаецца эканамічны разьдзел кнігі. Яўген Южыца падрабязна апавядае пра эканамічныя рэформы ў Славаччыне ад 1991 году. Яны не даліся лёгка. У 1994—1995 гадах эканоміка Славаччыны празь ня дужа ўдалую палітыку ўраду трапіла ў паласу нестабільнасьці. Дзяржава штучна спрабавала захаваць на адным узроўні цэны на электраэнэргію, газ, цяпло, але такія захады не давалі плёну. Пад канец «эпохі Мэчыяра» 5‑мільённая Славаччына мела агульную запазычанасьць 12 мільярдаў даляраў.

У 1998 годзе пасьля прыходу да ўлады ўраду Мікулаша Дзурынды новая эканамічная праграма найперш асноўвалася на правядзеньні празрыстай прыватызацыі і аднаўленьні празрыстасьці эканамічных дачыненьняў. Ня ўсё адразу ішло гладка. Славаччына аж да канца 90‑х не магла дасягнуць фінансавых паказьнікаў 1989 году, але затое па цэлым шэрагу нефінансавых паказьнікаў (як колькасьць аўтамабіляў ці пабытовых рэчаў у карыстаньні) у разы пераўзышла ранейшыя.

Пераабраньне ў 2002 годзе Дзурынды прэм’ерам дало магчымасьць працягваць эфэктыўныя рэформы ў эканамічнай галіне. Да 2005 году Славаччыне ўдалося стварыць узорна‑сучасныя судовую й падатковую сыстэмы, службу аховы здароўя. Засталося толькі зрэфармаваць сыстэму адукацыі, асучасьніўшы яе.

Антон Марцінчын апісвае мэханізмы прыватызацыі і прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у славацкую эканоміку. Нешта падобнае празь некаторы час можа чакаць і Беларусь.

Разам з тым, як адзначае сацыёляг Зоя Бутарава, Славаччына ня здолела канчаткова разьвітацца з посткамуністычнай сьвядомасьцю. Хаця большасьць славакаў пазытыўна ацэньвае перамены 90‑х, каля 40% славакаў бачаць у цяперашнім рэжыме больш заганаў, чым у ранейшым. Карані такой зьявы найперш ляжаць у тым, што славакі не былі падрыхтаваныя да разбурэньня сыстэмы сацыяльных гарантыяў. Большасьць жыхароў Славаччыны па сёньня не ўспрымае камуністычны рэжым за імпэрыю зла, а 37% лічаць, што хапіла б і касмэтычных рэформаў, а не радыкальнай трансфармацыі. Амаль палову жыхароў Славаччыны не клапоціць таталітарная спадчына камуністычнага ладу. І тым ня менш людзі падтрымліваць сяброўства краіны ў эўраструктурах. Карацей, тая самая раздвоенасьць грамадзкай сьвядомасьці, як і ў нас. Аднак славацкія палітычныя эліты нашмат лепей упраўляюцца зь ёю.

У кнізе таксама ёсьць вычарпальныя дадаткі пра славацкую гісторыю, палітычныя партыі і дзеячаў.

Пераклад «Славацкай надзеі» на беларускую мову ажыцьцявілі Алесь Карцель, Сяргей Сматрычэнка, Ірына Сітнік, Павал Раага і Андрэй Пачопка.

Славацкая надзея: досьвед дэмакратычных трансфармацый. — Браціслава—Менск, 2006. Наклад 600 асобнікаў.

***

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропы зьвяртайцеся да ўэб-бачынаў http://www.belarus-europe.info/ і www.belarus-europe.info.

Тэлепраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, Сеціва: http://www.belradio.fm/, www.belradio.fm/, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?