Лідару грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзіміру Някляеву вынесена афіцыйнае папярэджанне за паездку за мяжу. Адпаведнае паведамленне ўручылі палітыку 3 кастрычніка ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага РУУС Мінска.

Папярэджанне звязана з яго паездкай 27–30 верасня ў Варшаву на саміт Усходняга партнёрства. Нагадаем, згодна з рашэннем суда, Някляеву забаронена выязджаць за мяжу.

«У адпаведнасці з артыкулам 181 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Уладзімір Някляеў папярэджаны ў тым, што, калі ён будзе ўхіляцца ад ускладзеных на яго судом абавязкаў, інспекцыя можа накіраваць у суд прапанову аб адмене выканання адтэрміноўкі пакарання», — сказана ў афіцыйным папярэджанні.

Як паведаміў Някляеў, у крымінальна-выканаўчай інспекцыі з яго ўзялі тлумачэнні. «Я заявіў, што не прызнаю сваёй віны, таму што асуджаны незаконна, у сувязі з выкананнем судом палітычнага заказу ўладаў.

Я адмаўляюся падыгрываць уладам і выконваць прызначаную мне ролю злачынцы, лічу і буду лічыць сябе свабодным чалавекам», — заявіў Някляеў.

***

Нагадаем, 20 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прыгавору на два гады. Някляеў павінен рэгулярна адзначацца ў міліцыі, вяртацца дадому не пазней за 22.00, інфармаваць міліцыю пра свае паездкі.

9 верасня суд Ленінскага раёна Мінска наклаў на асуджанага палітыка дадатковыя абмежаванні пры адбыцці пакарання. Някляеву, у прыватнасці, забаронена выступаць арганізатарам або ўдзельнікам масавых шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў і іншых масавых мерапрыемстваў; ён не можа выязджаць за межы Мінска без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў і пакідаць межы Беларусі да заканчэння тэрміну пакарання. Палітыку таксама прадпісана рэгістравацца ў праваахоўных органах па месцы жыхарства раз на тыдзень і знаходзіцца дома штодня з 20.00 да 6.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?