Ніколі ня ведаеш, які акт драмы стане апошнім.

Сапсаваны баромэтар

Кажуць, што зламаны гадзіньнік два разы на суткі паказвае правільны час. А што можна сказаць пра сапсаваны баромэтар?

Анамальна цёплы для зімы пэрыяд, калі падумаць, павінен быў скончыцца нейкім прыродным катаклізмам. Ніякі саспэнс ня йдзе ў параўнаньне з драматургіяй прыроды. Як геніяльны рэжысэр, яна трымала паўзу столькі, колькі ёй было трэба, маючы неабмежаваны запас часу й рэсурсаў, каб потым абрынуць на Эўропу — не, не мароз са сьнегам, але ўраган. Вось дзе крэатыў!

Мы прывыклі, што ўраганы з мужчынскімі ймёнамі накідваюцца час ад часу на Мэксыку, Карыбы ці заліваюць паводкай паўднёвыя амэрыканскія Штаты. Гэтым разам ураган «Кірыла» зьдзімаў дамы, вырываў дрэвы з каранямі, нявечыў і забіваў людзей па другі бок Атлянтыкі.

На шляху ў Беларусь «Кірыла» крыху саслабеў, хаця й тут пасьпеў наламіць дроваў. Кажуць, напярэдадні віхуры псаваліся баромэтры, бо на гэткі нізкі ціск іх шкала не разьлічаная. Што ўжо казаць пра мэтэазалежных людзей, якія маюць праблемы з крывяным ціскам?

Даўно заўважана, што прыродныя катаклізмы часта суправаджаюцца катаклізмамі сацыяльна‑палітычнымі. Дастаткова ўспомніць азэрбайджана‑армянскі канфлікт у 1987 г., які не спыніў нават магутны землятрус у Сьпітаку. Навукоўцы — геолягі, геа‑ і гелеафізыкі, кліматолягі, соцыягісторыкі, — а таксама людзі, зусім далёкія ад навукі, прысьвяцілі гэтай тэме безьліч кніг і артыкулаў. Але ніхто так і ня высьветліў дакладна, дзе тут прычына, а дзе — наступствы. Ды ня ў тым рэч.

Такое ўражаньне, што на тэрыторыі Беларусі ўтварылася своеасаблівая геамагнітная (або соцыякультурная, калі хочаце) анамалія, дзе законы прыроды й драматургіі ня дзейнічаюць. Дакладней, яны дзейнічаюць, але маюць настолькі скажоны й няяўны характар, што зразумець сутнасьць гэтае драмы, асабліва калі знаходзішся ўнутры яе, немагчыма. Мабыць, прырода паставіла своеасаблівы экспэрымэнт. Калі ў Атлянтычным акіяне магчымы «ідэальны шторм», адлюстраваны ў аднайменным галівудзкім фільме, дык у Беларусі ўсталяваўся, так бы мовіць, ідэальны штыль. Цішыня й спакой, якія дасюль ня могуць парушыць ніякія ўраганы і міждзяржаўныя канфлікты.

Выбух у інфармацыйнай пустэчы

Колькі разоў журналісты ў сваім асяродку скардзіліся на тое, што кіраўніку Беларусі заўсёды незвычайна шанцуе. У тым сэнсе, што не пасьпее ўзьнікнуць чарговы сур’ёзны канфлікт паміж Менскам і Масквой, ці паміж Менскам і астатнім сьветам, ці ўнутры самой краіны, як абавязкова здарыцца нешта такое, што адцягне ўвагу ад падзеяў у Беларусі. То чачэнская вайна, то тэракт 11 верасьня, то Беслан, то цунамі, то яшчэ нешта…

І вось настаў год 2007‑мы. У Расіі на тле навагодніх сьвятаў — суцэльная інфармацыйная пустэча. У сьвеце, калі не лічыць павешаньня Садама Хусэйна, абмяркоўваць у СМІ таксама асабліва няма чаго. Два дні Эўропу трасе, пакуль яна чакае, ці адновяцца пастаўкі нафты праз трубаправод «Дружба». Два тыдні мэдыі Беларусі, Расеі ды ўсяе Эўразіі абмяркоўваюць канфлікт паміж Менскам і Масквой. Мільёны слухачоў, гледачоў і чытачоў сочаць за беларуска‑расейскімі перамовамі. Многія, нават за межамі Беларусі, за гэты час, напэўна, вывучылі на памяць прозьвішчы Сідорскага, Кабякова, Сямашкі й намесьніка міністра энэргетыкі Таўпянца. Тэме канфлікту былі прысьвечаныя гадзіны як на дзяржаўных тэлеканалах, гэтак і на замежных радыёхвалях.

І што, усеагульная ўвага (хоць і вельмі спэцыфічная, трэба прызнаць) да Беларусі штосьці рэальна зьмяніла ўнутры самой краіны, у стаўленьні яе грамадзянаў да навакольных падзеяў? Так, пэўны неспакой быў. Некаторыя пэнсіянэры хваляваліся — асабліва калі даведаліся, што пэнсіі ім гэтым разам у студзені‑лютым урад не праіндэксуе. Чэргі на запраўках дзе‑нідзе ўзьніклі. Частка прадпрымальнікаў‑гандляроў устрывожылася чуткамі наконт магчымага зьяўленьня паўнавартаснай мяжы з Расеяй.

Прынамсі, тэлевізар, тую ж «Панараму» ўвечары, мабыць, усе глядзелі з напружаньнем.

Але глядзелі прыкладна так, як глядзяць футбольны матч. Хочацца, вядома, каб твая каманда выйграла. Яшчэ як хочацца! Але вынік матчу ад цябе абсалютна не залежыць, колькі б ты ні махаў рукамі й ні крычаў. Ды калі б вынік залежаў, насамрэч, ад гульцоў, а не ад арбітра. Альбо ад таго, ці дамовілася паміж сабой перад матчам кіраўнікі камандаў.

Пагоня за леташнім сьнегам

Зразумела, цяжка чакаць ад звычайных грамадзянаў, што з‑за аднае толькі пэрспэктывы ўздаражэньня камунальных плацяжоў ці інфляцыі яны раптам усьвядомяць свае грамадзянскія правы й дружна выйдуць на іх абарону да Дома ўраду. Створаная сыстэма, пры якой «вярхі», нават калі яны нічога ня могуць, ніякім чынам не залежаць ад «нізоў», нават калі тыя чагосьці ня хочуць. Свайго роду Марксава тэорыя рэвалюцыі наадварот. Якая, тым ня менш, пацьвярджаецца практыкай.

Як напісаў адзін зь беларускіх аглядальнікаў, няма чаго перажываць праз цэны на газ ці нафту, калі ад паспалітага грамадзтва нічога не залежыць — як, напрыклад, наяўнасьць сьнегу або ягоная адсутнасьць.

Тым ня менш, існуе таксама перадавая частка грамадзтва, якая завецца апазыцыяй. Фактычна, на пачатку 2007 г. збылася яе даўняя мара — Масква хоць і не адмовілася канчаткова ад падтрымкі Лукашэнкі, але ўступіла зь ім у канфлікт і скараціла датацыі РБ. На чым нібыта заснаваная «беларуская мадэль» эканомікі. Міт пра эканамічны цуд, а таксама пра саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі быццам бы сканаў разам з інтэграцыйнай рыторыкай.

Што ж мы пачулі ў гэтыя студзеньскія дні з вуснаў апазыцыйных лідэраў? Акрамя словаў пра тое, што апазыцыя даўно аб гэтым папярэджвала і што Масква мае рацыю, пераходзячы на рынкавыя адносіны з сваім хаўрусьнікам, практычна нічога.

Можна зразумець палітычных аглядальнікаў ці публіцыстаў, калі яны радуюцца, што іхны прагноз спраўдзіўся. Але ад палітыкаў звычайна чакаюць чагосьці большага. Калі не канкрэтных дзеяньняў, дык хаця б праграмы дзеяньняў у канкрэтных абставінах.

Замест гэтага грамадзтву апошнім часам былі прад’яўленыя: удзел у мясцовых выбарах з загадзя прадвызначаным вынікам, ідэя ратацыі лідэраў дэмакратычных сілаў і пэрспэктыва правядзеньня кангрэсу гэтых сілаў. Выразнага адказу на пытаньне, ці зьбіраюцца дэмакратычныя сілы праводзіць заяўленыя раней масавыя акцыі сёлетняй вясной, дагэтуль не прагучала. Магчыма, тут справа ў кансьпірацыі. Магчыма, апазыцыя лічыць іх у цяперашняй сытуацыі ўвогуле непатрэбнымі. Усё магчыма. Толькі чамусьці здаецца, што ў апазыцыі няма зараз ня толькі адзінства ў поглядах на палітычную сытуацыю й шляхі выхаду зь яе (чаго не было й раней), але што яна агаломшаная хадой апошніх падзеяў. Тых самых падзеяў, якія яна шмат гадоў запар «прадбачыла».

За «нашу» і «вашу» свабоду

Зразумела, апазыцыя, будучы перадавой часткай грамадзтва, ад гэтага грамадзтва не адарваная. Апатыя, нежаданьне пераменаў, нерухомасьць і закасьцянеласьць палітычных поглядаў — дакладней, стэрэатыпаў, перадаюцца ад масаў частцы апазыцыі. І справа ня ў тым, што яна ня хоча пераменаў, а ў тым, што за шмат гадоў дыктатуры дэмакратычныя партыі і іх лідэры міжволі прызвычаіліся да «статус кво».Так, патрэбная штодзённая карпатлівая праца, хаджэньне «ад дзьвярэй да дзьвярэй», удзел у выбарчых кампаніях, партыйная й арганізацыйная работа і шмат чаго яшчэ, пра што гавораць прафэсійныя апазыцыянэры. (Але чамусьці й гэта ніяк не атрымліваецца).

Але ня варта забывацца, што рэвалюцыя альбо маральны супраціў ня ёсьць прафэсіяй. Крый Божа, каб Беларусь прычакала новых «прафэсійных рэвалюцыянераў», ці, дакладней, прафэсійных тэрарыстаў і налётчыкаў, якімі былі некалі бальшавікі. Рэвалюцыя — гэта найперш стан душы. Мала абвесьціць лёзунг свабоды, трэба быць свабоднымі людзьмі знутры.Такія людзі ёсьць у любым грамадзтве, нават таталітарным. І толькі іх дзеяньні могуць быць каталізатарам зьменаў. Гэта засьведчылі мінулагоднія падзеі на Плошчы.

Але маральныя ўрокі хутка забываюцца. Апазыцыя каторы раз апынулася ў ролі другагоднікаў. Цяпер ёй даводзіцца чытаць на задняй парце ананімную паэму «Зянон‑хоп».

Прышчапіць свабоду звонку ці прывучыць да яе няможна. Самы трагічны ўрок, які дэманструе гэтую аксіёму — Ірак. Больш блізкі да нас, хоць і менш трагічны прыклад — Беларусь у сярэдзіне 90‑х г. мінулага стагодзьдзя.

Да нашай свабоды, як і да свабоды іншых народаў, няма справы вялікім дзяржавам. Асабліва Расіі, якую частка апазыцыі доўга разглядала ў якасьці прыкладу дэмакратыі. Нядаўна Расія як вялікая дзяржава заблякавала разам з Кітаем разгляд сытуацыі з правамі чалавека ў М’янме (колішняй Бірме) на Радзе бясьпекі ААН. Аргумэнт — становішча ў М’янме не парушае гэапалітычнай стабільнасьці ў Паўднёва‑Ўсходняй Азіі.

Перад гэтым расейская дэлегацыя ў Радзе бясьпекі з абурэньнем адмовілася абмяркоўваць прапанову ЗША разгледзець пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі. І хаця Беларусь пазьней прадэманстравала сваю ролю ў стабільнасьці на эўрапейскім кантынэнце, калі спыніла транзыт расейскай нафты, Эўразьвяз засяродзіў увагу на адказнасьці Масквы за энэргетычную бясьпеку, а зусім не на «апошнім дыктатарскім рэжыме» і яго вязьнях.

А цяпер, калі Захад — дакладней, частка эўрапейскіх палітыкаў, напалоханых беларуска‑расейскай энэргетычнай вайной, рашыўся праверыць, ці ня можна аб чымсьці дамовіцца зь лідэрам Беларусі, беларуская апазыцыя абвінавачвае Эўропу ў адсутнасьці цьвёрда вызначанай пазыцыі што да Лукашэнкавага рэжыму.

А ў дэмакратычных сілаў Беларусі сёньня ёсьць такая пазыцыя? У самых розных пытаньнях?

Калі нават кіраўнік дзяржавы па‑іншаму ўжо загаварыў пра беларускую мову (маўляў, той не беларус, хто яе ня ведае) апазыцыя ўпарта працягвае зьвяртацца да свайго народу па‑расейску. Спасылаючыся на тое, што йнакш яе не зразумеюць. А можа, варта паспрабаваць, пачаўшы зь сябе, пакуль яшчэ ня позна? Няўжо трэба чакаць яшчэ больш спрыяльных умоваў? І што лічыць дастаткова спрыяльным для апазыцыі — паўнамаштабную вайну з Расеяй, палацавы пераварот, сьмерць дыктатара ад выпадковай хваробы?

Можна наракаць на гістарычныя абставіны, на спэцслужбы, на народ, які не ўсьвядоміў сябе нацыяй, на рабскую псыхалёгію, на надвор’е. Ізноў Лукашэнку шанцуе — цёплая зіма, ніхто, бач, ня зьмерз пакуль. Дый сусьветныя цэны на нафту й газ, відаць, у бліжэйшы час будуць падаць. Праўда, добра гэта ці дрэнна, і якім чынам гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы — ніхто толкам ня ведае.

Прырода, як і гісторыя, маюць круты нораў. І наўрад ці ў рэпэртуары гэтых «рэжысэраў» пераважаюць мьюзыклы з «хэпі эндам». Хутчэй за ўсё, у п’есе, удзельнікамі якой мы ўсе, паводле Шэксьпіра, зьяўляемся, фінал яшчэ не напісаны. Мы нават ня ведаем, які будзе наступны акт драмы. Але відавочна, што антракт паміж дзеяньнямі зацягнуўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?