Днямі мне прыйшоў ліст з Полацкага райвыканкаму. Яшчэ пару месяцаў таму маласіценская суполка ТБМ прапанавала ўсталяваць на замчышчы Сітна замест савецкага надмагільля беларускую мэмарыяльную пліту й уключыць былы фарпост на мяжы з Расеяй у адзін з турыстычных маршрутаў Полаччыны.

«Ваша прапанова наконт усталяваньня новага памятнага знаку «Крэпасьць Сітна» заслугоўвае ўвагі й падтрымкі мясцовых уладаў, — піша ў адказе на добрай беларускай намесьнік старшыні райвыканкаму В. Машчыцкі. — Вырашана ў 2007 годзе на месцы замчышча «Малое Сітна» устанавіць памятны знак з надпісам на беларускай мове. Ваш варыянт тэксту будзе разгледжаны й узгоднены са спэцыялістамі й навукоўцамі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Безумоўна, замчышча Сітна зьяўляецца гістарычным месцам і можа быць уключана ў турыстычны маршрут для агляду».

Цяпер у Сітне будзе каму і пракантраляваць выкананьне рашэньня — з 14 студзеня сярод дэпутатаў Сельсавету трое нашых.

За паўтара гады маёй «хіміі» гэта ня першы выпадак, калі мясцовыя ўлады робяць не па‑савецку, а па‑беларуску. Летась у сакавіку, напярэдадні выбараў, міліцыя атрымала загад ізаляваць мяне на сутках за «мацерную лаянку», але судзьдзя Полацкага суду нечакана прызнала, што ў беларускай мове мату няма і (упершыню ў маёй дзесяцігадовай практыцы) вынесла апраўдальны вырак. Улетку чыноўнік з «Полацаклесу» настаўляў мяне: «Паша, калі прыдзеце да ўлады, ні ў якім разе не пускайце сюды расейскі капітал. Яны ж беларусаў зьнішчаць будуць!»

Так люблю гэты момант, калі беларус зьнянацку выскоквае з засады!

Калісьці, яшчэ ў 1996‑ым, мы з маладафронтаўцамі пачалі праводзіць у менскіх школах шоў беларушчыны — віктарыны з геаграфічнымі, гістарычнымі, літаратурнымі, музычнымі, спартовымі пытаньнямі, музычнымі перапынкамі, дзе ставіліся хіты беларускага року й пераможцам уручаліся адпаведныя кнігі, касэты ды кампакты.

За некалькі гадоў па ўсёй Беларусі такіх было праведзена больш за 430. Дык вось, пасьля 45 хвілінаў шоў звычайныя савецкія школьнікі (якімі нядаўна былі й мы самі), ужо хорам раўлі «Жыве Беларусь!» і наперабой запытваліся, «дзе можна да вас запісацца». Пасьля тадышніх маніфэстацыяў Вясны‑96 пратэставыя настроі зьмешваліся з захапленьнем ад адкрыцьця сваёй краіны — і літаральна выбухалі.

Сакрэт посьпеху быў просты. «Шоў» — ад ангельскага «show» — «паказваць». Схаваную, утоеную, падаўленую, бы сьцятая спружына, беларушчыну трэба паказваць як фокус. Больш таго — як цуд.

Непрыкметны для ўсіх партызан‑беларус сядзіць амаль у кожным жыхары РБ. У кімсьці ён маленькі, бы немаўля, у кімсьці скурчаны й загнаны ў глыбіню душы, а ў кімсьці сьмялейшы — раз‑пораз выбіраецца паглядзець, а хто там ідзе.

Па ўсім відаць, менавіта зараз надыходзіць час беларусам дружна гукнуць — ды раптам высыпаць на сцэну са сваіх векавых сховішчаў.

Сёньня нават невялічкія, але пастаянныя й настойлівыя намаганьні ў Беларусі даюць эфэкт прарыву.

Сіценцы пачынаюць пераходзіць на мову, калі зь імі ўвесь час размаўляць па‑беларуску (нават старшыня сельсавету вяла са мною ідэалягічную дыскусію на матчынай мове). Адмыслова пытаюцца на пошце беларускамоўныя паштоўкі, калі дасылаюць віншаваньні сваякам у Расею. Робяць ксэракопіі зь беларускай кніжкі дзіцячых вершаў, каб на ранішніку, дні народзінаў ці раённым конкурсе казырнуць чымсьці адметным ды свойскім. Нарэшце, сіценскія мамкі патрабуюць беларускамоўнага навучаньня ў ПТВ ды унівэрсытэтах — бо куды ж паступаць дзецям пасьля беларускай школы?!

Колькі тае беларушчыны зараз у Беларусі? Колькісот вясковых школаў, капэрты «Белпошты», абвесткі ў грамадзкім транспарце, пару гадзінаў начнога эфіру fm‑станцыяў, 7% накладу выдадзеных у Беларусі кнігаў… Эфэкт прысутнасьці, ня больш. Але ж разам з тым беларушчына — гэта траціна Белнэту, палова тэстаў, напісаных абітурыентамі, і 37% беларусаў, якія падчас перапісу 1999 г. паведамілі, што ў хаце размаўляюць па‑беларуску. Розьніца — гэта і ёсьць амплітуда напружаньня. Галоўны фронт працы для нацыянальнага руху. Тое, чаго ніхто за нас ня зробіць ані ў Брусэлі, ані ў Маскве, ані нават у Вашынгтоне.

У 2009 г. — чарговы перапіс. Вы пэўныя, што «размаўляю ў хаце па‑беларуску» адкажа хаця б столькі ж беларусаў, колькі й тады, у 1999‑ым?..

Ласкі ад дзяржавы пры ўсёй незалежніцкай рыторыцы рэжыму чакаць марна. Самы востры дэфіцыт сёньня — дэфіцыт не завумных праграмаў, не радыкальных дзеяў, а масавай грамадзкай актыўнасьці. Бацькоўскіх заяваў на беларускамоўнае навучаньне. Беларускамоўных зваротаў па мясцовых праблемах і запісаў у кнігах скаргаў. Беларускіх набажэнстваў у праваслаўных ды пратэстанцкіх цэрквах, урэшце.

Адно ТБМ супрацьстаяць агрэсіўнаму валу русіфікацыі ня ў стане. Патрэбная каардынацыя ўсяе нацыянальнае эліты, апазыцыі, моладзі й NGO, мультыплікацыя беларускамоўных ініцыятываў у кожнай сфэры чалавечага жыцьця. Таварыства беларускамоўных адвакатаў. Аўтамабілістаў. Журналістаў… І вельмі, вельмі патрэбны ў якасьці каляндарнага апірышча заснаваны калісьці «Нашай Нівай» штомесяцовы Дзень без чужога слова.

Мы молімся, каб дэмакратыя перамагла. Ці ў стане перажыць такое выпрабаваньне самі нашыя дэмакратычныя сілы — асобная тэма. Але ці не атрымаецца, што без арганізаванай, сыстэмнай грамадзкай падтрымкі першую ж паразу ў свабодным народным выяўленьні волі дастане менавіта нацыянальны рух?

Каб унікнуць такога беларускага правалу, сёньня, тут і цяпер патрэбная паўсюдная асьвета нацыянальнага размаху.

Уявіце сабе, каб замест удзелу ў «мясцовых выбарах» колькісот дэмакратаў арганізавалі б мясцовыя кампаніі ў падтрымку беларушчыны. Каб замест пустое перапіскі з «выбарчымі камісіямі» ды пракуратураю дамагаліся б стварэньня беларускіх куточкаў, перайменаваньня вуліцаў, узнаўленьня храмаў. Каб замест збору праславутых 300 аўтографаў на немаведама каму патрэбны кангрэс (а дэлегатаў плянуецца каля тысячы — палічыце, колькі разам!) сабралі б подпісы за адкрыцьцё Нацыянальнага унівэрсытэту або адмену т.зв. «Закону аб свабодзе сумленьня».

Дзіва, што мы дагэтуль дзівімся, чаму гэта людзі зьдзіўляюцца, калі мы проста размаўляем па‑беларуску!

Трэба, трэба падымаць беларушчыну там, дзе мы сёньня ёсьць. У сучасным становішчы пад ціскам «з глыбіні» улада вымушаная напаўняць дзяржаўную незалежнасьць беларускасьцю. Прымусіць гэты рэжым быць беларускім мы наўрад ці здолеем — дэспатыі не рэфармуюцца, а перамагаюцца. Але, паводле Брыля, дамагчыся ад беларуса, каб быў беларусам (і гэта сапраўды будзе выдатны беларус!) — нам па сілах ужо цяпер.

Вось чаму Шоў беларушчыны — адна з найпершых тэхналёгіяў нацыянальнага абуджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?