Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына Саксонава не выключае акцыянавання прадпрыемства.

«Што да акцыянавання, я не магу сказаць „не“, бо паштовай галіне Беларусі патрэбная рэформа. Мы павінны ісці ў нагу з часам, і такое пытанне разглядаецца. Аднак мы пакуль не пачалі нейкіх рашучых дзеянняў», — заявіла гендырэктар на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка.

Саксонава таксама паведаміла, што цяпер у Беларусі працуюць міжнародныя эксперты Сусветнага паштовага саюза, якія «дапамогуць сфарміраваць комплексны план рэформы і развіцця пошты». «І тут трэба разумець, што пошта — гэта не толькі РУП „Белпошта“, а паштовы сектар краіны ў цэлым. Таму пакуль ідзе працэс вывучэння рынку, вывучэнне лічбаў», — патлумачыла гендырэктар.

У сваю чаргу, начальнік аддзела паштовай сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Алег Субоцін адзначыў: «Мы чакаем гэты комплексны план, і ў адпаведнасці з яго рэкамендацыямі будуць прымацца далейшыя рашэнні».

Адной з такіх рэкамендацый, паводле яго слоў, можа стаць паступовы працэс лібералізацыі паштовай галіны. У 2012 годзе, паведаміў Субоцін, плануецца ўнесці змены ў закон аб паштовай сувязі, у якім «могуць знайсці адлюстраванне і гэтыя пытанні». Пакуль, адзначыў ён, ахвотных скласці канкурэнцыю «Белпошце» па ўнутрырэспубліканскіх паштовых зносінах няма. Што да іншых відаў дзейнасці, то там канкурэнцыя можа быць створаная.

Пры гэтым спецыяліст падкрэсліў: лібералізацыя будзе праводзіцца «паступовая, кантраляваная і ўлічваць інтарэсы ўсіх».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?