06.10.2011 / 11:37

Адноўленае гняздо Яна Булгака 6 кастрычніка - 135 гадоў ад нараджэння Булгака 30

Прадпрымальнік Уладзімір Кветка адбудоўвае Асташын, радавое гняздо знакамітага фатографа.

Пра такіх кажуць: чалавек-аркестр. Уладзімір Кветка — уласнік будаўнічай фірмы. Другі год ён адбудоўвае выкупленую ў дзяржавы сядзібу ў Асташыне. Колісь яна належала класіку фатаграфіі Яну Булгаку. Прадпрымальнік плануе зрабіць тут музей і гатэль. Каб даведацца падрабязнасці гэтай гісторыі, мы наведаліся ў Карэліцкі раён.

У Некрашэвічах усё па-старому

Дарога да Асташына пралягае праз Некрашэвічы, адкуль родам Уладзімір Макей. Ад леташняй камандзіроўкі карэспандэнта «НН» на радзіму кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта тут мала што змянілася — да Некрашэвічаў па-ранейшаму даводзіцца трэсціся не адзін кіламетр па гравійцы.

Сядзіба Булгакаў з’яў-ляецца на вочы нечакана. Аўто нырае ў засень дрэваў, што атуляюць разрэзанае дарогай возера, і вось у прагале справа на вас нібы насоўваецца тройка камяніцаў. Бліжэйшы да дарогі дамок адблісквае навюткімі вокнамі.

Марыў пра гісторыю, стаў будаўніком

Уладзімір нарадзіўся ў суседняй з Асташынам вёсцы Унехава. Дарэчы, як і Ян Булгак, у пачатку кастрычніка, толькі на 102 гады пазней. Бацькі працавалі ў калгасе, а ён з маленства цікавіўся гісторыяй, пісаў вершы. Пры гэтым ладзіў і з тэхнікай: у 10 класе сабраў сапраўдны трактар, які і цяпер працуе. Марыў паступіць на гістфак. Але школьнікам перанёс інсульт, шмат хварэў. Бацькі адгаварылі яго паступаць далёка ад дому. Пайшоў у Навагрудскі сельгастэхнікум на эканаміста. Потым адвучыўся ў Мінску ў БАТУ. Адпрацаваўшы эканамістам у суседнім калгасе 10 гадоў, пайшоў на вольны хлеб. Цяпер ён уласнік невялікай будаўнічай фірмы, якая дае працу двум дзясяткам чалавек. Некалькі чалавек з брыгады па вечарах і ў выходныя дапамагаюць з рамонтам на сядзібе.

Жонка працуе ў вясковай бібліятэцы. Кветкі гадуюць 10-гадовага сына.

Для сур’ёзных людзей

Гаспадар паказвае най-бліжэйшы да дарогі будынак, які перарабляе пад дом для гасцей. Улазіны будуць у снежні. На першым паверсе дзве залы. Большая будзе агульным пакоем адпачынку. У меншай, з камінам, абкла-дзеным кафляй смарагдавага колеру, размесціцца сталовая.

На другі паверх вядзе драўляная лесвіца. Тут дзве спальні. Большая — з відам на возера.

Спускаемся ў склеп. Раней тут была кузня, цяпер — більярд. У перадпакоі будзе міні-бар.

У другім будынку сядзібы Уладзімір плануе зрабіць банкетную залу для вяселляў і ўрачыстасцяў. Да гэтага яшчэ далёка, як і ў выпадку з трэцім будынкам, дзе гаспадар, «калі хопіць жыцця», адчыніць невялікі гатэль. Яшчэ далей стаіць зруб будучай лазні.

«Я зразумеў, што так не павінна быць»

Як жа Уладзімір наважыўся на такую няпростую справу? «Я заўзяты паляўнічы. Неаднойчы прыходзіў са свайго Унехава сюды. Адзін раз зайшоў у гэтыя дамы, у склеп», — расказвае ён. Вакол ляжалі гурбы смецця, бітай цэглы. І тады ён падумаў, што так не павінна быць. Ён даўно захапляўся ўмельствам продкаў будаваць на вякі, выбіраць месца пад жытло. Уладзімір загарэўся выкупіць сядзібу і аднавіць.

Доўга думаў, пралічваў. Разумеў, што лёгка і хутка здзейсніць задуманае не ўдасца. Адна з мараў Кветкі — стварэнне тут музея фатаграфіі. Як-ніяк — сядзіба Яна Булгака! Увесну, разам з крызісам, пачаліся праблемы з грашыма, таму пакуль планы з музеем ён адклаў. «Хачу зрабіць усё як след, а не халтуру на хуткую руку».

Раней умелі будаваць

У будынку, дзе гаспадар задумаў зрабіць гатэль, сцены раней ацяпляліся. Цэгла вывалілася, і тыя дзіркі-люфты чарнеюць сажай. Пажарны інспектар быў уражаны, зрабіўшы неабходныя замеры: «цёплыя» сцены, скла-дзеныя ў 1930-я так, што і сёння адпавядаюць усім стандартам бяспекі.

Ідзём у гаспадарчыя пабудовы. Былая сыраварня, збудаваная «за Польшчай», уражвае таўшчынёй сценаў і каванымі жалезнымі рамамі ў вузкіх, бы байніцы, вокнах.

Гаспадар расказвае, што вялікую частку выдаткаў склала добраўпарадкаванне тэрыторыі. Вывез горы смецця, высек кустоўе, бур’ян. На вызваленай тэрыторыі мерыцца зрабіць аўтастаянку, дзіцячую пляцоўку і вялікі вальер. «Пасялю страусаў», — усміхаецца ён.

Усім не спадабаешся

Людзі розныя, кажа Валодзя, усім не дагодзіш. Калі ён заявіў пра жаданне набыць сядзібу, мясцовы фермер-сусед адразу кінуўся ў сельсавет з патрабаваннем зладзіць конкурс. Канкурэнт чакаў пастановы, згодна з якой мог набыць сядзібу за адну базавую велічыню. Але дамы ўсё ж прадалі Кветку.

Потым была эпапея з во-зерам. Яно падзеленае насыпной дарогай. Уладзімір арандаваў бліжэйшую да сядзібы частку. Пачысціў, каб можна было купацца, запусціў рыбу. І гэтым зноў перайшоў дарогу суседу, які хацеў узяць у арэнду другую палову возера. Але па дакументах возера праходзіць як адзін вадаём. «Я спілаваў пару дрэваў на беразе, то ён да Мінска дайшоў, каб мяне аштрафавалі», — кажа Валодзя.

Цяпер у возеры плаваюць карасі, амуры, карпы. Мясцовыя не адразу пачалі плаціць за рыбалку, давялося «прымаць меры». Бліжэйшы да сядзібы бераг ён даглядае: укапаў лавы, зрабіў прычал для лодкі і катамарана.

У аддаленым куточку во-зера водзяцца качкі і белыя чаплі. Там жа — матачнік. Каб малькоў не турбавалі, каля берага ў вадзе плавае вецце.

«Уважаемый Господин Володя!»

У Асташын наведваюцца нашчадкі былых гаспадароў сядзібы з роду Жывіцкіх. Калі дом яшчэ стаяў безгаспадарны, напісалі на франтоне аднаго з будынкаў сваё прозвішча. Яны і перадалі Уладзіміру выявы сядзібы ХІХ—пачатку ХХ стст., неабходныя, каб ведаць, як аднаўляць Асташын.

Уладзімір даведаўся, дзе знаходзіўся ўласна дом Яна Булгака, разбураны ў часе Першай сусветнай вайны. У лісце былая гаспадыня, пані Ірэна Хухля з Вроцлава, дзякуе «уважаемому Господину Володе» за вяртанне жыцця іх колішняму дому. Згадваючы гэтыя словы, Валодзя расказвае: у першы год рамонту, калі накрылі дах, акурат над надпісам Zywicki буслы зрабілі гняздо. Жыццё вяртаецца сюды.

***

Даведка:

Булгакі—Грабоўскія—Жывіцкія—Кветкі

Сям’я Яна Булгака пасялілася ў маёнтку каля Асташына ў 2-й палове ХІХ ст. Ян жыў тут да 1905, потым з’ехаў да родных пад Стоўбцы. Маёнтак перайшоў да графа Грабоўскага, які займаў суседнюю сядзібу. У 1922 граф прадаў маёнтак братам Жывіцкім. Гэтая сям’я валодала сядзібай да 1939. Па вайне былая сядзіба належала калгасу. У 2009 сядзібу выкупіў Уладзімір Кветка.

Асташын

Вёска Асташын — адна з найстарэйшых на Карэліччыне. Упершыню згадваецца ў 1428. Паселішча належала вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. У розныя часы Асташынам валодалі Астрожскія і Чартарыйскія. Яну Булгаку — 135

Ян Булгак нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 у Асташыне. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. У 1905 ягонай жонцы падарылі фотаапарат. Падарункам зацікавіўся Ян. Гэта быў пачатак яго як аднаго з найвядомейшых фатографаў тагачасных Беларусі і Польшчы. У 1912 адчыніў фотаатэлье ў Вільні. Пазней заснаваў Польскі і Віленскі фотаклубы.

Вядомы як майстар пейзажнага фота. Працы Булгака захоўваюцца ў Вільні і Варшаве, невялікая частка — у Мінску.

Аўтар кнiг «Мая зямля» (1919), «Эстэтыка святла» (1936), «Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам» (1939), «Край дзіцячых гадоў» (1942), прысвечаная Наваградчыне. Памёр у 1950 у Варшаве.

Сямён Печанко, Асташын—Мінск

0
Luniz / Адказаць
06.10.2011 / 12:07
Цудоўны чалавек, сапраўдны беларус. З такімі не прападзем і калісьці непазьбежна адрадзім усю краіну.
0
Максим / Адказаць
06.10.2011 / 12:22
Какая красота на фотографиях.Владимир, спасибо за ваш труд. Дай бог вам здоровья и успехов в ваших нелегких начинаниях.За такими как вы - наше будущее.
0
ААА / Адказаць
06.10.2011 / 14:51
Трэба назву змяніць з Адноўленае гняздо Яна Булгака на Адноўленае гняздо Жывіцкіх Бо ад Булгака - там толькі старыя фотаздымкі.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру