63-гадовымаёр-памежнік у адстаўцы атрымаў 5 сутак арышту за распаўсюджванне ўлётак з запрашэннем прыйсці на Народны сход.

4 кастрычніка суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Урбановіч вынесла рашэнне па факце затрымання міліцыяй на вул. Ленінградскай намесніка старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 63-гадовагамаёра-памежніка ў адстаўцы Лявонція Чапурных.

Актывіст быў затрыманы 3 кастрычніка, прыкладна ў 16.30 і адведзены ў Маскоўскі райаддзел унутраных справаў, дзе на яго склалі адміністрацыйны пратакол — за распаўсюджванне запрашэнняў грамадзян на Народны сход, які павінен адбыцца 8 кастрычніка, а 13-й у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, што ва Усходнім мікрараёне. Улётка, дарэчы, была складзеная партыяй «Справядлівы свет».

У ёй, у прыватнасці, гаворыцца:
«Народныя сходы патрэбныя таму, што ўлады давялі Беларусь да сацыяльна-эканамічнага крызісу і паставілі на карту яе незалежнасць. Мы запрашаем на народныя сходы прадстаўнікоў уладаў: хай адкажуць, гледзячы людзям у вочы, як можна жыць на такія зарплаты і пенсіі?..

Хто вінаваты ў развале эканомікі і збядненні народа? Хто абяцаў стабільнасць і 500 даляраў заробку? Хто крадзе народныя грошы?..

Мы патрабуем спыніць рост цэнаў; індэксаваць заработную плату, пенсіі, стыпендыі ў адпаведнасці з ростам цэн; рублёвыя ўклады насельніцтва ў адпаведнасці з курсам рубля на 1 студзеня 2011 года; адмяніць сістэму прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў»…

Вядома, такія патрабаванні прыйшліся не да душы вартавым парадку,
чый прынцып застаецца ранейшым: «Трымаць і не пушчаць!» Таму ветэрана партыі і пагранічных войскаў затрымалі за тое, што ён, маўляў, агітуе за заклікі да правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства.

Яго прывезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе дазволілі зрабіць адзін тэлефонны званок старшыні гарадской партыйнай арганізацыі Людміле Дзенісенка, якая расказала пра яго змест: «На мяне складаюць пратакол, але сказалі, што цяпер адпусцяць і выклічуць ў суд на наступны дзень». Праз некаторы час з міліцыі патэлефанавалі дадому: «Ваш муж адпраўлены на адсідку ў ізалятар часовага ўтрымання».

Раніцай 4 кастрычніка партыйны лідар прыйшла ў суд, каб даведацца, калі будуць разглядаць справу Чапурных. Аднак суддзя Тацяна Урбановіч адказала, што не мае інфармацыі. Калі яна з калегамі сёння прыехала ў суд у 14.15, то высветлілася, што працэс ужо скончаны, і Лявонцію Чапурных далі 5 сутак адміністрацыйнага арышту з утрыманнем у ІЧУ Ленінскага РАУС.

— Яго асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП РБ — за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання. «Абсалютна з гэтым не згодная, — робіць рэзюмэ Людміла Мікалаеўна. — Паводле Закона РБ «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», мясцовыя сходы не падпадаюць пад Закон «Аб масавых мерапрыемствах». Гэтыя сходы праходзяць без дазволу ўладаў, дастаткова толькі сабраць подпісы 10% мясцовых жыхароў, якія пражываюць у найбліжэйшых да парка воінаў-інтэрнацыяналістаў жылых дамах па вул. Маскоўская, № № 267 / 3, 285, 287, 289, дамах № 11 па вул. Маладагвардзейскай, дамах № 35 па вул. Стафеева і іншых.

— Ці будзе затрыманы абскарджваць гэтае судовае рашэнне?

— Будзем прасіць праваабаронцаў дапамагчы нам. Але скажу сваё меркаванне.

У брэсцкіх раённых і абласным судах ніводнае нашае абскарджанне не было задаволенае.
Закон у нас проста не працуе. Два гады таму, калі ПКБ не дазволілі пікеты, мы дайшлі нават да Вярхоўнага суда, але і там нам адмовілі, паведамляе «Брэсцкі кур’ер».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?