Тацяну Беланогую можна заўважыць у натоўпе па вострым позірку. Такое ўражаньне, што яна глядзіць унутр цябе, калі сустракаесься зь ёй вачыма. Яна хутаецца ў даўгі шалік, хоць на вуліцы ня надта зімна, а калі заходзім у памяшканьне, просіць не ўздымаць жалюзі, бо «за вакном сумная восень». Свой новы дыск яна хацела назваць «Песьні сьляпой», але потым аддала перавагу іншай назьве — «Пабачыць сьвет». Магчыма, таму, што сама вучыцца на географа ў пэдагагічным унівэрсытэце і любіць вандраваць. Але сьпявачка ўкладае ў назву ня толькі гэты сэнс: «Падаецца, што амаль усе людзі сьляпыя, — амаль цытуе яна Біблію. — Бо так ім прасьцей жыць. І мне хочацца, каб сьляпая чалавечая душа перарадзілася ў душу, якая адчувае гэты сьвет». Улюбёная паэтка Беланогай — Яўгенія Янішчыц, а ўлюбёная сьпявачка — Кася Камоцкая. Ад першай яна ўзяла трагічную вобразнасьць, ад другой — выразнасьць эмоцыяў. «Я адчуваю сьвет, відаць, гэтак жа, як і Янішчыц», — кажа Тацяна. Ніводзін выступ яе не абыходзіцца безь песень на вершы гэтай паэткі. У свой новы дыск сьпявачка ўключыла песьню «Над хронікай 30-х гадоў», бо надта сугучная з нашым часам. З Камоцкай Беланогая ў сяброўскіх адносінах. Менавіта Кася параіла ёй узяць удзел у бардаўскім фэсьце «Ballada OPPA», які праходзіў у Варшаве ў сярэдзіне лістапада. Беланогая там узяла галоўны прыз і права бясплатнага запісу новага альбому. Гэта яе другая буйная перамога — два гады таму яна заняла першае месца на «Бардаўскай восені» ў Бельску-Падляскім.

Дзіва, але Беланогая стала сьпяваць выпадкова. Яна ня мае музычнай адукацыі і самастойна навучылася граць на гітары — сяброўка акорды паказала. Сьпявала спачатку па-расейску, аднак з узростам прыйшло ўсьведамленьне, што «ў нас павінны быць свае Янкі Дзягілевы і Аляксандры Башлачовы. Ня варта думаць, што ў суседзяў ёсьць свая культура, а мы да таго яшчэ не дарасьлі». Тацяна да гэтага прыйшла толькі ў васямнаццаць гадоў і цяпер марыць, каб яе дзеці мелі тое, чаго не было ў яе маленстве, — мову. Яна магла стаць лідэрам рок-каманды, аднак выбрала бардаўскі шлях: «Ня хочацца несьці адказнасьць, хочацца залежаць толькі ад сябе». Але яна не выключае, што ў будучыні стане рок-сьпявачкай. У яе нават песьня ёсьць, якая «Беларускі рок-н-рол» завецца. Яна выступае часьцяком дуэтам з гітарыстам Зьмітром Крамушчанкам. Засталося толькі прыдбаць рытм-сэкцыю. «Бардаўская песьня цяжэйшая для разуменьня, чым рок-музыка, — кажа Тацяна. — У бардаў мінімум інструмэнтаў, але яны бяруць іншым — там вялікі тэкставы прэс. І слухач мусіць няспынна думаць разам з музыкам». На яе думку, беларуская бардаўская песьня можа стаць папулярнай: «Я да таго прыкладу максымум высілкаў».

Сяргей Будкін

Пабачыць сьвет

Тацяна Беланогая, 2006, самвыдат

Гэты альбом пераможцы «Бардаўскай восені» (2002) і польскага фэсту «Ballada OPPA» (2006) — нібы глыток сьвежага паветра ў беларускай бардаўскай песьні. Лёгка ўгадваецца, хто паўплываў на сьпявачку. Але яна не прыпадабняецца і не плягіяціць. Беланогая ўзяла нешта ад Камоцкай, крыху ад Янкі Дзягілевай, прасякнулася паэзіяй Янішчыц і Сыса і стварыла сваё. У яе песьнях няма звыклай бардаўскай наіўнасьці — ёсьць рэдкая глыбіня. Яе песьні — ня проста набор прыгожых вобразаў і простых слоў. Яна тое перажыла і шчодра дзеліцца гэтым са сваімі слухачамі. У асноўным Беланогая сьпявае песьні на ўласныя вершы. Часам становіцца шкада, што яе песьні такія караценькія (ля дзьвюх хвілін): так хочацца разьвіцьця, а твор абрываецца. Мэлёдыі, зрэшты, як і вершы Беланогай, — лёгказапамінальныя. Так што, праслухаўшы раз-другі гэты дыск, ужо можна падпяваць. Для асобаў, схільных да пошукаў сябе ў сабе.

СБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0